У нядзелю, 29 красавіка, у менскай кавярні «Добрыя Мысьлі», адкрылася выстава майстра выцінанкі, мастака й фатографа з Ружанаў, Юр'я Малышэўскага.

Юры Малышэўскі нарадзіўся ў Сібіры ў 1956 г., у сям’і вайскоўца. На шчасьце, у раньнім дзяцінстве патрапіў на радзіму бацькі, у прыгожае мястэчка Ружаны на Берасьцейшчыне, былую рэзідэнцыю князёў Сапегаў, дзе й жыве па сёньняшні дзень.

У 1960‑я гады я вёў гурток маляваньня у Ружанскім доме піянэраў. Тады й пазнаёміўся зь Юрам. Потым нашыя жыцьцёвыя шляхі разышліся, але я не пераставаў сачыць за ягонымі посьпехамі ў мастацтве і радавацца ім. Юра скончыў ружанскую дзесяцігодку, адслужыў у войску й увесь час маляваў, удасканальваючы тэхніку, займаўся жывапісам, разьбою, скульптураю. На пачатку 1970‑х ён пазнаёміўся й пасябраваў з пробашчам Ружанскага касьцёла Сьв. Тройцы Міхалам Варанецкім. А Міхал Варанецкі ды яшчэ Вячаслаў Дубінка на той час былі адзінымі майстрамі ў Беларусі, якія займаліся адраджэньнем мастацтва выцінанкі. Юра Малышэўскі стаў наступным. Яго захапіла выцінанка, яе даступнасьць, яе тэхнічныя магчымасьці. I прыйшлі першыя посьпехі.

Ягоныя творы ахвотна купляюць госьці Ружанаў з Польшчы й Расеі, Бэльгіі й Японіі, Швэцыі ды Ірляндыі, а нават з экзатычнага Мадагаскару. Адбыліся й пэрсанальныя выставы: у Пружанах, Кобрыні, Пінску й у Берасьці. У 1986 г. Юры скончыў маскоўскі народны унівэрсітэт мастацтваў, а ўжо ў 1987 г. атрымаў мэдаль ляўрэата выставы народнае творчасьці ў Маскве, на ВДНГ, сёньня мае цэлую калекцыю дыплёмаў і граматаў, атрыманых на розных фэстах, конкурсах і аглядах народнага мастацтва.

Што ж спрыяла й спрыяе ягоным творчым посьпехам, акрамя прыродных здольнасьцяў і нястомнае працавітасьці? Безумоуна, ружанскае асяродзьдзе. Некалькі выдатных помнікаў архітэктуры й адзін толькі велічны легендарны палац Сапегаў варты асобнае вялікае гаворкі, цудоўныя краявіды, гістарычныя мясьціны й паданьні Ружаншчыны. I, канечне, яе людзі. Усё гэта натхняе мастака на стварэньне нечаканых вобразаў, цікавых сюжэтаў, арыгінальных кампазыцыяу.

Сёньня Юр'ю Малышэўскаму за 50. Ён сябра Беларускага саюза народных майстроў, бацька дарослых дзяцей. Ужо 15 гадоу кіруе дзіцячай студыяй народнае творчасьці, займаецца рэстаўрацыяй інтэр’ераў навакольных касьцёлаў і цэркваў, любіць Ружаны, выдатна ведае іх гісторыю, зьбірае й захоўвае ўсе, што зь імі зьвязана.

І выцінае з паперы карункі з ружаў, аблокаў, дрэваў, вежаў, краявідаў Ружанаў.

Уладзімер Крукоўскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0