Чаму былая савецкая рэспубліка да гэтага часу карыстаецца рарытэтным вэб-браўзэрам? Адказ просты: сацыялізм, піша амерыканскае выданне The Atlantic.

Для пачатку трохі гісторыі. Opera — другі ў спісе самых старых дзейных браўзэраў у свеце. Калі нарвежскія распрацоўшчыкі выпусцілі яго ў 1996 годзе, ён выконваў тую ж функцыю, якую пазней пачалі выконваць Firefox і Chrome. Прапанаваўшы новыя функцыі, якіх не было ў цяжкавагавых лідараў, і магчымасці, якія спадабаліся кампутаршчыкам, Opera склаў сур’ёзную канкурэнцыю гіганту Internet Explorer кампаніі Microsoft і распрацоўшчыкам вэб-браўзэра Netscape.

Войны браўзэраў былі вельмі жорсткімі, і папулярныя функцыі хутка ператварыліся ў тавар.
Пачалася барацьба за сферы ўплыву. Internet Explorer, як правіла, усталёўваўся на камп’ютарах на базе Windows, да якой ён прыкладаўся гэтак жа, як Safari да прылад Apple. Chrome здабыў велізарную выгаду з інтэграцыі з Google, бо ўсё больш і больш людзей цяпер карыстаюцца электроннай поштай, рэсурсамі для захоўвання дакументаў і іншымі дадаткамі гэтага пошукавага гіганта. Firefox, агульнадаступны бясплатны браўзэр, прыцягнуў на свой бок людзей, якім спадабалася яго незалежнасць і шырокі спектр надбудоваў.

У адрозненне ад іх, усё, што нарвежская кампанія, якая стаіць за распрацоўкай Opera, можа прапанаваць, — гэта самы поўны набор функцый, якія яны могуць распрацаваць, і самую высокую хуткасць, якой яны могуць дамагчыся. Аднак, як высветлілася, гэта можа стаць найлепшай стратэгіяй у такой дзяржаве, як Беларусь, якая застаецца, па вялікім рахунку, сацыялістычнай краінай з адпаведнай інфраструктурай, уключаючы дзяржаўную манаполію ў сферы камунікацый Beltelcom. «Адна з асноўных прычын таго, што Opera мае значную долю на рынку Беларусі, заключаецца ў асаблівасцях інтэрнэт-інфраструктуры ў краіне: яшчэ некалькі гадоў таму яна была даволі слабой», — напісаў Эспен Андрэ Овердаль, мэнэджар па інфраструктуры Opera ў сваім электронным лісце, асабліва адзначыўшы тыя функцыі браўзэра, якія дазваляюць карыстальнікам працаваць з малюнкамі, а таксама іншыя дадатковыя магчымасці.

Глеб Кануннікаў, вэб-распрацоўшчык і дызайнер, які жыве ў Мінску, пацвердзіў словы Овердаля. «Дзяржаўная тэлекамунікацыйная кампанія па сутнасці вызначае мінімальны ўзровень цэнаў на доступ да інтэрнэту па ўсёй краіне… такім чынам, людзі эканомяць грошы, выкарыстоўваючы Opera, — піша Кануннікаў. — У гістарычным сэнсе гэта аказалася вельмі істотным фактарам, бо першы планы ADSL без абмежавання месячнага трафіку пачалі з’яўляцца толькі ў 2009–2010 гадах, і тады ў іх былі закладзеныя абмежаванні хуткасці».

Гэта датычыць не толькі стацыянарных камп’ютараў.

Любы чалавек, які хацеў карыстацца мабільным інтэрнэтам у Беларусі да 2010 года, павінен быў усталяваць Opera Mini, распрацаваны для тэлефонаў, якія не падтрымліваюць звыклыя вэб-браўзэры,
таму што ў 2010 годзе ў краіне з’явіліся першыя тэлефоны на базе Android, а iPhone пачалі прадавацца толькі ў мінулым годзе. «Opera Mini дазваляў любому чалавеку ўвайсці ў інтэрнэт з простага тэлефона і загружаць старонкі практычна бясплатна, — піша Кануннікаў. — Тое, што гэты браўзэр мае прасунутыя алгарытмы сціскання трафіку, азначае, што нават сёння людзі ўсё яшчэ выкарыстоўваюць яго ва ўмовах павольнага і дарагога мабільнага інтэрнэту — нават у прыладах на базе Android і iPhone».

Карацей кажучы, сацыялістычны рэжым Беларусі стаў прычынай таго, што самым папулярным зрабіўся браўзэр, у рабоце якога асабліва шануецца яго эфектыўнасць. І хоць яго канкурэнты (асабліва Chrome) ужо ў цэлым яго дагналі, нельга таксама забываць пра тое, што Opera у мінулым займала першыя пазіцыі па такіх функцыях бяспекі, як кадаванне інфармацыйнай плыні, што стала вельмі карысным ва ўмовах паліцэйскай дзяржавы.

Кампанія Opera зрабіла спробу выкарыстаць гэты поспех, заахвочваючы сваю супольнасць у Беларусі. У абавязкі Овердаля ўваходзіць праца з насельніцтвам, і Кануннікаў паведаміў, што кампанія займалася арганізацыяй адукацыйных мерапрыемстваў у Беларусі, на якіх гаворка ішла пра апошнія распрацоўкі ў галіне вэб-дызайну і кадавання, і нават дала яму і яго сябру невялікі грант на арганізацыю тэхнічнай канферэнцыі карыстальнікаў.

Тым не менш, кампаніі даводзіцца спадзявацца, што яе карані ў гэтай краіне дастаткова глыбокія, бо цана інтэрнэт-доступу зніжаецца — дзякуючы зноў жа эканамічным пралікам Аляксандра Лукашэнкі. Незадоўга да яго пераабрання ў 2010 годзе ўрад Лукашэнкі, спрабуючы заручыцца падтрымкай насельніцтва, падняў зарплаты работнікам дзяржсектара. Такі рост заработнай платы прыспешыў інфляцыю і прымусіў многіх грамадзян краіны, што баяліся грашовага крызісу, абменьваць беларускія рублі на даляры і еўра. У 2011 годзе інфляцыя дасягнула 109%, урад усталяваў кантроль за рухам капіталаў і атрымаў 3 мільярды даляраў фінансавай дапамогі. Урэшце ў дачыненні да даляра рубель абясцэніўся прыкладна на 189%.

«Па іроніі дэвальвацыя спрыяла зніжэнню цэнаў — гэта аказалася адным са станоўчых вынікаў эканамічнага крызісу 2011 года,
— піша Кануннікаў. — Нягледзячы на дэвальвацыю, цэны на паслугі Beltelecom не выраслі, каб у нейкай ступені аслабіць інфляцыйны ціск на эканоміку — але варта адзначыць, што яны атрымлівалі велізарны прыбытак».

Да прыкладу, як піша Кануннікаў, у 2009 годзе інтэрнэт-злучэнне хуткасцю 1 мегабіт у секунду каштавала 129 тыс. рублёў, або прыкладна 45 даляраў, пры гэтым сярэдняя месячная зарплата складала каля 342 даляраў. Сёння такі ж тарыфны план каштуе 59 400 рублёў, або 7 даляраў, а сярэдняя зарплата вырасла да 470 даляраў. Калі гэтая тэндэнцыя захаваецца, звышэфектыўныя вэб-браўзэры, такія як Opera, могуць страціць сваю перавагу. Аднак у гэтага браўзэра ёсць добрая фора.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?