Што канкрэтна мае азначаць «новы курс» апазыцыі?

Маша Шрайбер vs Чарлз Дарвін

Два месяцы таму вучаніца 5‑й клясы сярэдняй школы ў Санкт‑Пецярбургу Марыя Шрайбер адмовілася хадзіць на ўрокі біялёгіі з‑за таго, што на іх выкладаецца тэорыя паходжаньня відаў.Тэорыя Дарвіна абражала рэлігійныя пачуцьці школьніцы. Ейныя бацькі падалі ў суд на органы адукацыі з мэтай, каб у школах нароўні зь біялёгіяй выкладалася біблійная тэорыя паходжаньня сьвету — так бы мовіць, на альтэрнатыўнай аснове. Суд быў прайграны. Маша Шрайбер разам з бацькамі зьехала з Расеі на эміграцыю — кажуць, кудысьці на Антыльскія выспы. Калі ў бацькоў ёсьць грошы, можна задаволіць любы дзявочы капрыз.

Аднак, многія дарослыя салідныя мужы падзяляюць погляды Машы. Асабліва калі гэтыя мужы належаць да царквы. Расейская праваслаўная царква на чале з патрыярхам Алексіем ІІ выступіла за абавязковае выкладаньне ў агульнаадукацыйных школах Сьвятога Пісьма. Як заявіў патрыярх, «ніякай шкоды ня будзе школьніку, калі ён будзе ведаць біблійнае вучэньне аб паходжаньні сьвету. А калі нехта хоча лічыць, што ён пайшоў ад малпы — няхай так і лічыць, але не навязвае гэта іншым».

Алексій ІІ амаль літаральна паўтарыў словы мітрапаліта Ўвядзенскага ў яго публічным дыспуце з наркампросам Луначарскім, які адбыўся больш за восемдзесят гадоў таму. Мітрапаліт тады сказаў, што калі ягонаму апанэнту падабаецца паходзіць ад малпы, дык хай так і будзе. А ён, мітрапаліт, лічыць сябе боскім стварэньнем. Пасьлядоўнікі наркампроса ды іншых бальшавіцкіх кіраўнікоў у далейшым «дыспуце» з царквой карысталіся зусім іншымі аргумэнтамі. На рэкамэндацыю Леніна яны расстралялі ці загналі ў канцлягеры большасьць сьвятароў, разбурылі і разрабавалі цэрквы.

Сучасныя камуністы — нашчадкі марксавай тэорыі рэвалюцыі як «лякаматываў гісторыі» — разам з праваслаўнымі атэістамі ходзяць у царкву па вялікіх рэлігійных сьвятах і хрыстосуюцца там са сьвятарамі. Гэта сьведчыць аб тым, што за апошнія восемдзесят гадоў у прыхільнікаў гістарычнага матэрыялізму адбылася пэўная эвалюцыя поглядаў. І што гісторыя, згодна з законамі дыялектыкі, рухаецца па сьпіралі.

Законы гэтыя, як вядома, маюць унівэрсальны характар. Прыкладна ў той самы час, калі ў Маскве адбываўся згаданы вышэй дыспут, у ЗША, у штаце Тэнэсі, адбываўся «малпавы працэс». Прыняты перад тым закон штата забараняў выкладаць «любую тэорыю, якая адпрэчвае гісторыю Боскага Стварэньня чалавека, якой нас вучыць Біблія, і вучыць замест гэтага аб тым, што чалавек пайшоў ад жывёлаў ніжэйшага парадку».

Школьнага настаўніка Скопса зь мястэчка Дэйтан, які абмяркоўваў з вучнямі тэорыю эвалюцыі Дарвіна, судзіў суд прысяжных. Яго абараняў вядомы адвакат Дароў, які давёў, што біблійную гісторыю аб стварэньні сьвету, як, напрыклад, і гісторыю пра Ёну, якога праглынуў кіт, нельга разумець літаральна. Фармальна суд прызнаў настаўніка вінаватым у парушэньні закону і прысудзіў яму штраф у 100 даляраў. Але была пададзеная апэляцыя, у выніку справа скончылася нічым. Ідэйная перамога засталася за адвакатам. А Дэйтан, дзе адбываўся суд, праславіўся на ўсю Амэрыку. Ёсьць вэрсія, што ўся справа была задуманая тамтэйшымі ўладамі, каб прыцягнуць увагу да мястэчка і надаць імпульс ягонаму разьвіцьцю.

