Гэта ўжо чацьвёртая спроба зарэгістраваць арганізацыю ад моманту яе ўзьнікненьня ў 1996 годзе. Тры першыя разы органы юстыцыі рэгістраваць арганізацыю адмаўляліся. Рашэньне аб рэгістрацыі прымалася з мэтай зацягнуць ці ўвогуле спыніць судовы працэс пяцёх «маладафронтаўцаў» (Хведарука, Палажанкі, Корбана, Янушэўскага і Гарэцкага), якіх абвінавачваюць у дзейнасьці ад імя незарэгістраванай арганізацыі.

Аховай сходу кіраваў баранавіцкі хлопец Яраслаў Грышчэня, крымінальную справу якога прыпынілі толькі на днях. Былі зарэгістраваныя 21 удзельнік сходу. Агулам на мерапрыемства прыйшло каля шасьцідзесяці чалавек. У асноўным — маладыя хлопцы і дзяўчаты. Сярод больш сталых гасьцей сходу былі кіраўнік аддзяленьня швэдзкага пасольства Стэфан Эрыксан, пісьменьніца Вольга Іпатава, мовазнаўца Зьміцер Саўка, палітык Юрась Зяньковіч.

У прэзыдыюме сядзелі Зьміцер Хведарук, Алег Корбан, Барыс Гарэцкі, Наста Палажанка і Дзяніс Лаеўскі. На ўсіх хлопцах былі апранутыя пінжакі і гальштукі. Нязвыкла было бачыць гэтых юнакоў у салідных дзелавых строях. Барыс Гарэцкі на гэта пажартаваў: «Не касьцюм ператварае чалавека ў кабінэтнага змагара».

З уступным словам выступіў Гарэцкі, ён жа быў абраны старшынём Устаноўчага сходу. Барыс адзначыў, што сёньня за кратамі знаходзяцца трое лідэраў «Маладога фронту» — Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. Разам з тым улады не спыняюць перасьлед арганізацыі, яшчэ на пяці сяброў «МФ» былі заведзеныя крымінальныя справы. «Улады перасьледуюць ня толькі тых маладзёнаў, якія бяруць на сябе лідэрскую адказнасьць, але і на шараговых сяброў «МФ», ‑‑ адзначыў Гарэцкі. — Сёньняшні сход — гэта не стварэньне арганізацыі, а спроба яе зарэгістраваць. У любым выпадку «Малады Фронт» працягне сваё існаваньне, з рэгістрацыяй ці безь яе». Яшчэ Гарэцкі сказаў, што такім чынам «МФ» хоча паказаць, што арганізацыя гатовая выконваць нормы Канстытуцыі і законы краіны.

Пасьля ўступнга слова Зьміцер Хведарук зачытаў зварот да сяброў сходу ад лідэра апазыцыі Аляксандра Мілінкевіча. Сярод іншага Мілінкевіч адзначыў: «На працягу апошніх гадоў «Малады Фронт» зьяўляецца адной з самых яскравых і моцных зьяваў моладзевага руху Беларусі. Гэта вы зьяўляецеся маладым фронтам пераменаў, якіх чакае краіна. Гэта вы зьяўляецеся сьветапоглядным фронтам духоўнага абуджэньня, які нараджае ў маладых душах веру і любоў, адчуваньне свабоды і адказнасьці , прагу дзеяньня і нацыянальную салідарнасьць. І менавіта таму дыктатарская ўлада баіцца вас больш за ўсіх».

Было прынятае рашэньне спробы рэгістрацыі пад назвай Моладзевае грамадзкае аб’яднаньне «Малады Фронт». Быў зацьверджаны статут арганізацыі. Усё адбывалася ў строгай адпаведнасьці бюракратычным правілам. Пасьля кожнай прапановы старшыні сходу нехта з прысутных ўставаў і заяўляў: «Я цалкам падтрымліваю гэтую прапанову...»

Было вырашана, што найвышэйшым органам МГА «МФ» будзе Цэнтральная Рада, якая раз на 2 гады будзе абіраць старшыню. Таксама была зацьверджаны сьпіс сяброў Управы «МФ», якая будзе рэгуляваць дзейнасьць «Маладога Фронту», у яе ўвайшлі Людміла Атакулава, Барыс Гарэцкі, Алег Корбан, Кацярына Краснова, Настасься Лойка, Ўладзімер Сяргееў, Зьміцер Хведарук і Кірыл Шымановіч.

Рэвізорам арганізацыі была вырашана абраць Касю Галіцкую. Справай рэгістрацыі «МФ» маюць займацца Б.Гарэцкі, К.Шымановіч і Н.Лойка. Падчас выбараў старшыні сэнсацыяў не адбылося. Ім стаў Зьміцер Хведарук, а намесьнікам — Алег Корбан. Хведарук пасьля абраньня быў нешматслоўны, ён толькі адзначыў, што будзе імкнуцца, каб ніхто не расчараваўся, што менавіта ён быў абраны на гэтую пасаду.

Агулам усе гэтыя працэдуры занялі хвілінаў сорак, пасьля чаго ўдзельнікам сходу было прапанавана выпіць соку зь печывам. Яшчэ праз пару хвілінаў пачаўся канцэрт, у якім узялі ўдзел Піт Паўлаў і Аляксандар Памідораў. Недалёка ад управы дзяжурыла машына БТ разам з журналістам Юр’ем Леднікам.

Ужо заўтра сябры «МФ» зьбіраюцца пайсьці ў Міністэрства юстыцыі, каб падаць усе неабходныя дакумэнты на рэгістрацыю. Рашэньне дасьць адказ, ці варта праводзіць устаноўчы сход рэспубліканскага «Маладога фронту».

Зьміцер Панкавец

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?