Аляксандр Лукашэнка адхіліў ад працы генеральнага дырэктара ААТ «Івацэвічдрэў» Барыса Міхнюка.
Кіраваць прадпрыемствам і наводзіць парадак на вытворчасці будзе Уладзімір Шульга, які да гэтага быў старшынёй канцэрна «Беллеспаперапрам». Такое рашэнне Лукашэнка прыняў сёння, наведваючы прадпрыемства.

Лукашэнку паказалі новы сучасны цэх па вытворчасці драўняна-стружкавых і ламініраваных пліт. Вытворчы працэс там цалкам аўтаматызаваны і адпавядае самым высокім сусветным стандартам.

Аднак яшчэ па дарозе на прадпрыемства Лукашэнка гледзеў з верталёта тэрыторыю старога завода ААТ «Івацэвічдрэў», які размешчаны непадалёк. Нават з паветра Лукашэнка разгледзеў там шматлікія прыклады безгаспадарчасці. Таму пасля наведвання новага цэха ён адышоў ад запланаванай праграмы і накіраваўся на стары завод, дзе выявіў крайнюю ступень беспарадку ў многіх вытворчых і бытавых памяшканнях.

Паўсюдна былі раскіданыя вытворчыя адходы, смецце, у некаторых памяшканнях былі выбітыя шыбы, не выконваліся элементарныя правілы бяспекі працы. Гутарачы з работнікамі гэтага прадпрыемства, якія спыталі, што будзе далей з іх заводам, Аляксандр Лукашэнка сказаў:

«Магу дакладна сказаць, такога завода, як цяпер, які месцамі ў сметнік ператварыўся, у вас сапраўды не будзе.

І гэта зробіце вы, магчыма, з новым дырэктарам.

Трэба заўтра ва ўрадзе разгледзець пытанне — Шульгу накіраваць сюды дырэктарам завода, пакуль не навядзе парадак. А старога мы звольнім з заўтрашняга дня, бо так ніхто не працуе».

Варта адзначыць, што «Івацэвічдрэва» апекаваўся прэм'ер-міністр краіны Міхаіл Мясніковіч. Ён не раз наведваў Івацэвічы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?