Экс-кандыдат на выбарах прэзідэнта 2010 г., былы палітвязень Андрэй Саннікаў, які атрымаў палітычны прытулак у Вялікабрытаніі, назваў Віленскі мэмарандум беларускай апазіцыі «шкодным і небяспечным».

У інтэрв’ю Свабодзе лідар «Еўрапейскай Беларусі» заявіў, што арганізатары віленскай сустрэчы апазіцыі 3 лістапада не дапусцілі да перамоваў іх прадстаўніка.

Андрэй Саннікаў так патлумачыў, чаму ён не падпісаў Віленскі мемарандум:

«Я прафесійна глядзеў гэты мемарандум, і хачу сказаць, што так дакументы ўвогуле не робяцца. Той, хто яго чытаў, заўважыць, што гэта проста непісьменны дакумент, а я лічу, што ён яшчэ і небяспечны, бо там яшчэ ёсць рэчы, якія накіраваныя не на абарону незалежнасці Беларусі, а супраць.

Першае, што ў мяне выклікае пытанні, гэта калі згадка пра палітвязняў ідзе неяк ускосна. Я лічу, што зараз такая сітуацыя, што кожную сустрэчу трэба выкарыстоўваць для таго, каб патрабаваць вызвалення палітвязняў і пайменна ўсіх іх называць. Бо ідуць пэўныя гульні, каб кагосьці лічыць палітвязнем, а кагосьці не. Гэтым павінна пачынацца і заканчвацца любая сустрэча. Вось мы зараз сустракаемся з „Еўрапейскай Беларуссю“ ў Варшаве, абмяркоўваем усе пытанні, і першае, што мы абмяркоўвалі, — гэта пытанне па палітвязнях.

Другое — тое, што там кажацца пра самаізаляцыю Беларусі. Ведаеце, гэта дасягненне ўсіх палітычных сілаў, усёй апазіцыі, што ёсць самаізаляцыя дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі і няма самаізаляцыі Беларусі, бо і грамадскія дзеячы, і палітыкі сустракаюцца на самым вышэйшым узроўні з еўрапейцамі, амерыканцамі, з палітыкамі Расіі, Украіны.

Трэцяе — тое, што там кажуць пра тое, што трэба патрабаваць гарантый незалежнасці Беларусі. Быццам бы ніхто не ведае, што гэтыя гарантыі былі атрыманыя намі ў 1994 г. І я не думаю, што тыя, хто рыхтаваў гэты дакумент, не ведалі пра гэта. Я лічу, што гэта было зроблена наўмысна. Я б проста звольніў тых людзей, хто гэтым займаўся. Таксама там згадваецца аўтарытарны рэжым, а не таталітарны ці дыктатура і шмат іншых рэчаў. Я лічу, што мемарандум проста небяспечны. Падпісвацца пад такімі небяспечнымі рэчамі я проста не магу і з прафесійнага пункту гледжання, і з пункту гледжання маралі».

Паводле спадара Саннікава, шмат пытанняў падчас падрыхтоўкі мемарандуму знялося б, калі б прадстаўніку «Еўрапейскай Беларусі» не адмовілі ў праве прысутнічаць у нарадзе апазіцыі 3 лістапада ў Вільні.

Прозвішча гэтага прадстаўніка спадар Саннікаў не назваў.

Андрэй Саннікаў прадказвае, што ніякай каардынацыі паводле гэтага мемарандуму сярод тых, хто яго падпісаў, не будзе. Наконт далейшых кантактаў «Еўрапейскай Беларусі» з гэтымі структурамі спадар Саннікаў заявіў:

«Мы заўсёды працавалі з усімі, і ў нас ёсьць разуменне, што такое Рада БНР, мы заўсёды паважліва ставіліся да яе як да сімвалу нашай гісторыі, да таго органу, які павінен будзе сімвалічна зацвердзіць дэмакратызацыю і незалежнасць Беларусі ў блізкай будучыні, я спадзяюся».

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?