Рэакцыі чытачоў на артыкул Сяргея Богдана «Перазагрузка Беларусі» аналізуе аўтар. (Гэты артыкул стаў самым папулярным і самым абмяркоўваным матэрыялам на сайце nn.by за мінулы месяц, сабраўшы каля 3000 прачытаньняў і 214 камэнтароў.)

Больш за дзьве сотні камэнтароў на «Перазагрузку Беларусі» — факт паказальнае цікавасьці да тэмы. Знаёмы маладэчанскі краязнавец трапна прыкмеціў — яшчэ гадоў дваццаць таму яму не было нават з кім паразмаўляць пра заняпад белкультуры, апроч Міколы Ермаловіча.

Белмоўныя знаходзяцца ў стане мабілізацыі — яны хочуць, каб было лепш, чым цяпер, а таму па азначэньні тое, што ёсьць сёньня, для іх — «кепска». Такая псыхалягічная ўстаноўка добрая ў кароткачасовых надзвычайных сытуацыях, але перашкаджае ў доўгатэрміновай пэрспэктыве, у прыватнасьці, пры ацэнцы і распрацоўцы стратэгіі. Яна вядзе да шкоднага канфрантацыйнага мысьленьня, маргіналізацыі ўласнае культуры і паўстаньня комплексу ахвяры.

Я прапанаваў чытачам параўноўваць стан рэчаў па больш аб’ектыўных крытэрах, што дазволіла б выпрацаваць рэалістычны плян дзеяньняў. Бо і вялізныя натоўпы барбараў цярпелі паразу перад дысцыплінаванымі рымскімі кагортамі.

Каму ў БССР было добра

«Няхай гэты аптыміст пачытае інтэрвію Балахонава, які прызнаецца, што яму няма з кім паразмаўляць па‑беларуску ў паўмільённым Гомелі», — хуценька азваўся на мой артыкул дыяспарны ўдзельнік форуму — Палівач з Тулы.

Але галоўны мэсыдж майго артыкулу быў ня ў тым, каб абвесьціць, што ў нас усё добра, а ў тым, што мы паступова дасягаем посьпехаў. Нават калі Балахонаву і няма з кім размаўляць у Гомелі (што сьведчыць, бадай, пра пераборлівасьць гэтага пісьменьніка), але ж яму ё дзе друкаваць свае творы і выпусьціць кніжку. Ці было б гэта магчыма да пачатку цяперашняга Адраджэньня?

На маю прапанову параўнаць савецкія выданьні і кніжкі апошніх гадоў, Палівач запярэчыў: «Я пакладу для параўнаньня тэлепраграму 70‑х, і яна пераважыць усе вашыя кніжкі тыражом у 50—300 экзэмпляраў».

Але ж застаюцца акурат кніжкі, хоць бы і маланакладовыя, а ня тэлепраграма, што выкінецца праз тыдзень.

Палівачу запярэчыў і Міхал: «Навошта параўноўваць тэлепраграмы, калі ў 70‑х нават у вялікіх вёсках былі ліквідаваныя беларускія школы, ... кагэбісты на допытах выкрыўляліся, што беларускамоўных патрыётаў можна зьмясьціць пад адзін каўпак. Сёньня беларускамоўнага знойдзеш практычна паўсюль».

Яго падтрымаў Яўген: «Палівач, нагадайце мне, якія вартыя ўвагі і сапраўды беларускія перадачы былі ў 1970‑я гады!? Хіба што «Вецер вандраваньняў» ды «Запрашаем на вячоркі». Навіны ні пра што, толькі дыктар гаварыў па‑беларуску. У параўнаньні з тымі гадамі цяпер — росквіт беларускасьці. Тады беларускасьць увогуле не разглядалася грамадзтвам як вартая ўвагі зьява».

На заяву Палівача, што ён меў у 1970‑х гадах шыкоўныя беларускія выданьні, Ёпс адказаў: «Тады вы «Рабінзона» прачыталі, а цяпер Вашы дзеткі ўжо і «Алесю ў дзівоснай краіне» могуць прачытаць у шыкоўным перакладзе па‑беларуску. Прагрэс ёсьць. І тое, што мы цяпер гэта робім ужо ня дзякуючы Маскве, КПСС і мудраму правадыру, а насуперак — таксама знак часу, і хутчэй пазытыўны».

