«Беларусь - не нейкі капрыз Грузіі, гэта фундаментальнае пытанне, і гэтае пытанне будзе вырашана вызваленнем беларускага народа і канчатковым аб’яднаннем Еўропы», - заявіў прэзідэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі вечарам 16 сакавіка на прэс-канферэнцыі ў Тбілісі, паведамляе Інтэрфакс.

Паводле слоў грузінскага лідэра, працэс, пачаты «рэвалюцыяй руж» у Тбілісі, будзе працягнуты паўсюль, дзе «прыгнятаюць людзей з-за іх поглядаў».

«Я ведаю, што дакладна такія людзі, якія збіваюць дэманстрантаў у Мінску, ствараюць праблемы Грузіі і ўсяму свету», - заявіў Саакашвілі. Паводле яго слоў, «гэтыя людзі не пускаюць нас у Абхазію, баламуцяць сітуацыю ў Цхінвалі і Джаве». «Імперыя пакуль існуе яшчэ на тэрыторыі Грузіі, і імперыя існуе ў Беларусі і іншых былых савецкіх рэспубліках», - сказаў грузінскі прэзідэнт.

«Грузія - гэта прыклад свабоднай краіны, і палітычныя алігархі ўсяляк стараюцца перашкодзіць устанаўленню дэмакратыі ў Беларусі», - заявіў грузінскі лідэр, паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Навіны-Грузія».

Нагадаем, што сёння ў Нацыянальным аэрапорце «Мінск» была затрымана дэлегацыя грузінскіх парламентарыяў, якія прыбылі ў Беларусь для назірання за выбарамі. Усе яны акрэдытаваны як назіральнікі ад місіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, - паведамляе агенцтва «Белапан».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0