У нядзелю адбыліся шэсьць зь сямі гульняў чацьвёртага туру чэмпіянату Беларусі па футболе. Яшчэ адзін матч адбудзецца сёньня. У Менску на «Дынама» гаспадары будуць прымаць гомельскіх футбалістаў.

Адзінаасобным лідэрам застаўся барысаўскі БАТЭ, які з буйным лікам перамог сваіх геаграфічных суседзяў з Жодзіна. Амаль да 70‑ай хвіліны «Тарпэда» мужна адбівала атакі барысаўцаў, але ня вытрымала да фінальнага сьвістка — 3:0. Адзін з галоў забіў Генадзь Блізьнюк, які зьяўляецца найлепшым бамбардзірам першынства. Сёлета БАТЭ яшчэ не прайграла і не сыграла ўнічыю ніводнага матчу. Чатыры перамогі ў чэмпіянаце, 4 — у Кубку. Разам з тым па‑ранейшаму працягвае курс рэабілітацыі пасьля інфаркту трэнэр БАТЭ Ігар Крывушэнка. У ягонага маладога калегі Віктара Ганчарэнкі пакуль усё атрымліваецца ўдала.

На адлегласьці двух пунктаў ад БАТЭ ў табліцы знаходзіцца менскі МТЗ‑РІПА. У нядзелю «трактаразаводцы» зь цяжкасьцю перамаглі наваполацкі «Нафтан» — 1:0. Ужо на чацьвёртай хвіліне гол забіў юны Ягор Зубовіч. Становішча ж «Нафтана» пакуль катастрафічнае, каманда ня мае ніводнага пункту.

Затое першы пункт набраў «Віцебск». Ужо без былога трэнэра Андрэя Чарнышова клюб згуляў унічыю ў Смургонях — 1:1.

Сэнсацыя адбылася ў Горадні, дзе мясцовы «Нёман» перамог салігорскі «Шахтар». Каманда Людаса Румбуціса валодала ініцыятывай на працягу ўсяго матчу і забіла два галы.

Здаецца, што з крызісу пачала выходзіць ждановіцкая «Дарыда». «Мінэральныя» атрымалі мінімальную другую перамогу запар. На гэты раз яны аказаліся мацней за «Дняпро».

«Менск» і берасьцейскае «Дынама» разыгралі абсалютна шэрую нулявую нічыю.

Турнірная табліца пасьля чатырох тураў: БАТЭ — 12 пунктаў, МТЗ‑РІПА — 10, «Неман», «Шахтар» — па 7, «Дарыда» — 6, «Гомель», «Смургоні», «Тарпэда», «Дняпро», «Дынама» (Берасьце) — па 5, «Менск» — 4, «Дынама» (Менск), «Віцебск» — па 1, «Нафтан» — 0.

Найлепшы бамбардзір Генадзь Блізьнюк (БАТЭ) — 5 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?