Мікола ж мяркуе, што «Адраджэньне было штучна прыдушанае». Але «беларуская культура не скарылася, тысячы людзей розных этнічных каранёў шчыруюць на беларускай ніве, разумеючы, што Беларусь павінна разьвівацца як эўрапейская нацыя».

Самаробныя рэзэрвацыі

Галоўная бяда — гэта псыхалягічная загнанасьць белмоўных, якая шырока выявіла сябе падчас абмеркаваньня. Так, Звычайны хлапец кажа пра «беларускае апазыцыйнае падпольле». Маўляў, «беларускамоўныя ў нашай краіне — як старыя індзейцы цяпер у ЗША — жывуць у рэзэрвацыях, вакол усе размаўляюць на чужынскай мове, а хто маўляе на сваёй — выклікае зьдзіўленьне».

Палівач падхоплівае: «У адрозьненьне ад 70‑х (калі яна была вясковай — як тут пішуць) мова маргіналізавалася, і цяпер ні вясковая, ні гарадзкая. Ні рыба, ні мяса». На гэта варта заўважыць, што індзейцаў у рэзэрвацыі заганялі, а некаторыя нашыя суайчыньнікі апусьцілі галовы самі, апяваючы «няўдачы». А сказана ж «мова — дом Быцьця».

Але й жывы дух пра сябе заяўляў. Абазнаны дэкляраваў: «Я — за пазытыў! Тое, што беларуская мова перастала ўспрымацца як вясковая — вялікае дасягненьне. Хто мае дзяцей і хоча, каб яны размаўлялі, не саромеючыся, на роднай мове, зразумеюць мяне. Ня трэба, каб большасьць размаўляла па‑беларуску. Трэба, каб пераважная бальшыня насельніцтва, нармалёва, без уздрыгаў успрымала беларускую фанэтыку і збольшага разумела лексыку».

Размаўляйце, і вас зразумеюць.

Моўныя мэтамарфозы

Палівач слушна гаворыць наконт дэрусіфікаванага стандарту белмовы: «Пакажыце мне хоць бы адзін паўнаварты слоўнік гэтай «новай літаратурнай мовы», які дазваляе ёй «апэраваць». Але ён забываецца, што фармаваньне моўнага канону завяршаецца, а не пачынаецца складаньнем такога паўнавартаснага слоўніка. Калі, вядома, не ідзецца пра моўную інжынэрыю, як, прыкладам, Саветы былі парабілі русіфікаваныя слоўнікі для малых народаў яшчэ да таго, як тыя напісалі свае раманы.

Да ўніфікацыі схіляюцца многія, у тым ліку С.см., бо мае «сумневы наконт пазытыўнасьці існаваньня разнабою ў правапісах. Адпалохвае гэта, або проста зьбівае з толку. Асабіста мяне не задавальняе ні тарашкевіца, ні наркамаўка, ні дзеясловіца. Я гатовы прыняць правапіс, які будзе вынікам усіхнага кансэнсусу. Адзін правапіс патрэбны, і чым хутчэй мы да гэтага прыйдзем, тым лепш».

Яго падтрымлівае Domus: «На сёньняшні дзень у мове робіцца бардак. Тэндэнцыя, калі калькі і запазычаньні з расейскай мовы замяняюцца іх польскімі аналягамі, — гэта шлях у тупік».

Ня толькі мова

Не размаўляй на мове акупантаў зазначае: «Наш абавязак шанаваць і карыстацца нацыянальнай мовай не дыскутуецца. Але ёсьць рэчы ня менш важныя для нацыі, чым мова маўленьня. Гэта — рэлігійныя, палітычныя а эканамічныя правы і свабоды грамадзянаў. Эканамічныя праграмы лідэраў апазыцыі надзвычай цьмяныя, лукавыя, калі наагул ёсьць. Як будзе разьмеркаваная нацыянальная ўласнасьць на зямлю, прадпрыемствы, нерухомасьць? Падобна, што «апазыцыйныя» прэтэндэнты на «Дом калхозьніка» маўкліва пагадзіліся з намэнклятурным раскраданьнем нацыянальнага багацьця і салідарна называць гэта прыватызацыяй».

