Цана соткі зямлі ў польскай Белавежы дасягае 2500 даляраў.

Ад моманту заснавання Белавежскага нацыянальнага парку гэтая тэрыторыя знаходзіцца ў ліку найбольш вядомых месц у Польшчы. Як паломнікі з’язджаюць у Белавежу прыхільнікі, а нават фанаты прыроды, навукоўцы, даследчыкі, гэтак званыя эколагі ці ўрэшце звычайныя турысты, вучні ляснога тэхнікума, вясельныя госці, удзельнікі больш ці менш афіцыйных канферэнцый. Можна было б працягваць пералік зацікаўленых прыездам у Белавежу, але варта звярнуць увагу на факт, што і даўнія жыхары, іх унукі і праўнукі стараюцца захаваць сабе частку спадчыны, у галоўным бацькоўскай зямлі.

Люба Аляксюк пасля амаль трыццаці гадоў працы на беластоцкай ткальні вярнулася ў Белавежу. Яшчэ ў сямідзесятых гадах пачала яна будаваць мураваны дом. Сімвал лепшага жыцця? Магчыма, але найважнейшае, што на бацькоўскай зямельцы. Хутка новы дом захінуў маленькую драўляную хатку, дзе Люба выхоўвалася са сваім братам. Сямейныя лёсы складаюцца па‑рознаму. Так і ў Любы адносіны з блізкімі не належалі да шчаслівых. Частку зямлі быццам прайгралі ў карты.

Тое, што асталося, трэба было для парадку падзяліць, а вялікай згоды і так не было. У канцы канцоў і сваёй часткай, і братавым куском занялася Люба. Яна ўдава, дзеці ў Беластоку, часам у бабці можна сустрэць унучка; яны ўдвух тут прапісаныя, але найчасцей Люба адна. Апошнім разам, калі гасцявала больш людзей, нагода была невясёлая. Спачатку хавалі яе брата, але вельмі хутка і браціху. На вечны адпачынак выбралі яны Белавежу. Кожны, здаецца, сам выбірае момант вяртання.

Сын Уладзіміра Валкавыцкага яшчэ не паспеў папраўдзе нікуды выехаць. Калі заглянуць на панадворак, увесь час круціцца, штосьці робіць. Якраз рамантуе стары хлявок, неўзабаве будзе тут лазня, бо турысты любяць дадатковыя ўцехі. Так, турысты — гэта часта галоўныя працадаўцы многіх жыхароў Белавежы, але ў выпадку спадара Валкавыцкага гэта не зусім так. Шмат гадоў працаваў ён чыноўнікам у розных установах, мае правы праекціроўшчыка, блізкая яму роля самаўрадаўца і заступніка белавежскай справы, якая звязана з будучыняй і развіццём гэтага месца.

Сапраўды, вялікі панадворак дзеліць паміж патрабаванні сваёй сям’і і турыстаў з розных куткоў зямнога шара. Ніколі ён не падумаў, каб прадаць хаця б кусочак бацькаўшчыны, але, як мне расказвае, быў час, калі людзі, лёгкай рукой падпісваючы паперу, прадавалі зямлю, каб вызваліцца ад падаткаў. Цяпер, калі бывае, што адзін квадратны метр зямлі каштуе нават восемдзесят злотых, астаецца перад усім жаль да самога сябе. Што тут такое важнае? Вартасць зямлі пералічаная на залатоўкі? А можа сентымент, любоў да зямлі? А можа проста свядомасць неакрэсленай вартасці, якая аднак дае ўпэўненасць, гарантыю стабільнай будучыні з пачуццём вернасці традыцыі і спадчыне, а з такім пачуццём нават лягчэй жыць.

Белавежа — гэтае слова нясе з сабой шмат асацыяцый, але і абазначае шматлікія супярэчнасці. Яшчэ пару гадоў таму галоўнай праблемай было акрэсленне абшару строгага запаведніка і магчымасцей карыстання звычайнымі жыхарамі белавежскіх лясоў багаццямі пушчы. Сёння палітыка захавання першабытнага стану пушчы ды праграма «Натура 2000» прыводзіць да штораз вастрэйшых дыскусій.

Вядома, адны хочуць займацца аховай старадаўняга лесу ў спосаб, можна б сказаць, абсалютны, другія — мясцовыя і прыезджыя інвестары ды прадпрымальнікі баяцца за магчымасці развіцця месца. Кожны павінен мець сваю жыццёвую прастору і шанц выкарыстання яе, але і двум бакам белавежскай барыкады прапаную ўспомніць выслоўе пра воўчы апетыт, які трэба кантраляваць.

Люба Аляксюк і Уладзімір Валкавыцкі — суседзі, якіх шмат у Белавежы, адным словам не першае пакаленне. Кожнае з іх выбрала сваю дарогу, лёс пэўна таксама паўплываў, што Валкавыцкія ў рамках «сямейнага бізнесу» разгортваюць свой агратурызм, а Люба Аляксюк на сваім кавалку зямлі надалей садзіць бульбу, як гэта было яшчэ пры маме, а ёй самой ужо семдзесят сем гадоў. Астаўся толькі той лапік бацькаўшчыны і, мабыць, проста моцная сувязь не дазваляе ёй пагадзіцца з тым, што паводле геадэзічнай ацэнкі сапраўдная мяжа між панадворкамі перасунулася каля аднаго‑двух метраў у карысць суседа і яшчэ не на поўнай даўжыні!

Пры аграмадным панадворку Валкавыцкіх справа таксама не ў грашах. Проста ў свядомасці некаторых бацькаўшчына — гэта неаднакратна частка нас саміх. Сёння стаіць тут вялікая мураваная агароджа, якая размяжоўвае, можна сказаць, два светы, асновай якіх з’яўляецца вера ў зямлю, яе сілу, прывязанасць да мінулага.

Проста, розняцца яны спосабам карыстання са спадчыны. Але калі глянем як цяжка купіць зямлю ў Белавежы, гэтых людзей можам лічыць шчаслівымі і заадно багатымі. Здаецца, ужо няма проста свабодных участкаў, а вялікая чарга пакупнікоў чакае іх... Таму ўсім жыхарам Белавежы жадаю моцнага здароўя і доўгага жыцця.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?