У сувязі з планамі будаўніцтва АЭС Беларусь можа моцна пацярпець у плане падтрымкі па гуманітарнай лініі

Мінск, 25 красавіка. У сувязі з планамі будаўніцтва ўласнай АЭС Беларусь «можа моцна пацярпець у плане падтрымкі па гуманітарнай лініі». Такога развіцця падзей не выключае дэпутат Вольга Абрамава.

Выступаючы 25 красавіка ў Авальнай зале Дома ўрада пры абмеркаванні ходу рэалізацыі органамі дзяржкіравання рэкамендацый леташніх парламенцкіх слуханняў на тэму «Чарнобыль праз 20 гадоў: вынікі і праблемы», В.Абрамава нагадала калегам аб тым, што Украіна атрымала «каласальныя сродкі ад міжнароднай супольнасці» на вырашэнне ў тым ліку і праблем умацавання існуючага саркофага над чацвёртым блокам ЧАЭС і стварэнне новага, «хаця самай пацярпелай краінай з’яўляецца Беларусь». «Мы наогул нацыя катастроф, — заявіла дэпутат. — Вазьміце, Вялікая Айчынная вайна. Як і ў яўрэйскай нацыі, у нас загінуў кожны трэці, але пра Халакост ведае ўвесь свет і дапамагае. У нас паўтарэнне — цяпер Чарнобыль. Таксама страшная беспрэцэдэнтная катастрофа. І канешне МАГАТЭ вельмі выгадна менавіта ў Беларусі пабудаваць атамную станцыю. Дык няхай хаця б нам за гэта заплацяць».

Развіваючы тэму намечанага будаўніцтва беларускай АЭС, В.Абрамава канстатавала: «І ніхто не адказаў мне на пытанне, ці ўлічваецца пры прыняцці такога рашэння беларускім урадам тое, што ядзернае паліва будзе даражэць з высокай дынамікай, тое, што мы па гэтым пытанні не адыходзім ад пытання энергетычнай залежнасці ўжо ў гэтым звяне — ад пастаўшчыка ядзернага паліва, а таксама, куды мы будзем хаваць адпрацаваныя ядзерныя адходы».

Як запэўніў парламентарыяў старшыня пастаяннай камісіі па праблемах чарнобыльскай катастрофы, экалогіі і прыродакарыстанні Віталь Кулік, прапрацоўка пытання будаўніцтва АЭС вядзецца Нацыянальнай акадэміяй навук «з улікам усіх фактараў <...>, якія прысутнічаюць пры будаўніцтве, эксплуатацыі, зняцці з эксплуатацыі і утылізацыі адходаў».

Фота photo.bymedia.net

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?