Грамадзяне Беларусі, якія жадаюць наведаць Палестыну, ня могуць зрабіць гэтага без дазволу ізраільскіх уладаў.

Пра гэта заявіў амбасадар Палестыны ў Беларусі Халед Арыкат, адказваючы на пытаньне, ці паўплываў канфлікт у рэгіёне на колькасьць беларусаў, якія выяжджаюць у Палестыну.

Халед Арыкат сказаў, што ўлады ягонай краіны ўважліва сочаць за тымі грамадзянамі Беларусі, якія зараз знаходзяцца на тэрыторыі Палестыны. «Мы робім максымум дзеля таго, каб яны былі там у бясьпецы і жылі нармальным жыцьцём», — сказаў Халед Арыкат.

Ён не назваў дакладную колькасьць беларусаў, якія зараз жывуць у Палестыне, зазначыўшы, што звычайна ў такіх выпадках кажуць пра «расейскамоўнае насельніцтва».

Таксама Халед Арыкат расказаў, што грамадзянін Беларусі, які хоча наведаць Палестыну, спачатку павінен зьвярнуцца ў палестынскую амбасаду ў Менску. Але дазвол на паездку даюць толькі ізраільскія ўлады:

«Мы знаходзімся пад кантролем Ізраілю. У руках Ізраілю і нашыя межы.

І таму мы ня можам даць дазвол на наведваньне Палестыны без дазволу ізраільскіх акупантаў. А яны ў многіх выпадках тармозяць нашыя звароты да іх».

У такім складаным становішчы знаходзяцца толькі грамадзяне Беларусі.

У бліжэйшых суседзяў, напрыклад, Расеі і Ўкраіны, такой праблемы наагул няма. Гэтыя краіны маюць з Ізраілем пагадненьні аб бязьвізавым перасоўваньні грамадзянаў.
І таму той жа расеец спакойна ляціць у Ізраіль, а адтуль пераяжджае ў Палестыну.

А вось Беларусь з Ізраілем дагэтуль падобнага пагадненьня не падпісалі, хоць размовы пра гэта вядуцца ўжо ня першы год. Палітоляг Андрэй Фёдараў кажа, што гэты працэс стрымлівае афіцыйны Менск: ​​«Тут, найхутчэй, справа ў матэрыяльных пытаньнях. Бо плату за візы атрымлівае дзяржава, а плацяць асобы. І таму я не выключаю, што беларускі бок проста не жадае страчваць тыя грошы, якія ён атрымлівае за гэтыя візавыя зборы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?