Нататка пра "Маніфэст" Сініцына і Парфяновіча выклікала на сайце "НН" прагназавана эмацыйную рэакцыю. Гэта як зьмяю ў мурашнік кінуць :-) Так што абмяжуюся цалкам рацыянальнымі развагамі з выкарыстаньнем вынікаў бліц-апытаньня, якое зладзіў сярод калегаў.

Зразумела, што "Маніфэст" — гэта своеасаблівы адказ на патрэбу Масквы фармаваць тут, як сказаў Караганаў, прарасейскую эліту. Але наколькі сур'ёзны адказ?

На думку палітоляга Андрэя Фёдарава, ініцыятары не выглядаюць настолькі харызматычнымі, пэрспэктыўнымі ў сэнсе раскруткі пэрсонамі, каб на іх ставіў Крэмль. Хутчэй што гэта самапрапанова. Між тым расейскаму кіраўніцтву не настолькі прыпякло, каб весьціся на прапановы з сумнеўным вынікам. "У Крамля выбары на носе, і беларускае пытаньне для яго зусім не на першым пляне", — кажа Андрэй Фёдараў.

Сапраўды, у харызматыкі названых асобаў залічыць цяжка. Звыш таго, колішняя праца Сініцына на чале адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі таксама не выглядае моцным момантам палітычнай біяграфіі для, скажам так, альтэрнатыўнага палітыка (апазыцыянэрамі аўтары маніфэсту называцца катэгарычна ня хочуць). Нарэшце, электарату прозьвішча Сініцына сёньня ўвогуле мала пра што гаворыць. Парфяновіч таксама страціў значную частку вядомасьці — і як колішні дэпутат-франдзёр з групы "Рэспубліка", і як вясьляр-алімпіёнік.

Палітоляг Уладзімер Роўда таксама лічыць, што ў Крамлі не настолькі нерацыянальныя людзі, каб рабіць менавіта такі пэрсанальны выбар.

Аналітык Валер Карбалевіч зьвяртае ўвагу на такі момант: "Амаль што няма электарату, які б выступаў за "братнюю інтэграцыю", але супраць Лукашэнкі". Так што ў аўтараў маніфэсту, што адначасна хочуць выглядаць вялікімі інтэгратарамі і антыподамі Лукашэнкі, — як ні парадаксальна, практычна няма электаральнага грунту. Яскравай ілюстрацыяй стаў нядаўні мітынг пад падобнымі лёзунгамі, зладжаны Скрабцом. Як кажа Карбалевіч, "сабраліся два дзесяткі, уключна з журналістамі ды спэцслужбістамі".

Ён адзначае, што за 15 гадоў незалежнасьці ў нашай краіне так і не сфармавалася моцная плынь панславісцкага кшталту. "Славянскі сабор "Белая Русь" некалі ня здолеў нават перарэгістравацца праз брак асабовага складу... Куды болей жывучай, падкрэсьліў Карбалевіч, выглядае акурат нацыяналістычная апазыцыя, хоць менавіта яе і трушчаць. Так што моц ідэі "сапраўды братняй інтэграцыі" — ілюзорная.

Зрэшты, можа, мы дарэмна грувасьцім такія глыбакадумныя канцэптуальныя вэрсіі? Анатоль Лябедзька мяркуе, што маніфэст Сініцына — Парфяновіча прадыктаваны ня столькі ідэйнымі меркаваньнямі, колькі меркаваньнямі палітычнага бізнэсу.

Так ці іначай, маніфэст фактычна лье ваду на ўладны млын. Па-першае, сьвядомая апазыцыя зараз будзе доўга і з асалодай адцягвацца на выкрыцьці здрадніцкіх ідэяў. Такая зручная ды бясьпечная нагода паказаць сваю сьвядомасьць! :-) Па-другое, на тле такіх ініцыятыў афіцыйнаму лідэру толькі ямчэй паўставаць тытанам, што бароніць незалежнасьць як ад нахабнага дзядзькі Сэма, так і ад Крамля з Лубянкай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?