Ня млявы падтрымлівае гэтую думку: «Рамантычная зацыкленасьць профі‑беларусаў ТОЛЬКІ на мове — прычына пэрманэнтных паразаў. У апазыцыі адсутнічае ясная палітычная крытыка сацыяльнай несправядлівасьці рэжыму. Баюся, што калi цуд здарыцца [апазыцыя пераможа], то мы ў першую чаргу ўбачым ня росквiт нацыянальнай сьвядомасьцi, а росквiт банкаўскага махлярства й бандытызму».

Карацей, увага на эканоміку.

Вёска і мова

Камандныя вышыні мадэрнай дзяржавы даўно знаходзяцца ў гарадах. Лёс беларушчыны цалкам залежыць ад гораду. Вядома, многія зь беларусаў маюць яшчэ сантымэнты да вёскі. Палівач мяркуе, што дагэтуль белмова «захавалася толькі дзякуючы таму, што яе носьбіты гэтыя стагодзьдзі былі несьвядомыя і неадукаваныя. Дапамагла пратрымацца і беларусізацыя 20‑х, калі непісьменных сялян вучылі па‑беларуску. Цяпер сытуацыя мяняецца. Беларускамоўная вёска вымірае. І ўсё. За ёй нікога». На гэтым тле посьпехаў дасягае «расейскамоўная беларуская нацыя».

Але, паводле Ёпса, беларускі праект далёка не завершаны. «Ён нават ва ўкраінцаў яшчэ не завершаны, а мы ад украінцаў адстаём на гадоў 50. Лукашэнка вам падаецца кашмарам, бо вы ня бачылі Сакалова, Панцеляймона Панамарэнку і губэрнатара Курлова».

Пратэстуе і Алесь Юркавец: «Даўно ўжо нідзе вёска ніякай ролі ў нацыябудаўніцтве не адыгрывае. У нас галоўная ейная роля была — у захаваньні мовы і традыцыйнай культуры ў неспрыяльнай сытуацыі, зь якой яна справілася. Тыя людзі, якія трымаюцца беларушчыны сёньня, — людзі збольшага гарадзкія. І будуць трымацца свайго незалежна ад далейшага лёсу вёскі. А пашырацца будзе база беларушчыны тады, калі людзі будуць бачыць: беларуская мова — гэта мова высокай культуры. Што тычыцца таго, якая культурная мадэль перамагла, то канчаткова гаварыць пакуль рана. Бо расейскамоўная масавая культура пашыраецца ў тым ліку празь яе навязваньне дзяржавай. У яе няма стымулу да паляпшэньня якасьці, а ў нас — ёсьць. Калі складзецца сытуацыя вольнай канкурэнцыі — мы, калі сёньня не апусьцім рукі, будзем да гэтага падрыхтаваныя, яны — Бог ведае».

Палівач не здаецца: «Якая б вёска ні была, але яна захоўвала натуральную мову і культуру. Цяпер вёскі няма. І горад мовы не пераняў. Мовай карыстаецца абмежаванае кола (на вялікі жаль, да гэтага кола належыць шмат неадэкватных людзей, для якіх мова проста спосаб выдзеліцца). Трэба рэальна глядзець на рэчы».

Цікава, што ў гэтыя ж дні Някляеў пэсымістычна заяўляе на старонках віленскае «Свабоды»: «Традыцыя падтрымліваць дзяржаўную беларушчыну зьнікла, сьвядомасьць іх [чыноўнікаў] абсалютна расейская, яны ўжо праз пакаленьне адарваныя ад зямлі і бацькоўскай вёскі. Яны вырасьлі ў горадзе, у якім няма аніякай культуры». Вясковыя комплексы ў нашае нацыі — надта жывучыя!

