Заслужаны майстар спорту, шматразовы чэмпіён свету Віталь Гуркоў трапіў у тайскі бокс з… лялечнага тэатра. Нарадзіўся ў Сцяпянцы, рос сярод рабочых, быў добрым школьнікам і займаўся ў лялечным гуртку. Ляпіў з пластыліну забаўкі, вывальваў іх у муцэ і фарбаваў. У 12 гадоў пайшоў на баскетбол у школьную секцыю. На адной з першых трэніровак трапіў у бойку.

― Трэнер сказаў: «Хочаце біцца ― ідзіце на бокс». Я і пайшоў, ― узгадвае Гуркоў.

У канцы 90-х галоўнай байцоўскай зоркай Беларусі быў Дзмітрый Пясецкі, да якога Віталь воляй лёсу прыйшоў займацца ў клуб «Чынук».

― У групе пачаткоўцаў я не быў наймацнейшым. Але амаль усе пасыходзілі, а я застаўся.
Памятаю першыя спаборніцтвы: дайшоў да фінала, але мне адбілі нагу. Хадзіць было балюча, нага соўгалася. Але вырашылі выступіць. Трэнер узяў мяне, як шчанюка, і паставіў у рынг…

У тым двубоі Віталь перамог.

― У 16 гадоў я выступіў на чэмпіянаце Беларусі па тайскім боксе «па мужыках», ― апавядае Віталь.

― Памятаю, як сядзеў у раздзявалцы, супернікі падаваліся мне забойцамі. Аднак у гэтым чэмпіянаце я ўзяў першае месца
і прабіўся на першынство планеты ў Тайланд. Падчас першых баёў трыбуны на стадыёне ў Бангкоку не былі запоўненыя, і туды прывялі тайскіх школьнікаў. Пры росце ў больш як 180 см я меў вагу каля 60 кг і выглядаў як сухастой. Падчас майго выхаду на рынг гэтыя школьнікі пасмейваліся і паказвалі на мяне пальцамі. У першым раўндзе мне ўдалося выкінуць суперніка, славака, за канаты. І трыбуны сцішыліся… На тым чэмпіянаце я для ўсіх нечакана ўзяў золата.

Паступова Віталь падымаўся ў вагавай катэгорыі і стабільна перамагаў. Золата на чэмпіянатах планеты ён браў у вазе 60 кг, 63,5 кг, 67 кг, 71 кг.

Праз вялікі траўматызм тайскі бокс не ўключаюць у алімпійскую праграму, як, напрыклад, таэквандо. Але ў неалімпійскім відзе Гуркоў зрабіўся адным з самых папулярных байцоў Беларусі.

Каронкай Віталя Гуркова лічыцца клінч ― элемент барацьбы ў тайскім боксе (дазваляецца дужацца з супернікам, скручваць яго, біць каленямі). Аднак Гуркоў стаў чэмпіёнам Еўропы і па К-1 — баі, дзе клінч забаронены, а спартоўцы выступаюць без абарончай амуніцыі.

А яшчэ Віталь не прамінае магчымасці, каб папіярыць родную мову ці зрабіць яшчэ нешта карыснае.
І катэгарычна адмаўляецца выходзіць на рынг пад расійскім сцягам.

―Я не адчуваю сябе спартоўцам на 100%. Займацца тайскім боксам я некалі пачаў, каб пазбавіцца ад нейкіх комплексаў, страхаў. Хацелася б, каб я дапамог іншым людзям зрабіцца больш рашучымі.

Зірніце, як трэніруецца Гуркоў. Хлопцы, вы таксама так можаце.

А гэта адзін з ягоных баёў:

І другі:

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?