За пяць дзён у Мінску сабрана прыкладна 3,5 тысячы подпісаў за ўнясенне змяненняў у закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях». Пра гэта ў інтэрв’ю БелаПАН паведаміў юрыст мінскай царквы «Новае Жыццё» Аб’яднання абшчын хрысціян поўнага Евангелля ў Рэспубліцы Беларусь Сяргей Луканін.

Паводле яго слоў, пакуль не паступілі звесткі з рэгіёнаў аб ходзе кампаніі, якая пачалася 22 красавіка. «Аднак мы можам канстатаваць, што кампанія ідзе актыўна, бо пастар адной з цэркваў нашага аб’яднання ў Баранавічах (Брэсцкая вобласць) на днях быў запрошаны да намесніка старшыні гарвыканкама па ідэалогіі», — паведаміў юрыст.

Паводле яго слоў, арганізатары кампаніі разлічваюць сабраць не менш за 50 тысяч подпісаў пад адкрытым зваротам да кіраўніка дзяржавы, да Канстытуцыйнага суда, Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу з заклікам прывесці ў адпаведнасць з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь закон «Аб свабодзе сумлення і рэлігійных арганізацыях», што дзейнічае з канца 2002 года.

Як зазначыў С.Луканін, да кампаніі падключаюцца розныя дэнамінацыі хрысціянства, у тым ліку пратэстанты, католікі і праваслаўныя. «Так, на прэс‑канферэнцыі, праведзенай ініцыятарамі кампаніі ў сталіцы 25 красавіка, праваслаўны святар Свята‑Пакроўскай царквы айцец Аляксандр Шрамко (Мінск) падкрэсліў, што хрысціяне пазбаўлены законнай магчымасці збірацца па дамах для чытання Бібліі і малітваў, а таксама сутыкнуліся з вялікімі перашкодамі ў дзейнасці нядзельных школ. Паводле яго слоў, закон абмяжоўвае дзейнасць найбольш актыўных праваслаўных прыходаў, якія хочуць займацца місіянерскай дзейнасцю і пашыраць свой уплыў у грамадстве, — сказаў С.Луканін. — На думку ж епіскапа нашага аб’яднання Вячаслава Ганчарэнкі, галоўным крытэрыем дабрабыту грамадства з’яўляецца яго маральнасць. Епіскап упэўнены, што калі царква, скаваная палажэннямі дзейнага заканадаўства, аказвае недастатковы ўплыў на маральнасць грамадства, гэта прыводзіць да яго дэградацыі».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?