Футбольны клуб БАТЭ на сваім сайце пракаментаваў заяву старшыні праўлення ААТ «Газпрам» Аляксея Мілера наконт стварэння футбольнага чэмпіянату СНД.

***

Пасля вядомай заявы старшыні праўлення ААТ «Газпрам» Аляксея Барысавіча Мілера ў наш клуб паступаюць пытанні ад розных сродкаў масавай інфармацыі з нагоды прапанаванага стварэння чэмпіянату былых рэспублік СССР. Каб задаволіць звязаную з гэтым немалую цікавасць грамадскасці, ФК БАТЭ прыняў рашэнне выказаць сваё бачанне гэтай тэмы.

Перш за ўсё хацелася б адзначыць, што зараз адзіная агучаная пазіцыя зацікаўленых бакоў у гэтым пытанні — інтэрв’ю паважанага спадара Мілера і каментары нашых калег з расійскіх і ўкраінскіх клубаў. Іншых перадумоў да абмеркавання пытання пакуль няма.

У прынцыпе, стварэнне такой лігі цікава па азначэнні. Удзельнічаць у такім спаборніцтве, улічваючы сілу чэмпіянату Савецкага Саюза, было б прывабна для многіх каманд.

Аднак пры гэтым важна разумець ключавыя моманты — правілы ўдзелу клубаў у падобным турніры, прынцыпы ліцэнзавання, стаўленне УЕФА да турніру, умовы ўдзелу прадстаўнікоў розных краін СНД у еўракубках.
Калі гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя і атрымаюць канкрэтнае адлюстраванне ў рэгламенце спаборніцтвы, лічым, што з пункту гледжання развіцця беларускага футбола і інтарэсаў нацыянальнай каманды праект з’яўляўся б вельмі цікавым.

Цікавасць выклікае і магчымы патранаж буйной транснацыянальнай кампаніі, такі як «Газпрам».

Сёння структуры пад кіраваннем гэтай карпарацыі працуюць у розных краінах Еўропы. Прыкладам глыбокага пранікнення «Газпрама» ў футбол з’яўляецца той факт, што гэтая кампанія з’яўляецца спонсарам Лігі чэмпіёнаў, а таксама клубаў у такіх моцных спаборніцтвах, як нямецкая бундэсліга, англійская прэм’ер-ліга, чэмпіянаты іншых еўрапейскіх краін.
Пры гэтым неабходна адзначыць, што футбольны клуб БАТЭ лічыць неабходным улічваць інтарэсы ўсіх беларускіх клубаў.
Важна, каб нацыянальнае першынство ў выпадку запуску падобнага праекта не загінула, а маладыя айчынныя футбалісты мелі магчымасць расці і развівацца.

У іншых відах спорту аб’яднання такога кшталту ўжо існуюць — і не толькі ў СНД. Неаднаразова прапаноўвалася праводзіць турніры пад эгідай «G-14», існуюць хакейныя лігі — КХЛ і НХЛ, маса іншых утварэнняў. Таму фармат падобных спаборніцтваў неабходна абмяркоўваць з прадстаўнікамі розных чэмпіянатаў краін СНД.

Калі ўсе гэтыя пытанні будуць урэгуляваныя, можа атрымацца цікавае і самадастатковае спаборніцтва.
Але трэба разумець, што для таго, каб нешта пабудаваць, трэба асцярожна паставіцца да таго, што мы мелі да гэтага.
На сённяшні дзень футбольны клуб БАТЭ з гэтай нагоды ніякіх афіцыйных прапаноў не атрымліваў,
і мы каментуем сітуацыю выключна для таго, каб давесці пазіцыю клуба па дадзеным пытанні да СМІ з прычыны вялікай колькасці зваротаў па каментар па гэтай тэме. Калі афіцыйная прапанова паступіць, мы яе абавязкова разгледзім і абмяркуем з калегамі з Расіі, Украіны і іншых краін СНД.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?