Падобна мусульманам у Заходняй Эўропе, расейскамоўныя жыхары Балтыі ня хочуць ці ня могуць інтэгравацца ў грамадзтва, арыентаванае на эўрапейскія каштоўнасьці. Піша Віталь Тарас.

Браты паводле розуму

Пісьменьнік Аляксандар Геніс у адным са сваіх твораў апісвае забаўны эпізод. Пасяліўшыся ў ЗША, ён перапісваўся са знаёмымі ў горадзе, у якім жыў перад тым, як эміграваць з СССР. Ягоны сусед-амэрыканец, аднойчы ўбачыўшы надпіс на капэрце, ня вытрываў і спытаў у Геніса: што гэта за арганізацыя зь дзіўнай назвай EESTI? Той патлумачыў, што гэтак завецца адна маленькая дзяржава ў Эўропе, побач з Расеяй. Сусед не паверыў – ня можа быць краіны з такой назвай. І сапраўды, Эстонія па-эстонску нагадвае ў напісаньні нейкую загадкавую абрэвіятуру. Напрыклад, SETI (міжнародны праект пошуку незямных цывілізацыяў).

Для беларусаў Эстонія за савецкім часам і была чымсьці накшталт іншаплянэтнай цывілізацыі. Ня проста «амаль што замежжам», як Літва, куды можна было паехаць цягніком на нядзелю, а нейкай фантастычнай эўрапейскай выспай на савецкай эўразійскай прасторы. Дзе жывуць суворыя, але справядлівыя хлопцы з паўночным характарам.

Мне давялося пабыць у Эстоніі толькі аднойчы – у пярэдадзень жнівеньскага путчу ў Маскве адпачываў разам з сям’ёй у Ранамызе. Праўда, скласьці ўражаньне пра Эстонію на падставе курортнага мястэчка на ўзьбярэжжы – усё адно, што меркаваць пра Латвію паводле адных толькі Дубултаў, ці пра Ўкраіну паводле ўражаньняў ад Ялты.

А вось Талін…Ніводзін з эўрапейскіх гарадоў, у якіх давялося пабываць, ня можа, па-мойму, параўнацца з Талінам у нейкай непраўдападобнай, амаль цацачнай прыгажосьці, чысціцні і адчуваньні нейкай унутранай свабоды напалам з утульнасьцю. Не магу ўявіць вуліцы Таліна, засыпаныя бітым шклом ад разгромленых вітрынаў разрабаваных крамаў, арматурай, кавалкамі бэтону, залітыя крывёй. І ўсё гэта ў мірны час. Кадры з эстонскай сталіцы нагадваюць Парыж, бунт арабскіх прадмесьцяў. Бунт, у якім галоўнымі героямі выступаюць падлеткі і маргіналы.

І тут ня толькі зьнешняе падабенства. І тут і там мы бачым, фактычна, канфлікт цывілізацыяў. Падобна большасьці мусульманаў у краінах Заходняй Эўропы, большасьць расейскамоўных жыхароў краінаў Балтыі ня хоча ці ня можа інтэгравацца ў грамадзтва, арыентаванае на эўрапейскія каштоўнасьці.

Ня стаўшы яшчэ цалкам эўрапейскім і цывілізаваным, гэтае грамадзтва ў сваю чаргу дыскрымінуе сваіх учорашніх «крыўдзіцеляў» – этнічных расейцаў. Паміж дзьвюма часткамі грамадзтва расьце мэнтальная сьцяна ўзаемнага неразуменьня і нецярпімасьці. А тут яшчэ «вялікі сусед» на Ўсходзе ніяк ня хоча прымірыцца з тым, што Літва, Латвя, Эстонія больш не «нацыянальныя ўскраіны» і ніколі імі ня будуць зноў. Хутчэй, Расея усё больш ператвараецца ва ўскраіну сучаснай цывілізацыі. І ад гэтага яе кіраўніцтва стараецца дробна помсьціць сваім суседзям—сябрам НАТО, пры кожным зручным выпадку.

Партыя дурняў

Усё гэта ніякім чынам, на мой погляд, не апраўдвае апошнія дзеяньні кіраўніцтва Эстоніі. У кожным канфлікце, нават на побытавым узроўні, заўсёды больш вінаваты разумнейшы і маральна мацнейшы. На ім ляжыць большая адказнасьць.

Ваяваць з магіламі – сама па сабе гнюсная справа. Нават калі на Тынісмягі пахаваныя ахвяры звычайнага дарожнага здарэньня (ёсьць вэрсія, што ля помніка савецкім воінам-вызваліцелям у Таліне пахаваныя некалькі савецкіх салдатаў, якія нападпітку трапілі пад савецкі танк), дык і ў гэтым выпадку шоў з дручкамі ў цэнтры гораду выглядае, як мінімум, непрыгожа.