Ці можа прэм’ер быць агностыкам?

Сёньня ў Амэрыцы, як і ў Расеі, зноў на самым высокім узроўні гучаць заклікі ўвесьці ў школах паралельна з навуковай біялёгіяй выкладаньне Бібліі. Справа не ў біялёгіі. Справа ў ідэалёгіі. Чытаць пра кветкі і падвіды птушак сумна. Нічога гераічнага і патаснага тэорыя Дарвіна вучням не падказвае. Яна вучыць разважаць і параўноўваць. Што ўжо само па сабе кепска.

Дыспут жа на ўзроўні «падабаецца паходзіць ад малпы — не падабаецца» выглядае бессэнсоўным. У адказ можна запытаць: няўжо амэрыканскі студэнт, які забіў трыццаць два чалавекі ва ўнівэрсытэцкім кампусе і сябе самога, выклікае больш сымпатыяў, чым любая малпа? Няўжо іншы забойца, які перад тым учыніў бойню ні ў чым не вінаватых і безабаронных сяброў хрысьціянскай абшчыны амішаў, заслужыў права называцца чалавекам?

І няўжо чалавек, як боскае стварэньне, мае права вынішчаць жывую прыроду, у тым ліку — тых самых малпаў, шмат відаў якіх засталіся ўжо толькі ў заапарках?

Але такія аргумэнты ня будуць пачутыя і ўлічаныя ў сучасным грамадзтве.

Як і той факт, што тэорыя эвалюцыі відаў не адмаўляе ідэю існаваньня Бога. Яна толькі зьняпраўджвае тэорыю катастрофаў, паводле якой жывёльны і расьлінны сьвет плянэты неаднаразова зьнішчаўся ў выніку геалягічных катаклізмаў, а потым узьнікаў наноў. Паводле Дарвіна, жывая прырода і супольнасьці жывых арганізмаў (экасыстэмы) — нашмат больш складаная рэч, чым гэта ўяўлялася да яго іншым навукоўцам. І дагэтуль уяўляецца многім людзям. У прыроды ёсьць шмат найтанчэйшых і найдасканалых мэханізмаў — зьменлівасьць, спадчыннасьць, барацьба відаў за выжываньне і іншыя, зразумець якія можна толькі шляхам цяжкай навуковай працы. Спачатку трэба карпатліва сабраць матэрыял, потым аб’ектыўна прааналізаваць яго. І толькі потым стварыць унутрана несупярэчлівую стройную тэорыю, якая, зноў‑ткі, правяраецца практыкай.

Дарвін, між іншым, не настойваў на тым, што ён адкрыў ісьціну ў апошняй інстанцыі.

Ягоны сучасьнік, таксама біёляг, Томас Гэксьлі, які шмат зрабіў для прапаганды дарвінаўскай тэорыі, быў яшчэ і філёзафам‑агностыкам. Гэксьлі, дарэчы, першым ужыў тэрмін «агнастыцызм». Агностык — гэта чалавек, які лічыць, што даказаць ці зьняпраўдзіць існаваньне Бога немагчыма ў прынцыпе. Прыхільнікі агнастыцызму не адмаўляюць існаваньня боскіх сутнасьцяў, але лічаць немагчымым дасягненьне абсалютнай ісьціны.

Агностыкаў, насамрэч, даволі шмат вакол нас. Але паспрабуйце ў прыстойнай кампаніі заявіць, што вы агностык. Вас, у лепшым выпадку, не зразумеюць. Калі выканаўца абавязкаў прэ’мер‑міністра Расеі Ягор Гайдар ужыў гэтае слова ў дачыненьні да сябе падчас тэлеінтэрвію — гэта паставіла канчатковы крыж на ягонай палітычнай кар’еры. Інтэлігент у Расеі нават меней, чым паэт. Гэта ізгой.

«Наперад, да фэадалізму!»

Насамрэч, апісаныя вышэй выпадкі маюць толькі ўскоснае дачыненьне да рэлігіі, філязофіі і тым больш — біялёгіі. Але яны маюць дачыненьне да палітыкі. Ці — як у выпадках з «малпавым працэсам» у Дэйтане і з Машай Шрайбер — да піяр‑кампаніяў.