Аднак Aлесь Юркавец упэўнены: «Масава горад яшчэ [мовы] не пераняў, але і сьмерці мовы пасьля зьнішчэньня беларускай вёскі не адбылося. Ведаю значную колькасьць беларускамоўных, якія чыстыя гараджане ці мелі зь вёскай мінімальныя сувязі. Што датычыць шырокага распаўсюджаньня мовы, то пакуль палітычныя ўмовы гэтаму не спрыяюць. Але ж так будзе не заўсёды, і пра гэта сьведчыць недалёкая гісторыя. Яшчэ ў пачатку 1991 г. мала хто бязь зьедлівай усьмешкі мог успрымаць словы, што хутка СССР разваліцца і Беларусь стане незалежнай. Але гэта адбылося. Так і з Лукашэнкавым рэжымам. І тады могуць адкрыцца новыя магчымасьці і для беларушчыны. Пасьпяхова іх рэалізаваць можна пры ўмове, што мы зараз створым неабходную аснову. Зь неба гэта ўсё ня зваліцца, гэта ствараецца карпатлівай, часам няўдзячнай працай, не за адзін дзень, год і нават дзесяцігодзьдзе. Беларусізацыя пачатку 1990‑х г. фактычна грунтавалася на пяску, бо тагачасная беларуская культура была аж занадта зрошчаная зь вёскай (пры перавазе ўжо гарадзкога насельніцтва) і небеспадстаўна ўспрымалася вельмі многімі як аўтсайдэрская. За 15 гадоў усё зьмянілася, і цяпер белмова праточваецца ў тыя сфэры, дзе раней была манаполія расейшчыны (цяпер — гегемонія, але ўжо не манаполія). Ідзе працэс будаваньня трывалага падмурку нацыі».

Палівач лічыць зьняпраўджанай даўнейшую стратэгію Сяргея Дубаўца пра тры складнікі беларушчыны: «Мова, Вёска, Вільня». Ён заўважае: «Хочацца спытаць: ну, і дзе вёска? Дзе Вільня, якую літоўцы за дваццаць год пераварылі амаль цалкам. Дзе мова?» Яму адказаў Алесь Юркавец: «Дубавец таксама можа памыляцца. Вёска сапраўды сышла, Вільня — ня больш як сымбаль, але мова жыве. Не паўнакроўным і не паўнавартасным яшчэ жыцьцём, але тым ня менш. Хоць у хаўтурныя званы білі яшчэ ў пачатку ХХ ст. Цяпер набывае сілу цяжкі і даволі павольны працэс крышталізацыі нацыянальнай эліты, які пачынаўся на працягу мінулага стагодзьдзя некалькі разоў і перапыняўся нялюдзкім гвалтам. Ня ўсё адразу».

У дзяржаве ці па‑за ёй?

Але эліта ня можа чакаць на дзяржаву. Pan Brudas наўпрост перасьцерагае: « Калі нечага няма — зрабі сам або дапамажы зрабіць таму, хто робіць. Хацелася б больш і хутчэй — зрабі. Інакш спадзяваньні застануцца толькі спадзяваньнямі».

Аднак С.см. цьвяроза адзначае: «Галоўнае пярэчаньне — што мы зможам разьвівацца без дапамогі дзяржавы. Цяпер сяк‑так выходзяць кніжкі ды часопісы. Але скажам, дашкольная ці школьная адукацыя (справа, па сутнасьці, якраз дзяржаўная) — дык там бяда. Безь дзяржаўнай падтрымкі нацыянальнага (найперш беларускамоўнага, але ня толькі) наўрад ці што атрымаецца. Хто як не дзяржава (ня маю на ўвазе лукашэнскі калгас) мае падтрымаць сыстэмай грантаў — нацыянальнае кнігавыданьне, папулярызацыю белкультуры».

На думку Алеся Юркаўца, «дзяржаўная беларусізацыя будзе мець посьпех, калі будзе ісьці гаворка пра замену адной разьвітай мовы іншай, таксама разьвітай. І пакуль мы ня можам мець уплыву на дзяржаўную палітыку, трэба ўсебакова разьвіваць беларушчыну і прасоўваць яе ў розных сфэрах без дапамогі дзяржавы. Прыгадайце пачатак 1990‑х, не ідэалізуючы таго часу. Шмат добрых ідэяў, а магчымасьцяў іх рэалізацыі — вобмаль. Напрыклад, было прапанавана вывучэньне замежнай літаратуры перанесьці ў курс беларускай літаратуры і выкладаць на белмове. А перакладаў на беларускую мову няма. Хуценька хтосьці пераклаў, на якасьць ня гледзячы — няма калі. А пасьпех — курам на сьмех. Можа каго прыцягнуць такая беларусізацыя? Можа, прыведзены выпадак і падасца драбніцай, але ён — тыповы, і ў іншых сфэрах гэта яшчэ больш адчувалася. Пакуль мы ня можам праводзіць беларусізацыю, трэба ўжо цяпер рыхтаваць пад яе ўсю неабходную базу, каб пасьля не кідацца ў перапалоху і не завальваць напрамак за напрамкам».

