Артыкул з такой назвай зьмясьціла на сваёй інтэрнэт-старонцы ініцыятыва «ЗА СВАБОДУ».

19 сакавіка. 20:00.    Што ўсе хацелі ведаць, але ня ведалі ў каго спытаць

Найперш, чаму усё-ткі трэба ісьці на акцыю 19-га?

Галасаваньне, на жаль, мае другараднае значэньня ў нашай краіне. Прагаласаваць,у прынцыпе, варта, каб сябры камісіі сталі крыніцай чутак пра тое, што за Мілінкевіча галасуе вельмі шмат народу. Аднак, разьлічваць на нейкі падлік галасоў немагчыма. Ня будзе нават прыблізных лічбаў. Ярмошына пастаўленая на сваю пасаду выключна для таго, каб агучваць указаньні адміністрацыі Лукашэнкі. А лічыць яна, можа, і ня ўмее зусім. Не зьбіраеца, дык дакладна.

У такой сытуацыі, калі лічбу нельга падлічыць, яе трэба ПАКАЗАЦЬ. Майце на ўвазе, калі вы ня йдзеце на плошчу - вы непазьбежна будзеце залічаныя ў лукашысты, незалежна ад вашых жаданьняў. Так працуюць сродкі масавай інфармацыі - вось тут тыя, хто за свабоду, а астатніх, напэўна, усё задавальняе.

Улічваючы, што такія буржуазныя паняццьці як «легітымнасьць» мала значаць для сярэдняга грамадзяніна, здольнасьць рэжыму кіраваць зьвязаная з у першую чаргу зь перакананьнем бальшыні, што ён (рэжым) мае магчымасьць прымушаць нас рабіць тое, што яму трэба. На гэтым жа грунце, збольшага, базуецца паслухмянасьць міліцыі, войска і чынавенства. Калі значная частка насельніцтва на практыцы дэманструе, што яна ігнаруе ўціск рэжыму - улада разбураецца ў галовах людзей, якія за гэтым назіраюць, нават, калі яны яго падтрымліваюць. Рэжым ня можа прымусіць - значыць ён бязмоцны, імпатэнты. Гэта ня ўлада. Менавіта на гэтым, па-сутнасьці, і заснаваная эфэктыўная прастата мірных аксамітных паўстаньняў.

Рыхтуйцеся да таго, што акцыя акажацца доўгатэрміновай. Могуць спатрэбіцца месяцы супрацьстаяньня. Аднак, памятайце: нас шмат, нават больш чым дастаткова, каб перамагчы. Галоўнае не губляць волі і духу. Усялякае паляпшэньне вымагае працы.

Страшна

Страшна? Гэта нястрашна, што вам страшна. Гэта можна пераадолець, калі вы ня хочаце, каб гэты страх перасьледаваў вас яшчэ гадоў 10-12.

Прапаганда, пагрозы і ўсё тое лайно, якое выпрацоўвае арганізм «таварыша» Сухарэнкі прызначаныя менавіта для таго, каб выклікаць у вас страх - прымусіць вас застацца дома.

Рэч у тым, што тая самая глябалізацыя і зьяўленьне мэханізмаў міжнароднага «паліцэйскага» нагляду, якія ў нас звычайна ганяць, робяць вельмі нязручным і, больш таго, небясьпечным ужываньне сілы супраць палітычных праціўнікаў. Гэта можа скончыцца палітычнай блякадай, эканамічнымі санкцыямі, міжнародным ордэрам і сьмерцю ад інфаркта ў камэры Гаагскага трыбуналу. Апроч таго, сіла супраць значнай масы народу можа аказацца проста неэфэктыўнай.

Ясна, што найлепшая тактыка для рэжыму - палохаць, палохаць і яшчэ раз палохаць. Эксплюатаваць інстынкт самазахаваньня. Аднак, на практыцы, ваш інстынкт можа спаць спакойна - гэта блеф. Больш паловы тых жахаў, якія цыркулявалі апошні месяц выявілася туфтой, як толькі пачынаеш капаць у глыбіню.