А чаму пра іх успомнілася? У сувязі з тым, пра што пішуць апошнім часам апазыцыйныя выданьні пра беларускую апазыцыю. Зь Вільні нядаўна прыйшло паведамленьне, што лідэры дэмакратычных сілаў дамовіліся памяняць агульную стратэгію. А менавіта — перайсьці ад рэвалюцыйных мэтадаў да эвалюцыі і дыялёгу з уладай.

Цяжка сказаць, адкуль узялася гэтая інфармацыя. Наколькі вядома, ніхто з журналістаў на тым паседжаньні лідэраў апазыцыі за зачыненымі дзьвярыма не прысутнічаў. Дык ці правільна перадаецца сутнасьць тых дамоўленасьцяў? Але паколькі аб гэтым ужо многія пішуць, а з боку лідэраў няма зьняпраўджаньняў альбо тлумачэньняў, трэба думаць, што так яно і ёсьць. То бок будзем лічыць, што цяпер узяты курс на эвалюцыю.

Калі так, дык ці азначае гэта, што дагэтуль беларуская дэмакратычная апазыцыя йшла рэвалюцыйным курсам? Рэвалюцыя азначае скачок у разьвіцьці. Пад сацыяльнай рэвалюцыяй, паводле клясыкаў марксізму, маецца на ўвазе ня проста скачок, але пераварот, гвалтоўны захоп улады. Для гэтага, праўда, у грамадзтве павінны сасьпець перадпасылкі. Напрыклад — рэвалюцыйная сытуацыя. Ці ўзнікала ў Беларусі за апошнія дзесяць гадоў рэвалюцыйная сытуацыя? І ці быў хаця б намер у дэмакратычных партыяў захапіць уладу сілай? Альбо ня ўладу — хоць нейкі адміністрацыйны будынак: пошту, тэлефон, тэлеграф?

Калі ў некага былі ілюзіі на гэты конт, у сакавіку мінулага году яны павінныя былі канчаткова разьвеяцца.

Што ж тычыцца эвалюцыі, гэтая зьява, чаго б яна ні тычылася, мала залежыць ад волі асобных людзей. Гэта праваслаўныя крытыкі Дарвіна ў сучаснай Расеі лічаць, што сэр Чарлз быў масон, а ягоная тэорыя — частка сусьветнай жыдамасонскай змовы. З дарвінаўскай тэорыі як раз вынікае, што ніякія зьнешнія інфэрнальныя сілы эвалюцыю не выклікаюць і тым больш ёй не кіруюць. Эвалюцыя адбываецца паводле сваіх унутраных законаў. І ўсё.

Калі нехта з палітыкаў выступае пад лёзунгамі эвалюцыі, гэта нагадвае вядомы анэкдот. У старажытным Рыме адбываецца маніфэстацыя рабоў пад лёзунгам «Наперад, да фэадалізму!»

Калі ж падыходзіць да праблемы ўсур’ёз, дык хацелася б ведаць — што канкрэтна мае азначаць «новы курс» апазыцыі? Якія пытаньні яна прапануе вынесьці ў першую чаргу на парадак дня дыялёгу з уладай? (Калі сапраўды ёсьць такія пляны). Дзяржаўны лад? Сацыяльна‑эканамічную палітыку? Стан беларускай мовы і культуры? Дачыненьні з Эўропай і Расеяй?

А які мэханізм меркаванага дыялёгу? Ці гатовая да яго ўлада? Або яе давядзецца ўсё‑ткі прымушаць ісьці на дыялёг? Якім чынам? Мабыць, апазыцыйныя партыі ўсё‑ткі не зьбіраюцца адмаўляцца ад палітычнай барацьбы і масавых пратэстаў? Інакш якія ж яны партыі?

Гэтыя пытаньні далёка не рытарычныя. Справа ў тым, што журналісты, як і ўсе нармальныя грамадзяне Беларусі, хацелі б аднойчы зразумець, у якой краіне мы жывем, хто будзе ёй кіраваць у будучыні і ў які бок яна будзе эвалюцыянаваць. Разам з уладай і апазыцыяй.

А можа, лепей узяць прыклад з Машы Шрайбер ды паехаць куды‑небудзь на Антыльскія выспы, да дзікіх малпаў?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?