У Мінску паўтара года як працуе першая ў краіне лабараторыя сну на базе Рэспубліканскага клінічнага медыцынскага цэнтра Кіраўніцтва справаў прэзідэнта, шырока вядомага як «Лечкамісія».
На днях лабараторыя правяла навуковую канферэнцыю.

— Мы першыя адкрылі ў нашай установе лабараторыю сну і змаглі абследаваць і дапамагаць пацыентам дадзенай катэгорыі. І, вядома, нягледзячы на тое, што мы вельмі маладыя ў гэтым пытанні, нам усяго толькі паўтара года, нам удалося сабраць вельмі вядомых лектараў, прафесараў, якія да нас прыехалі з Масквы, з Грузіі, з Амерыкі. Мы спадзяемся, што яны падзеляцца з намі сваім вопытам, але і

ў нас ужо ёсць свае цікавыя навуковыя напрацоўкі, — сказала з гэтай нагоды ў інтэрв’ю тэлеканалу СТВ галоўная доктарка клінічнага цэнтра Ірына Абельская.

Старшыня неўралагічнага аддзялення лабараторыі Наталля Чэчык расказала «Нашай Ніве», што да іх паспела звярнуцца каля 250 пацыентаў.

Для беларусаў дыягностыка каштуе 922 тысячы рублёў, падбор лячэння дыхальных расстройстваў, звязаных з парушэннямі сну, — 923 тысячы.
Але калі браць дзве паслугі адначасова, на апошнюю дадуць зніжку ў 140 тысяч рублёў.
Бясплатна абследаванне могуць прайсці толькі супрацоўнікі Кіраўніцтва спраў прэзідэнта, але толькі ў выключным выпадку і толькі пасля рашэння лекарскай камісіі.

Паслугі цэнтра даволі папулярныя сярод замежнікаў: у цэнтры пабывалі 70 расейцаў, жыхары Прыбалтыкі, Чэхіі… Пры гэтым грамадзяне СНД заплацяць удвая больш за беларусаў, грамадзяне «далейшых» дзяржаў — утрая. Працы лабараторыі хапае: чарга на прыём распісаная да канца года.

Медычная дысцыпліна, што вывучае сон, завецца самналогія.
Нягледзячы на малады век беларускай самналогіі, гэтая медыцынская дысцыпліна актыўна і даўно развіваеца ў свеце.

У сваёй большасці, зямляне не высыпаюцца: толькі 49% спяць 8 ці больш гадзін у суткі, а 1 чалавек з пяці кожную ноч спіць менш за 6 гадзін. Прычыны бяссонніцы могуць быць розныя: ад інтэрнэт-залежнасці да захворванняў.

Самнолагі даказалі, што да парушэнняў сну трэба ставіцца сур’ёзна. Адна з найчасцейшых прычынаў няякаснага сну — апноэ, калі падчас сну ў чалавека наступаюць затрымкі ў дыханні (за ноч іх можа быць сотні, а агульны час удушша набліжацца да некалькі гадзін).
Пры гэтым арганізм не атрымлівае дастаткова кіслароду, якасць сну падае. Апноэ можа прыводзіць да хранічнай стомленасці, хваробаў сардэчна-сасудзістай сістэмы, скарачае жыццё на некалькі гадоў. Смяротнасць сярод людзей з цяжкімі формамі апноэ ў паўтара разу вышэйшая за здаровых людзей.

Лабараторыя сну адкрыла беларусам доступ да прафесійных самнолагаў, чаго бракавала раней. «Каб вылечыць апноэ ў сне, людзі самастойна ездзілі ў Расію, бо выявіць дадзенае захворванне можна толькі з дапамогай спецыяльнага маніторынгу, — кажа Наталля Чэчык. — Без яго можна толькі падазраваць апноэ».

Парушэнні сну — небяспечныя захворванні, ад якіх можа пацярпець не толькі хворы, але і людзі навокал.
Паводле дадзеных амерыканскіх даследчыкаў, 37,9% амерыканцаў хаця б аднойчы на месяц ненаўмысна засынаюць, а 4,5% засынаюць падчас кіравання аўтамабілем. Праз парушэнні сну здараюцца сотні аўтааварыяў ды няшчасных выпадкаў на прадпрыемствах. Вось як у мінулыя выхадныя пад Лоддзю (старонка 10). Санлівасць можа нават стаць прычынай тэхнагенных катастрофаў. У Беларусі ж на затрымкі дыхання падчас сну ды храп, адзін са «спутнікаў» апноэ, звяртаюць мала ўвагі і не ідуць да доктара, а прымушаюць храпуна перавярнуцца на іншы бок.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?