Рада Беларускае Народнае Рэспублікі

Прэзыдыюм

Зварот да беларускага народу

Атаўская газэта The Ottawa Citizen перадрукавала 10 сакавіка артыкул Джэрэмі Пэйдж з Times пад загалоўкам «Страх ахапіў Беларусь напярэдадні выбараў».

І тут мне прыпомніліся словы папы Яна Паўла ІІ. «Ня бойцеся», – казаў ён.

Усе тыраніі, усе дыктатуры абапіраюцца на страх. Страхам апраўдваюцца так званыя «моцныя» рэжымы, бо, маўляў, толькі «моцны» правадыр можа абараніць народ ад нутраных і вонкавых ворагаў. Калі ворагаў няма, трэба іх прыдумаць. Так былі прыдуманыя «агрэсіўная» Амэрыка дый найгоршыя з найгоршых – нашыя ўласныя «нацыяналісты».

У адсутнасьці аб’ектыўнай інфармацыі людзям ня бачна, што ўся гэтая прапаганда, якой прамываюцца іх мазгі ад часоў Сталіна, ня мае іншай мэты, як зрабіць зь іх застрашаных нявольнікаў, якія будуць працягваць казаць, як нашыя дарагія бабулькі: «абы вайны не было». Сталін зьнішчыў 20 млн нявінных людзей пад тлумачэньнем, што ён зьнішчае «ворагаў народу». (...)

Сёньня забараняецца чытаць вольную прэсу, канфіскуецца выбарчы матэрыял, арыштоўваюцца патрыёты, забараняюцца мітынгі выбаршчыкаў, канкурэнты Лукашэнкі не дапускаюцца да СМІ і зьбіваюцца. (...)

Калі Лукашэнка здолее зьдзейсьніць сваю задуму «саюзу з Расеяй», дзяржава нашая перастане існаваць, як яна перастала існаваць пасьля далучэньня да Расеі ў 1795 г.

Дарагія суродзічы, вы маеце права, як і ўсе людзі, жыць спакойна і шчасьліва ў сваёй уласнай дзяржаве, бяз страху, без тэрору. Вы маеце права працаваць самі на сябе, на сваіх дзетак, на сваіх унукаў. Вашыя суседзі прайшлі ўжо шлях да нармальнага стану жыцьця. Усе яны гатовыя вам дапамагчы. Адзін толькі сусед вам дабра не жадае, бо калі б жадаў, не падтрымоўваў бы дыктатара Лукашэнку.

Дык паўтару словы Яна Паўла – ня бойцеся!

Не давайце нікому адабраць у вас ваш голас. Не апускайце рук. Пакажыце сьвету сваю чалавечую годнасьць, каб Дзень 25-га Сакавіка стаўся назаўсёды ўсебеларускім Днём Волі.

Жыве Беларусь!

Івонка Сурвілла,

Старшыня Рады БНР.

Канада, 12 сакавіка 2006 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0