Дагэтуль сваякі і паплечнікі былога міністра ўнутраных спраў ня ведаюць пра ягоны лёс. Сябры АГП наведаюць сёньня на Гомельшчыне маці Юр’я Захаранкі, а актывісты моладзевых арганізацый правядуць шэраг акцый, каб нагадаць грамадзтву, што памятаюць зьніклых лідэраў і патрабуюць ад улады даць адказ пра лёс яе выкрадзеных апанэнтаў.
Сёньня група сябраў Аб’яднанай Грамадзянскай Партыі на чале з Анатолем Лябедзькам наведае маці Юр’я Захаранкі.
«Гэты чалавек з абоймы нацыянальных лідэраў. Ён быў адным з кандыдатаў на прэзыдэнцкія выбары 2001 году, і тое, што яго ня стала, тое, што зь ім зрабілі, сьведчыць, што ў яго быў моцны патэнцыял... Шкада яго родных, блізкіх. Сёньня нашы людзі з кіраўніцтва партыі, з прэсавай службы паедуць на Гомельшчыну да маці Юр’я Захаранкі, якая чакае, калі заскрыпяць масьніцы, адчыняцца дзьверы, і яна ўбачыць свайго Юрку... І так доўгіх восем гадоў», — гаворыць Анатоль Лябедзька.
Анатоль Лябедзька распавёў «Свабодзе», што сёлета на гадавіну зьнікненьня Юр’я Захаранкі сябры АГП ня будуць ладзіць традыцыйны ланцуг неабыякавых людзей на Кастрычніцкай плошчы:
«Калі акцыі праводзіць, то іх трэба рыхтаваць, а падрыхтоўка займае пэўны час. Сёньня шмат часу займае падрыхтоўка да Кангрэсу, інфармацыйная кампанія. Мы б хацелі, калі б была акцыя, то, каб яна была кааліцыйная. А ланцуг, калі адбудзецца стыхійна, то нашы людзі возьмуць у ім удзел».
Актывісты моладзевых незарэгістраваных арганізацый плянуюць сёньня цягам дня правядзеньне флэш‑мобаў, каб нагадаць грамадзкасьці пра выкрадзеных апанэнтаў улады.
«На сёньняшні дзень заплянаваны шэраг мерапрыемстваў зь ліку моладзевых флэш‑мобаў, прысьвечаных зьнікненьню вядомых у Беларусі людзей. Мы павінны нагадаць у гэты дзень, што моладзь, у прыватнасьці, не забываецца пра сваіх лідэраў, не забываецца на тых людзей, якія змагаліся і змагаюцца за незалежнасьць і свабоду Беларусі», — гаворыць моладзевы актывіст партыі БНФ Франак Вячорка.
Моладзь плянуе ладзіць кароткачасовыя акцыі ў розных месцах Менску, каб пазьбегнуць затрыманьняў.