Атрымаць па карку, можа нават трапіць на суткі ў разьмеркавальнік на Акрэсьціна - так, ня выключана. Але ад гэтага, паверце, ніхто не памёр. Калі вам надарыцца гэта адчуць, вы, прынамсі, зможаце напісаць у сваім дзёньніку «я павідал жызьнь!», і вам будзе што распавесьці дзецям, каб яны вамі ганарыліся.

Якія плюсы?

Сама пастаноўка гэтага пытаньня можа зьдзівіць знэрваванага чалавека. Але акцыя пратэсту дае шмат падарункаў тым, хто яе не баіцца.

Найперш, гэта людзі. Рэдкі выпадак, калі ў адным месцы зьбіраюцца людзі розных прафэсіяў, сацыяльных і ўзроставых групаў, аб’яднаныя адной ідэяй. Гэта цудоўны шанец разарваць нудную абалонку будзёнасьці і знайсьці новых сяброў сярод людзей, зь якімі вы ніколі не перасячэцеся ў звычайным жыцьці. Адчуваньне агульнасьці, лёгкі прысмак небясьпекі - паступова фармуюць неперадавальную атмасфэру братэрства. Праграміст дазнаецца, што вышыбала можа аказацца цудоўным суразмоўцам, а вышыбала пераканаецца, што праграміст - гэта не дыягназ у Навінках.

На адной з акцыяў 96-97 гадоў быў выпадак, калі былы «хіпан» пасябраваў з чалавекам, які раней працаваў у міліцыі і ганяў гэтага самага хіпана ў 80-х. Яны цяпер любяць сустрэцца за куфлем, са сьмехам прыгадаць старыя часы. Ня ведаю іншай сытуацыі, у якой сяброўства пераступае цераз бар’еры.

Жыцьцёвы досьвед. Экстрым грамадзянскага пратэсту вучыць правільна ацэньваць людзей, захоўваць розум у складанай сытуацыі. Не губляць пачуцьця гумару.

Ідзем. Што браць?

Пашпарт браць. Заліковак, студэнцкіх ня трэба. Важных папераў з працы таксама цягаць ня варта. Грошай узяць трэба, можа спатрэбіцца пад’есьці, зайсьці ў грамадзкую прыбіральню, выклікаць таксоўку. Беларускія рублі лепш. Абмяняць валюту не заўсёды дазваляе сытуацыя. Можаце прыхапіць бутэрброд у пакеціку.

Усё, што можа трактавацца як зброя (вострае, гарачае і г.д.), мусіць застацца дома. Значкі, сьцягі, стужкі - браць.

Мабілу вазьміце, хаця найхутчэй, яна ня будзе працаваць. Загадзя купіце картку для таксафона.

Многія сьцьвярджаюць, што лепш ісьці налёгку, з пустымі рукамі. Мы абвергнем гэтую тэорыю. Вазьміце з сабою сумку з дадатковай вопраткай. Лепш за ўсё сумку з каркасам, альбо партфэль. На ёй можна будзе сецьці, яна можа стаць сталом, і, што цікавей, ёй можна прыкрывацца як шчытом.

Як апранацца?

Вопратка - цёплае, цяплей чым звычайна. Скураныя вырабы вітаюцца. Ня кепска мець з сабой штосьці тонкае непрамакальнае - «вятроўка» - яна можа абараніць ад вады і вільгаці, можа маскаваць іншую вопратку, і займае мала месца ў згорнутым выглядзе, нават у кішэню пры жаданьні можна пакласьці. Які-небудзь швэдар - абавязкова.

Нагавіцы - лепш джынсы, лепш ня новыя. Шкарпэткі лепш цёплыя вязаныя, ногі мёрзнуць у першую чаргу.

Абутак - цёплы, надзейны. Некаторыя рэкамэндуюць «берцы», але аўтары супраць. Чалавек у берцах выглядае як «баявік», а не як палітычна сьведамы грамадзянін. Гэтак вас будуць успрымаць і міліцыянты, а гэта дадатковая агрэсія ў выпадку затрыманьня.

Выгляд увогуле мае значэньне: халопская прапаганда будзе вылузвацца са скуры, каб паказаць па тэлевізіі сюжэты пра «баевікоў», «алкашоў», альбо наадварот «багацеяў» і г.д. Таму апранацца трэба чыста, акуратна, сьціпла.

