Адразу заўвага. Сам сабе я абяцаў забіць у сэрца асінавы кол, калі яшчэ хоць раз што-небудзь напішу на гэтую тэму. Як вы разумеце, сваё абяцанне я не стрымаю. Бесхрыбетнік.

Артыкул Стасі Тэкоўскай «Чаму мне абрыдла быць беларускамоўнай» чакана выклікаў вялікую ўвагу. Усе артыкулы фармата «аёй-аёй» выклікаюць увагу, нягледзячы на той факт, что фабула ў іх аднолькавая. Калі хто не чытаў — гэта усё тая ж самая гісторыя цяжкога і поўнага выпрабаванняў жыцця маладога беларускамоўнага беларуса, галоўная праблема якога ці ў тым, што ён (яна) беларускамоўны, ці ў тым, што астатнія рускамоўныя.

Кожны год дасягае гэтай фазы новае пакаленне няшчасных сентыментальных і вельмі патрыятычных беларускіх дзетак і падлеткаў. Кожны з іх лічыць сваім доўгам перапісаць слова ў слова тое, што да іх пісалі і год таму і дзесяць таму. Аднымі і тымі ж фразамі пра адныя і тыя ж падзеі і спатканні (не выключана) з аднымі і тымі ж рускамоўнымі арганізмамі, якія нібыта не даюць ім спакойна жыць.

Нейкі дзіўны цыкл з кансерваторыяй напачатку і Сібірам напрыканцы.

Дзіцё спачатку даказвае сабе неабходнасць місіянерства на глебе беларушчыны, маральна рыхтуецца да пякельных пакутаў, начытаўшыся артыкулаў сваіх папярэднікаў і выходзіць у свет, гатовае памерці за айчыну але не гатовае жыць дзеля яе. Яны (дзеці) жывуць, пакутуюць, а далей, прыблізна у адзін і той жа час, пагалоўна прыходзяць да высновы, што ўзровень дыскамфорту іхнай жытухі абумоўлены выключна моўным пытаннем. Яны рэзюмуюць: «Я зрабіў усё, што мог. Вы забілі ўва мне беларуса».
Яны пачынаюць размаўляць па-руску і ўзровень дыскамфорту, натуральна ж, памяншаецца. Дзеці пераконваюцца ў тым, што мова была таму віной, пішуць чарговы фуфлыжны опус для сваіх нашчадкаў. Гэты пост перапублікоўваюць нават на НН, бо большай навіны за расчараванага падлетка цяжка сабе і ўявіць.
Сто каментаў. Усе ў роспачы. Кола замыкаецца і час чакае новага «пакалення lаst».
Пра што нядаўна таксама тут быў адпаведны тэксцік.

І мала каму з дзяцей прыходзіць у галаву простая думка:

каб не адчуваць дыскамфорт праз беларускамоўнасць, трэба вырашаць з яе дапамогай любыя пытанні, акрамя моўных.
Гэта па-першае. Па-другое, варта разумець, што адной быдлаватай кампаніі хопіць, каб сапсаваць настрой усім наведвальнікам пляжу. Лыжка дзёгцю настолькі працуе ў гэтай сітуацыі, што большасць наведвальнікаў пляжу вернецца дадому з адчуваннем таго, што толькі яны і былі нармальнымі людзьмі. А усе астатнія на пляжы валяліся п’янымі і пелі «валенкі».

Дзіця-беларус, вось табе чацьвертае чытанне.

Колькі людзей за тваё шматпакутнае жыцце наклалі табе ў душу па моўнай прычыне? 5, 6, 7? А колькі цябе пакрыўдзіла праз бытавыя праблемы? 10?20?100?

Але ты памятаеш толькі тых «ідэйных». Бо сам ты нічым, акрамя размоваў па-беларуску, не хочаш займацца. Цяжка напісаць добры верш. Добры раман. Аповесць, артыкул, песню. Лёгка напісаць пра цяжкую долю беларуса, бо гэта навідавоку і не патрабуе ані таленту, ані тэмы. Затое гэта гарантавана зацікавіць аудыторыю, якая складаецца з такіх жа самых захопленых і расчараваных падлеткаў. Паскардзіўся і зваліў. А наша культурнае поле папоўнілася яшчэ адным артэфактам, разглядаючы які нехта пераканаецца ў тым, што «тыя, хто размаўляе па-беларуску, не могуць рабіць нічога, акрамя як размаўляць па-беларуску».

Праблема нашай мовы не ў варожасці рускамоўных. Варожа настроеных рускамоўных, насамрэч, адзінкі і яны не робяць надвор’я. Праблема ў тым, што беларускую мову выбіраюць для сябе як доўгія валасы, касуху, фарбаваную чолку і намаляваную слязу.
Выбіраюць, каб выдзеліцца. Выбіраюць некаторыя апатычныя, дэпрэсіўныя, пустыя, злыя, псіхічна няўстойлівыя. Яны становяцца па чарзе эма, панкамі, хіпсцерамі, фанатамі. Яны збіваюца ў гурткі, клубы, суполкі, сайты. Але самае адстойнае ў гэтым — яны пішуць пра тое, як яны расчараваныя ў беларускамоўнасці. Іх настолькі шмат, што яны ствараюць дыскурс. Яны ствараюць інфармацыйныя прычыны. І мы абмяркоўваем іхны дэпрэсіўны унутраны свет як дадзенасць СВАЙГО жыцця.
Вы ведаеце, што парыжская Акадэмія навук ужо амаль 240 гадоў не прымае заяўкі на патэнтаванне вечнага рухавіка?

А вы ведаеце, чаму? Бо, кажучы па-людску, іх задаўбалі гэтымі заяўкамі. Яго (рухавік) нельга зрабіць. А раз нельга зрабіць, то не трэба, не трэба, не трэба дасылаць паперу ў патэнтныя бюро.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?