У цэлым Алесь згодны, што прагрэс ёсьць, нават безь дзяржавы. «Галоўнае — беларускасьць разьвіваецца незалежна ад дзяржавы і любыя палітычныя зьмены паўплываюць на яе разьвіцьцё толькі станоўча. Горшай дзяржаўная палітыка наўрад ці можа быць, а да цяперашняй мы прыстасаваліся і ня толькі выжываем, але і пашыраемся. Калі наступная ўлада будзе нам хоць бы не замінаць, усё выбухне. Плыні пад лёдам не відно. Перад маімі вачамі прабегла шмат людзей, якія да беларушчыны гарнуліся, размаўлялі па‑беларуску, а пасьля стамляліся і актыўнасьць зьмяншалі. Цяпер яны белмовай не карыстаюцца, але ж гэта ня значыць, што яе цалкам забыліся. Прыйдзе час — і беларускамоўных стане болей. А да таго часу тым, хто сябе беларушчыне ахвяраваў, трэба напружана працаваць, каб рабіць яе сучаснай і прывабнай. У кожнага народу былі цяжкія часы, у якія больш залежала не ад народу, а ад эліты. Савецкіх часоў зь іх беларускамоўнымі праграмамі мне ані трохі не шкада. Менавіта ў тыя часы беларуская мова была выціснутая на пэрыфэрыю грамадзкага жыцьця. Толькі камуністы былі майстрамі па прыкрываньні фігавымі лісточкамі. Дзеля таго сёньня можна пачуць, як Машэрава, пры якім былі зачыненыя беларускія школы ў гарадах, прапануюць Лукашэнку як узор стаўленьня да нацыянальнай культуры».

Малыя справы — вялікая будучыня

Калі немагчыма разьлічваць на рэсурсы дзяржавы, варта зьвярнуць увагу на велізарны патэнцыял малых праектаў. Згодны з Гы нагадвае, што нешматлікая «першая «Наша Ніва» стварыла перадумовы для дзяржаўнасьці беларусаў. Цяперашнія незалежныя СМІ стварылі базіс для ператварэньня Беларусі ў нацыянальную эўрапейскую дзяржаву. Гаворка пра таго, хто зьмяняе, а не пра таго, хто большы! Хрысьціянаў таксама было мала, але іх ідэі мелі калясальны патэнцыял. Так і цяперашнія незалежныя СМІ, гуманітарыі і творцы маюць калясальны патэнцыял для нацыятварэньня. Яны патэрны закладаюць. «ARCHE» мае малы тыраж, але гэта фантастычна працаёмкі базіс пад мэтадалягічна сучасную беларускую гуманітарную навуку. Прыклад з Глёбусам мо ня самы ўдалы, але сутнасна правільны. Глёбус, Арлоў, Хадановіч і астатнія зьмянілі стратагему беллітаратуры — не вясковая, не крытычна‑рэлістычная і не завязаная на каляніяльную адміністрацыю».

Ігар Кузьмініч падсумоўвае: «Мала людзей размаўляе на‑беларуску. Але яны ёсьць. Мала выдаецца твораў па‑беларуску, але яны выдаюцца, і самае галоўнае — яны запатрабаваныя. Трэба пашыраць беларускамоўнае атачэньне ў тых умовах якія ў нас ёсьць сёньня, а ня ў тых, якія б мы хацелі мець. Дзяржаву і супольнасьць будуюць нават ня столькі на плошчах, але ў першую чаргу ў сьвядомасьці, у інстытуцыяналізацыі супольнасьці, у фармаваньні і пашырэньні каштоўнасьцяў. Спачатку трэба падрыхтаваць супольнасьць і сацыяльную базу для палітычных зьменаў, а потым праводзіць гэтыя зьмены. Калі спатрэбіцца, то і на плошчы».