Калі выходзім?

Разьлічыце так, каб апынуцца на месцы, ці блізка каля яго ў прамежак +/-5 хв. ад вызначанага часу (20:00). Гэта эфэкт флэш-мобу - многа людзей, якія ў кароткі час зьяўляюцца ў адным месцы. Гэта агаломшвае, дадае настрою, прыгнятае «органы».

Сачыце за сытуацыяй з транспартам: могуць закрываць станцыі мэтро, перакрываць праезд наземнага транспарту. Трэба карэктаваць час выхаду.

Праход перакрыты. Што робім?

Арганізаваным натоўпам перасоўваемся ў той бок, дзе знаходзіцца большы памерам арганізаваны натоўп. Удзельнікі акцыі павінныя кандэнсавацца і засяроджвацца ў адным месцы.

Людзей ужо й нямала. Але ўсё ціха і незразумела

Ну, цяпер прышлі вы і ўсім стане весела! Заводзьце натоўп. Будзьце лідэрам! Гэта ў дадзеным выпадку нескладана - 2-4 чалавекі дамовіўшыся ўпэўнена «зараджаюць» рытмічны лёзунг («Сва-бо-ду!», «Жы-ве Бе-ла-русь!»), народ навокал адразу наэлектрызуецца і пачне падхопліваць. Калі людзі ажывяцца, адначасова дастаем стужкі, сьцягі, іншую атрыбутыку. Гэта стане сыгналам для іншых. Потым пэрыядычна паўтарайце скандаваньні.

Такімі дзеяньнямі натоўп ператвараецца ў задзіночаную сілу.

Важна. Сочым за правакацымі і «шасьцёркамі»

Насамрэч, праца ў «органах» непазьбежна адбіваецца на зьнешнім выглядзе, таму пабачыць «засланых казачкоў» даволі проста. Што зь імі рабіць? Трэба іх пільнаваць. Калі спатрэбіцца супрацьдзейнічаць.

Яны могуць устроіць правакацыю - падпаліць штосьці, пачаць дэманстратыўна піць алькаголь. У такім выпадку - групай выштурхоўвайце іх з натоўпу, адбірайце бутэлькі. Апынецеся, каля кардону міліцыі - гучна крычыце: «забірайце гэтых п’яных хуліганаў!»

Яны могуць паспрабаваць «завінціць» кагосьці. Гэта пачынаецца так: з розных бакоў у адным кірунку пачынаюць рухацца некалькі падобных адзін да аднаго мужчынаў. Іх задача, схапіць кагосьці, рэзка вынесьці яго з натоўпу і здаць міліцыянтам у форме. Калі бачыце падобны рух, крычыце на іх: «воры! кашалькі выцягваюць!» І штурхайцесь на іх (ізноў-такі, гуртом лепей), торгайце за рукавы, наступайце на ногі, рабіце падножкі, калі людзі вакол будуць паводзіць сябе актыўна, можна якагосьці такога самога «завінціць» і выкінуць з натоўпу. Калі яны ўжо ўхапілі кагосьці, адцягвайце ахвяру, рэзка вырывайце зь іх рук. Юрыдычна аспэкт такі: калі яны дзейнічаюць у цывільным не прад’яўляючы дакумэнтаў - значыць яны проста хуліганы.

Стрэс і дзеяньне

Трэба разумець, што дзейнічаць у натоўпе, у стрэсавай сытуацыі - гэта значыць апынуцца ў іншым сьвеце, зь іншымі законамі, правіламі і рэакцыямі людзей. Вы можаце быць перакананым у сваёй падрыхтаванасьці, але, калі ў вас няма практычнага досьведу - вы хутчэй за ўсё будзеце паводзіць сябе ня так як разьлічвалі. Каб захоўваць над сабой пэўны кантроль, трэба засвоіць некалькі законаў.

У крытычнай сытацыі вашая галава пяройдзе ў спрошчаны рэжым працы, калі ваш настрой будзе перакатвацца паміж двума кропкамі:

  1. Ярасная зацятасьць, упартасьць, сьмеласьць да вар’яцтва - «Нас ня возьмеш!».

