Мядзведзіроўка: ад пачатку і да канца.

Мядзведзіроўка: ад пачатку і да канца.

«Дыктатара можна ненавідзець, ім можна пагарджаць ці яго можна баяцца. Адзіная рэч, якую дыктатар не можа вытрываць — каб з яго кпілі,» — так пачынаюца першыя секунды відэавізітоўкі праекта «Мішкі па-над Беларуссю» шведскага піяр-агенцтва Studio Total, які атрымаў «золата» у прэстыжным конкурсе Epica Awards у катэгорыі «піяр».

Згодна з версіяй Studio Total, у скандальна вядомае агентства (менавіта яны спалілі 100 тысячаў шведскіх крон у пратэст супраць дыскрымінацыі па заробку на гендарных падставах) звярнуліся людзі, якія змагаюцца за права чалавека ў Беларусі і папрасілі Studio Total прыцягнуць увагу да сітуацыі ў краіне.

Шведскія піяршчыкі доўга думалі, як прымусіць свет размаўляць пра Беларусь, пакуль не ўбачылі артыкул пра Паўла Вінаградава і яго «цацачны мітынг»
(прэ гэтым на скрыншоце відаць, што ўбачылі на сайце «Хартыі’97»). Тады шведы прыдумалі, што трэба скінуць на Беларусь плюшавых мядзведзікаў з плакатамі ў падтрымку свабоды слова.
Але рэалізаваць ідэю ўдалося не адразу: пілоты не згаджаліся ляцець у Беларусь, бо ў Беларусі, як сцвярджае прапаганда, самая моцная супрацьпаветраная абарона ў Еўропе,
якая ўжо збіла ні ў чым не вінаватых амерыканскіх паветраплавальнікаў некалькі гадоў таму (дарэчы, самі пілоты прызналіся, што даведаліся пра амерыканскіх аэранаўтаў ужо пасля палёту). Праз гэтыя абставіны шведам з Studio Total прыйшлося самім купіць самалёт, навучыцца лётаць і рызыкнуць сваім жыццём.
Вынікі «мядзведзіроўкі», па меркаванні Studio Total, цалкам дасягнулі мэтаў: пра Беларусь загаварылі на BBC, Al Jazeera, CNN і NBC. Мядзведзікі доўга трымаліся ў топах беларускіх і расійскіх СМІ,
з’явіліся ў шматлікіх дакументальных стужках. Інцыдэнт «вымусіў Лукашэнку звольніць старшыню ВПС, старшыню Джяржпагранкамітэта ды іншых, а таксама спыніць продаж сістэмаў СПА Уга Чавесу». Апошняе сцвярджэнне сустракаецца, дарэчы, упершыню. Таксама акцыя шведаў зрабіла мядзведзіка сімалам пратэсту і змагання за свабоду слова ў Беларусі. У відэа гэта праілюстравана мядзведзікамі з плакатамі «Свабоду Сурапіну» без аніводнай згадкі ні пра Сурапіна, ні пра Башарымава.
Пафасная беларуская дыктатура сапраўды з тымі мядзведзікамі села ў галёш. Учора дзьмулі шчокі на парадзе, а назаўтра збіралі мядзведзікаў у дварах. Але пры гэтым у Studio Total перадусім удалася выдатная прамоцыя Studio Total.
Шведы скардзіліся, што летась амерыканская «свецкая львіца» Кім Кардаш’ян узгадвалася ў навінах мільёны разоў, у той час, калі беларуская апазіцыя — адно некалькі сотняў.
Затое сёння пошукавік Google па запыце Studio Total выдае больш вынікаў, чым па запытах «Belarus opposition» і «Kim Kardashian» разам.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?