Кіты беларускага акіяну

Каб падрыхтаваць базу на зьмены, патрэбны сыстэматычны падыход, якога беларускім лідэрам часам бракуе. Замест таго яны аддаюць перавагу дарэфлексіўным, эмацыйным формам. Гэтым вызначаецца рэакцыя Зянона Пазьняка, які для крытыкі зачапіўся за маю абсалютна выпадковую падборку «кітоў» сёньняшняй белкультуры. Пазьняк: «Усё гэта можна ўспрыняць толькі як жарт, асабліва пра «кітоў». Гэта нейкі мазахізм, збочанасьць у мазгах. Беларуская культура трымаецца на Купалу, на Коласе, на Быкаве, на Багдановічы, на Барадуліне, Разанаве, Бураўкіне, Някляеву... Словам, вялікае трымаецца на вялікім, трывалае — на трывалым, нацыянальнае — на нацыянальным. Шчыра кажучы, мяне часам палохае гэтая багемнасьць, гэтая другаснасьць думаньня сярод чумы».

Мая падборка «кітоў» магла быць зусім іншай, але ішлося пра сёньняшнюю культуру і пра тое, каго рэальна згадваюць, цытуюць, пераймаюць у творах і жыцьці маладыя людзі. Я не жыву ў нейкім своеасаблівым адраджэнскім акварыюме дый браў для прыкладу звычайнае моладзевае асяродзьдзе, Volkskultur, а ня Hochkultur.

С.см. скептычна адцеміў: «Кітоў у нас ня выгадавалася. Не «НН» кіт — а саўбелка ды камсамолка‑таўстушка, а Глёбуса пераплюне якая Наталья Батракова». Гы: «Саўбелка — гэта анiяк ня кiт, а празьмерна надзьмуты балёнiк».

С.см. працягвае: «Кіты адыходзяць. Адамовіч, Адамчык, Быкаў, Брыль. Перад імі — Мележ, Караткевіч, Стральцоў. Такіх не прыйшло пакуль. А што стварылася новае пакаленьне творцаў — таксама ўсё адносна. Падышоў да паліцы — палова беларускіх кніг, што маю, выдадзена ў першай палове 90‑х. У Барыса Пятровіча мара — павыдаваць тых, хто ў 90‑х падаваў вялікія надзеі — і зьнік зь літаратурнага жыцьця. Спытайце ў Пятровіча — пару дзясяткаў назаве».

Ляма нязгодны: «Вольскі, Арлоў, Булгакаў, Сіліцкі, Мілінкевіч, Хадановіч — ніяк ня меншыя кіты, чым Стральцоў, Пазьняк, Адамчык, Мележ. Сіла новага пакаленьня — што яны, у адрозьненьне ад Адамчыка ці Мележа, зусім не ідуць на кампрамісы і вельмі адкрытыя сьвету».

Пакаленьне амонаўцаў і маладафронтаўцаў

Сяргей Харэўскі наважыўся ацаніць мой тэкст як своеасаблівы маніфэст новага пакаленьня: «Тое пакаленьне беларусаў, для якога незалежнасьць РБ — гэта ўся іх сьвядомая біяграфія, якое ўвайшло ў самастойнае жыцьцё за гэтым рэжымам, мае сваю візію падзеяў і глядзіць на сваю будучыню ў нашай краіне аптымістычна і патрабуе права голасу ў незалежным грамадзтве».

Палівач парыруе: «А ў лукамоле якое пакаленьне, спадар Харэўскі?» На гэта рэагуе Чавілап: «А ў «Маладым фронце» якое пакаленьне?».

Я таксама не адказваю за сваё пакаленьне. Але ўсё часьцей ганаруся ім. У ім ёсьць і АМАПаўцы, і Зьмітры Дашкевічы, але сьвядомы супраціў вышэйшы і мацнейшы за аўтаматычнае выкананьне загадаў. Ён — застанецца.

* * *

У беларускай супольнасьці, як у любой нармалёвай, пануе плюралізм думак. Пакуль ён віруе ў рамках альтэрнатыўнага грамадзтва, але, дасьць Бог, неўзабаве выплюхнецца на шырэйшыя прасторы, туды, дзе ён мусіць быць — у органы дзяржаўнай улады і мас‑мэдыі. Гэта ўмова нармалізацыі нашага жыцьця. Мала радасьці быць сытым, але прыгнечаным маральна і духова. «Для чалавека пачцівага няма нічога даражэйшага за вольнасьць».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?