МЗС Беларусі не ўтрываў, каб не пракамэнтаваць падзеі вакол манумэнта ў Таліне. Ну а БТ увогуле зрабіла з гэтага прапагандовы гіт — з прыцягненьнем вэтэранаў і г.д. Маўляў, паглядзеце на гэтую цы-ві-лі-за-ва-ную Эўропу: вандалы!

Сюжэт з тым помнікам, скажам так, неадназначны. І дыпляматы ня ўцягнутых у канфлікт краінаў ды прадстаўнікі міжнародных структураў стараюцца выказвацца далікатна. Так, са слоў добра вядомага нам ван дэр Ліндэна, "наяўнасьць у Таліне помніка савецкаму ваяру-вызвольніку ёсьць даволі двухсэнсоўнай, паколькі па-рознаму сымбалізуе хваравітыя моманты гісторыі дачыненьняў між Расеяй і Эстоніяй". А ва ўкраінскім дыпляматычным ведамстве, напрыклад, стрымана зазначылі, што гэта ёсьць ўнутранай справай Эстоніі.

Толькі ў Маскве пырскаюць сьлінай. Псыхоз нагадвае нядаўнюю кампанію супраць Грузіі. Расейскія сэнатары прапануюць Пуціну разарваць дачыненьні з Талінам. Актывісты пракрамлёўскага руху "Расея маладая" сьмела закідваюць эстонскую амбасаду фэкаліямі, балазе міліцыя не зважае. А Жырыноўскі палохае эстонцаў рэйдам пскоўскіх дэсантнікаў.

Ну, наконт дэсантнікаў ён пагарачыўся, канешне. Маленькая Эстонія пад дахам НАТА — як ў бога за пазухай. Нездарма так рвалася туды.

Дык вось, расейскі міністар Лаўроў заявіў, што гісторыя з помнікам адаб'ецца на стасунках Расеі і з Паўночнаатлянтычным альянсам, і з Эўразьвязам. У чым яны вінаватыя? А вось ня трэба было прымаць "у сваё ўлоньне краіну, што груба топча..." — ну і г.д. з патасам у голасе.

Такая лёгіка на ўзроўні дзіцячай сваркі ў пясочніцы паказвае, што Маскве абы нагода, каб закінуць Захаду падвойныя стандарты. Нездарма павеяла духам "халоднай вайны" ад заўчорашняга пасланьня Пуціна. Выбары на носе. Канфрантацыя з Захадам, хай сабе імітацыйная, разьвязвае рукі для ўжываньня ў сябе дома асабліва "кіраванай" дэмакратыі, каб гарантавана зладзіць апэрацыю "Пераемнік". Дарэчы, імаверны пераемнік Сяргей Іваноў яшчэ задоўга да кульмінацыі падзей вакол Бронзавага жаўнера заклікаў суайчыньнікаў не купляць эстонскія тавары. Можна спрачацца, наколькі ўзважанай была ўся гэтая задума тамтэйшых уладаў. Але ваяваць з прыбалтыйскімі шпротамі — сапраўды бліскучы ўзровень стратэгічнага мысьленьня для прэтэндэнта на кіраваньне ядравай дзяржавай!

Ва ўсякім разе, тэма нагняталася даўно і мэтанакіравана. Крамлёўская эліта сёньня ставіць на рэнэсанс шавіністычнага духу.

Але нашто афіцыйнаму Менску дзьмуць у маскоўскую дуду? Хіба некалькі месяцаў таму Беларусь не адчула ледзянога дыханьня энэргетычнае блякады, празь якую некалі прайшлі ў змаганьні за незалежнасьць тыя самыя прыбалты? Няўжо тут спадзяюцца, што за прапагандовыя высілкі Крэмль дасьць зьніжку на газ? :)

Ня кажучы ўжо пра тое, што знайшлі парушынку ў чужым воку. Каб хоць сотую долю таго імпэту — супраць вандалізму пад бокам, у Курапатах! А ці даўно там моладзь бараніла ад бульдозэраў магілы ахвяраў сталінізму? Але ж Сталіна чапаць нельга...

Затое з падзеямі ў Таліне наш МЗС разабраўся борзда. Нібы ўласнае расьследаваньне зладзіў. Безапэляцыйна сьцьвярджаецца, што дзеяньні эстонскай паліцыі супраць маніфэстантаў былі "неапраўдана жорсткімі" (у нас, пэўна ж, апазыцыю месяць "мякка"!). І што, маўляў, менавіта гэта прывяло да "эскалацыі гвалту і вулічных забурэньняў" (то бок, пакрыўдзіўшыся на ахоўнікаў правапарадку, можна рабаваць крамы ды курочыць легкавікі?).

Цалкам фабулу падзеяў вакол тога помніка ніхто беларускаму абываталю не распавядае. Бо калі распавесьці, як ёсьць: што плянаваўся ня знос, а перанос на вайсковыя могілкі, што Талін прапаноўваў Расеі прыняць удзел у перазахаваньні, а Масква ўвесь час наганяла градус, і г.д. — дык прапагандовая страшылка адразу паблякне.

А так — хай думае просты электарат, што палітычнае дзікунства квітнее дзе заўгодна, толькі ня ў нас. Так савецкіх людзей некалі "непакоіў Гандурас".

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?