Амаль 70 аўтамабіляў клясы «люкс» з усяго сьвету затрымала ў ноч з 29 на 30 красавіка нямецкая паліцыя на дарогах Рэйнскай правінцыі, Вэстфаліі і Гесэну. Іх кіроўцы бралі ўдзел у нелегальным спаборніцтве, траса якога вядзе праз усю Эўропу.

Гоншчыкі былі затрыманыя падчас этапу Амстэрдам — аэрапорт «Ган» пад Франкфуртам-на-Майне. За ўдзел у нелегальных гонках ім давялося заплаціць па 420 эўра. У дадатак большасьць зь іх атрымала штраф за перавышэньне хуткасьці.

Нефармальныя гонкі пад назвай «Gumball 3000» ладзяцца з 1999 года. Як правіла, у іх бяруць удзел багатыя гаспадары эксклюзіўных аўтамарак, такіх як Rolls‑Royce, Ferrari ці Lamborghini. Яны спаборнічаюць на звычайных дарогах і аўтастрадах, часьцей за ўсё ноччу. Хоць гонкі і ня маюць афіцыйнага пераможцы, у інтэрнэце публікуецца рэйтынг удзельнікаў, на які, апроч хуткасьці, уплывае памер сплочаных штрафаў.

Сёлета былі заплянаваныя гонкі ад Лёндану да Франкфурту, потым нятанны пералёт з машынамі ў Стамбул, адтуль праз Салонікі і Братыславу да Бэрліну і — назад у Лёндан.

Аднак нямецкая паліцыя рашуча заявіла, што не дапусьціць працягу гонак у Нямеччыне, бо іх удзельнікі ствараюць велізарную пагрозу для шараговых удзельнікаў дарожнага руху.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Фота Brian Bolks

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0