Біць вітрыны таксама непрыгожа.

Але няўжо ўладам было няясна, да чаго можа прывесьці дэмантаж помніка, калі больш паловы апытаных жыхароў Таліна выступалі супраць гэтага?

І хто перашкаджаў ціха ды спакойна праводзіць археалягічныя раскопкі з мэтай ідэнтыфікацыі парэшткаў загіблых цягам папярэдніх 17 гадоў? Чаму менавіта зараз, праз 17 гадоў адноўленай незалежнасьці, эстонскаму ўраду спатрэбілася ў тэрміновым парадку пераносіць зьненавідны помнік савецкім акупантам?

Ніводзін чалавек, хоць крышку знаёмы з савецкай гісторыяй, ня будзе спрачацца з фактам савецкай акупацыі Эстоніі – і да вайны з фашысцкай Нямеччынай, і пасьля яе, з фактамі дэпартацыі эстонскіх грамадзянаў у Сібір, масавых рэпрэсіяў супраць эстонцаў (і ня толькі, як вядома, эстонцаў).

Але ж дэмантаваны помнік не камусьці з камуністычных дзеячоў, не савецкаму палкаводцу, не расейскім салдатам нават – салдатам савецкага войска самых розных нацыянальнасьцяў, якія воляю лёсу і гісторыі загінулі ў змаганьні зь гітлерцамі на тэрыторыі Эстоніі. Чым яны вінаватыя перад эстонскім народам?

І няўжо сумленьне ўсіх без выключэньня эстонцаў абсалютна чыстае перад гісторыяй? Эстонцы, напрыклад, як і прадстаўнікі іншых эўрапейскіх народаў, былі сярод тых, хто акупаваў Беларусь разам зь немцамі падчас другой сусьветнай вайны. Пра гэты факт я ведаю, дарэчы, ня з кнігаў, але ад свайго бацькі й дзеда, якія былі ў акупацыі.

Зразумела, праз 60 зь лішнім гадоў пасьля заканчэньня вайны варта было б перастаць дзьмуць у фанфары і бяздумна хваліцца перамогай, якая далася цаной такіх калясальных чалавечых ахвяраў. А самае галоўнае – даўно трэба паклапаціцца аб тым, каб знайсьці і пахаваць усіх ахвяраў вайны, каб увекавечыць іх памяць. І ня толькі савецкіх грамадзянаў.

На жаль, у Беларусі дагэтуль не прыняты закон аб упарадкаваньні магілаў нямецкіх жаўнераў. Гэта патрэбна ня толькі немцам. Гэта патрэбна народам, якія лічыць сябе пераможцамі ў другой сусьветнай вайне. Інакш гэта азначае, што вайна нікога і нічому не навучыла. Дый вялася яна, значыць, не дзеля перамогі гуманізму.

Але пра тое, як ставяцца да магілаў – і чужых, і сваіх – у суседняй Расеі гаварыць зараз ня варта. Таму што гэта ніякім чынам, зноў жа, не апраўдвае эстонскіх кіраўнікоў.

Некалькі гадоў таму на чарговых выбарах у парлямэнт Эстоніі прайшлі некалькі дэпутатаў ад афіцыйна зарэгістраванай Партыі дурняў. Гэта былі інтэлігэнтыя адукаваныя людзі з добрым пачуцьцем гумару, якія сваімі дэмаршамі высьмейвалі бюракратызм, ідыёцкія законы і правілы, якіх хапае ў кожнай сучаснай дзяржаве, выкрывалі некампэтэнтнасьць, а часам проста глупства некаторых палітыкаў. Ня ведаю, што сталася з той партыяй. Але тых дэпутатаў вельмі не хапае, мне падаецца, у цяперашнім эстонскім рыйгікогу. А можа, наадварот – акурат цяпер тая партыя атрымала перамогу над здаровым сэнсам?

Паляваньне на вядзьмарак

На вялікі жыль, мы бачым, як дзеяньні некаторых палітыкаў, абраных цалкам дэмакратычным шляхам у эўрапейскіх посткамуністычных краінах часам ставяць пад пагрозу ўсе папярэднія дэмакратычныя заваёвы. Здавалася, што гэткія парадоксы магчымыя толькі ў нас у Беларусі ці ў той самай Расеі, якія набылі свабоду пасьля 70 гадоў камуністычнага рабства і варварства. Але як выявілася, самі па сабе дэмакратычныя пераўтварэньні, уступленьне ў эўраатлянтычны альянс і нават Эўразьвяз, дэкамунізацыя і люстрацыя яшчэ не гарантуюць ад рэцыдываў бальшавіцкага мысьленьня і проста палітыканства.

