Камітэт ААН па правах чалавека прызнаў парушэнні ў справе Уладзіслава Кавалёва. Адпаведнае рашэнне было прынята на сесіі 29 кастрычніка 2012, паведаміў праваабаронца Раман Кісляк.

Зварот родных Кавалёва быў дасланы ў Камітэт 14 снежня 2011 года. На наступны дзень яго зарэгістравалі. Як адзначыў Раман Кісляк, справа была разгледжана ў рэкордныя тэрміны — менш чым за год. А ў гісторыі Беларусі ёсць прыклады, калі справы разглядаліся амаль 10 год.

Праваабаронца агучыў шэраг прызнаных Камітэтам парушэнняў у часе следства і суда па справе Уладзіслава Кавалёва.

Камітэт прызнаў, што ў дачыненні да Кавалёва прымяняўся фізічны і псіхалагічны ціск з мэтай прымусіць яго агаварыць сябе.
Пра гэта падсудны заявіў у часе працэсу. Аднак ніякіх расследаванняў паводле яго заяваў праведзена не было, адзначаецца ў рашэнні.

У Беларусі адсутнічае практыка дастаўкі падазраванага ў суд для прыняцца рашэння аб меры стрымання. Такія функцыі ў нас выконвае пракуратура. Упершыню Кавалёў убачыўся з суддзёй праз 5 месяцаў пасля затрымання. На думку Камітэта, гэта непрымальна.

Тое, што Кавалёў у часе суду ўвесь час знаходзіўся за кратамі, з’яўляўся перад удзельнікамі працэсу ў наручніках, а таксама паводзіны дзяржаўнай прэсы, якая да вынясення прысуду назвала яго тэрарыстам, было расцэнена сябрамі Камітэту як парушэнне прэзумпцыі невінаватасці. Фактычна, адзначаецца ў рашэнні, Кавалёву яшчэ да завяршэння суду стварылі адпаведны вобраз.

Суд над Кавалёвым не быў незалежным, прызнае Камітэт. Хадайніцтвы яго адваката адхіляліся без грунтоўнай аргументацыі, у той жа час хадайніцтвы абвінавачвання задавальняліся ў поўнай меры.

Кавалёва судзілі ў Вярхоўным судзе, што аўтаматычна пазбаўляла яго магчымасці эфектыўнага абскарджання прысуду.

І гэта фактычна з’яўляецца парушэннем права на жыццё. Прызнанне гэтага парушэння Камітэтам — першы выпадак у гісторыі Беларусі.

Урэшце, афіцыйны Мінск адмовіўся прызнаваць будучае рашэнне Камітэта ўжо на момант рэгістрацыі звароту сям’і Кавалёва. Нібыта таму, што зварот быў зарэгістраваны няправільна: не былі вычарпаныя ўнутраныя магчымасці для абароны і адсутнічала даверанасць самога Кавалёва. Праваабаронца Кісляк тлумачыць, што, па-першае, не існуе працэдуры непрызнання падобных рэгістрацый, а па-другое, Любові Кавалёвай проста не далі атрымаць даверанасць.

Што азначае прыняцце падобнага рашэння для Беларусі?

Згодна Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах, падпісанага нашай краінай, рашэнне Камітэту па справе Уладзіслава Кавалёва мусіць быць афіцыйна апублікавана.
Акрамя таго, нашай краіне рэкамендуюць прыкласці намаганні, каб падобныя сітуацыі не паўтараліся. Сям’я Кавалёвых мае права на кампенсацыю за жорсткае абыходжанне: сакрэтнасць вакол працэдуры вынясення прысуду, нявыдача цела расстралянага і таямніца месца пахавання. Камітэт настойвае на адмене сакрэтнасці вакол працэдуры расстрэлу і пахавання асуджаных на смерць у Беларусі.
Аднак дзяржава не абавязаная выконваць рашэнні Камітэта, гэта справа добраахвотная.

Нагадаем, што 11 красавіка 2011 на станцыі метро «Кастрычніцкая» спрацавала выбуховае прыстасаванне. У выніку 15 чалавек загінулі, сотні былі параненыя. Вінаватымі ў тэракце былі прызнаныя Дзмітрый Канавалаў і Уладзіслаў Кавалёў. Яны былі асуджаныя да расстрэлу і прысуды выкананыя.

«Я толькі хачу рэабілітаваць сына ў вачах людзей»

Любоў Кавалёва перакананая, што сапраўдных выканаўцаў тэракту ніхто не шукаў і не шукае. «Сёння могуць любога прызначыць на ролю вінаватага і нават расстраляць. Цяпер ужо нічога не зменіш. Я толькі хачу рэабілітаваць свайго сына ў вачах людзей», — сказала Любоў Кавалёва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?