  2. «Лёлік усё прапала!» - тупы жывёльны страх, ірацыянальнае жаданьне схавацца, зьбегчы.

Выбар такі. Трэцяга ня будзе.

Першы варыянт зразумела ж больш прадуктыўны. Таму загадзя настройвайце сябе на яго, не пакідайце свае эмоцыі на «самацёк».

Эмоцыі перадаюцца ў натоўпе вельмі хутка і лёгка, ад кожнага выгуку, руху можа зьмяніцца настрой сотняў людзей! Таму вазьміце на сябе адказнасьць за навакольных - арганізуйце скандаваньні, «мэксыканскія» стадыённыя хвалі і ўсё такое жывенькае, што вам прыйдзе ў голаў. Галоўнае не пакідаць людзей панікёрам і ідыётам. Калі зьяўляецца панікёр - перакрычыце яго (тыя ж сканадаваньні дапамогуць), можаце троху патрэсьці, абняць, спытаць як ён сябе адчувае - зьбіць ягоную паніку. Калі не сунімаецца - зьлёгку стукніце. Зьлёгку. Ня трэба біць.

Яны нам, а мы ім

Сытуацыя масавага пратэсту - гэта ў першую чаргу псыхалягічнае супрацьстаяньне дэманстрантаў і міліцыянтаў. І ў гэтым супрацьстаяньні важна перамагаць, не даводзячы сытуацыю да варажнечы.

Як мы ўжо згадалі ў папярэднім разьдзеле, эмацыйны стан натоўпу - штука няўстойлівая. У «органах» гэта ведаюць і намагаюцца выкарыстаць у сваіх мэтах.

  • Прыём 1. «Марш марсіянаў».

    Калёна міліцыянтаў са шчытамі, ў бронекамізэльках і ў сваіх жывапісных шлемах дэманстрацыйна прабягае каля дэманстрантаў.

Мэта - выклікаць страх.

Супрацьпрыём: ператварайце сытуацыю ў камэдыю. Аплядысмэнты, крыкі «шайбу-шайбу!», «хутчэй да нас!». Пакідайце ў іх кветкамі.

  • Прыём 2. «Дзятлы».

    Міліцыянты пачынаюць рытмічна біць сваім дручкамі ў шчыты. Грохат прызначаны для таго, каб зрабіць уражаньне, што іх вельмі шмат і яны вельмі «пагрозьлівыя».

Мэта - як заўсёды - выклікаць страх.

Супрацьпрыём: пачынайце рытмічна хлопаць у далоні, прытупваць нагамі і г.д. Калі так пачынаюць рабіць хаця б тысячы з 3 - грукат атрымліваецца вельмі ўнушальны. Людзі адчуваюць - нас многа, мы - сіла. Баяцца будуць міліцыянты.

Важна вытрымліваць усім адзін рытм, інакш эфэкт псуецца.

Ёсьць яшчэ шэраг падобных фішак, але асноўны стыль паводзінаў, мы спадзяемся, ужо зразумелы.

ВЕЛЬМІ ВАЖНА: адчуйце - гэтыя людзі, якіх выводзяць супраць нас - вашыя суайчыньнікі, толькі не прасьветленыя, неінфармаваныя. Рэжыму выгадна, каб паміж намі стаялі нянавісьць і страх. А мы прыйшлі не для гэтага. Мы адчуваем у дачыненьні да іх шкадаваньне і спагаду. Гэта ня значыць, што мы павінны ім паддавацца. Але наш супраціў грунтуецца на патрыятызьме і нашых грамадзянскіх правах, а не на нэгатыўным стаўленьні да міліцыі.

БУДЗЬЦЕ ВЫТРЫМАНЫЯ І ЛЯГІЧНЫЯ. Дурнавата атрымліваецца, калі хтосьці спачатку будзе крычаць «казлы! мусара!», а потым скандаваць «Міліцыя з народам!». З народам - значыць з народам. І кропка. Ня трэба зьнявагаў. Нам жыць у адной краіне.

Правакатарам, якія наўмысна распальваюць варожасьць - даваць адпор!

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0