Самы яскравы прыклад – спроба пазбавіць дэпутацкага мандату ў Эўрапарлямэнце прафэсара Бранслава Герэмка, легендарнага дзеяча «Салідарнасьці», бліскучага інтэлектуала, чалавека з бездакорнай рэпутацыяй, аднаго з выдатных прадстаўнікоў Польшчы. Ён адмовіўся запаўняць нейкую чарговую анкету, фармальна парушыўшы тым самым новы закон аб люстрацыях. Герэмэк пайшоў на гэта сьвядома, каб дапамагчы, паводле ягоных словаў, сотням сваіх калегаў – прафэсараў, літаратараў, мастакоў, якія жывуць у страху, якія прыніжана чакаюць ад дзяржаўных чыноўнікаў вырашэньня свайго лёсу, пераадолець страх і абараніць сваю годнасьць.

Справа не ў законе аб люстрацыях, які сам па сабе неабходны. А ў тым, каб чыноўнікі і палітыкі рознага рангу не маглі выкарыстоўваць яго ў сваіх вузкіх карысльвых мэтах і партыйных інтарэсах, у мэтах помсты й расправы.

Менавіта гэтая практыка дала падставы дэпутатам Эўрапарлямэнту з самых розных фракцыяў гаварыць аб тым, што ў Польшчы вядзецца «паляваньне на вядзьмарак» у духу макартызму. (На самым пачатку 50-х гадоў мінулага стагодзьдзя ў ЗША ў мэтах барацьбы з камунізмам і савецкім шпіянажам была створана адмысловая камісія начале з сэнатарам Макарці, якая вычышчала ўсіх падазраваных у спачуваньні камунізму з усіх сфэраў. Ахвярамі кампаніі сталі, сярод іншых, вядомыя галівудзкія рэжысёры, а таксама літаратары, навукоўцы, акторы і нават музыкі.)

Лідэр ультраправай каталіцкай Лігі польскіх сем’яў, якая ўваходзіць у кіроўную кааліцыю разам з партыяй «Закон і справядлівасьць» братоў Качыньскіх, віцэ-прэм’ер Раман Гертых заявіў нядаўна, што ў адносінах паміж Польшчай і Расеяй пачалася «ледавіковы пэрыяд». Гертыху, іншым польскім палітыкам, дый проста палякам ёсьць за што крытыкаваць сучасную Расею. І ня толькі за выкарыстаньне эканамічнага шантажу (як у выпадку з забаронай на імпарт польскага мяса) у палітычных мэтах. Расейскае кіраўніцтва ня хоча ўспамінаць пра ахвяры Катыні, а ахвяраў Галакосту польскага паходжаньня, якія былі вывезеныя ў гітлераўскія канцлягеры з тэрытырыі, акупаванай СССР, залічвае да савецкіх грамадзянаў. Тым самым рэвізуецца прызнаньне Пакту Молатава-Рыбэнтропа юрыдычна нікчэмным. Таго самага пакту, які зрабіў магчымым савецкую акупацыю краінаў Балтыі – у тым ліку Эстоніі.

Той самы Гертых у якасьці міністра адукацыі, падобна расейскім праваслаўным артадоксам, ваюе з тэорыяй Дарвіна, дамагаючыся забароны яе выкладаньня. А таксама з гомасэксуалістамі, пагражаючы карамі школам, якія дазволяюць у сябе выступаць геям-праваабаронцам.

Гэта ня значыць, што Гертых ня можа крытыкаваць палітыку Расеі ці сваіх палітычных апанэнтаў з Грамадзянскай плятформы або Дэмакратычнай лявіцы. Аднак у адданасьці ўлады, якую прэзэнтуюць людзі кшталту Гертыха, дэмакратычным прынцыпам і каштоўнасьцям даводзіцца моцна сумнявацца.

Нядаўна Аляксандар Лукашэнка на пытаньне адносна планаў вяшчання спадарожнікавага тэлебачаня на Беларусь адмахнуўся: бязглузьдзіца, няхай яны самі спачатку там у сябе разьбяруцца. Маўляў – перш, чым вучыць дэмакратыі іншых, разбярыцеся з дэмакратыяй у сваёй краіне.

Гэты дэмагагічны прыём у палеміцы зусім ня новы. Ім актыўна карысталіся за савецкім часам. Тым больш дзіўна і брыдка чуць у наш час папрокі на адрас ураду Эстоніі ці ЗША з боку кіраўніцтва Расеі, якое працягвае «спэцапэрацыі» ў Чачэніі і лупцуе дручкамі «нязгодных» ва ўласных гарадах.

Але ж нянавісьць да нашчадкаў савецкай імпэрскай палітыкі і праяваў нэасталінізму ў Расеі ці Беларусі не здымае адказнасьці зь лідэраў эўрапейскіх краінаў за ўласныя дзеяньні.

Як казаў Станіслаў Ежы Лец, «і рэспублікамі правяць голыя каралі».

Фота newsprom.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?