«Усе мы ведаем, што сыстэма дрэнная, — усьміхаецца майстар, — але ж паспрабуй сказаць што‑небудзь, калі кантракт на год, у цябе дзіцё, а іншай працы няма». «Мы таксама супраць, але калі начальства прыяжджае — маўчым, — падтаквае жонка чыгуначніка, — а я што, у мяне сын у Менск паступае». «У іх улада, міліцыя, войска, суды», — завяршае сусед‑«хімік» — вось і паспрабуй рыпніся».

«Каб хто‑небудзь абараніў нас ды нашых дзяцей, — гучыць у падктэсьце, — пайшлі б за вамі».

Днямі мая маці атрымала пастанову аб звальненьні. Настаўніца найвышэйшае катэгорыі з 36‑гадовым стажам, працавала і ў вёсках роднага Лунінецкага раёну, і ў Пагосьце ды Барані пад Воршай, і ў Віцебску; два гады да пэнсіі — і вось, загад райана. Зуб на яе тачылі даўно: увесь час прынцыпова выступала на сходах, абараняла маладафронтаўцаў, якіх хацелі выдаліць са школы, займалася стварэньнем Беларускай Хрысьціянскай Дэмакратыі ў Віцебску, удзельнічала ў выбарах ды назіраньні (дарэчы, у 2004 г з усёй ініцыятыўнай групы сабрала за мяне найбольш подпісаў — 600)… То бел‑чырвона‑белы сьцяг, скінуты з асьвятляльнае вежы амфітэатру міліцыянтамі, падбярэ, то нейкія падазроныя беларускія спэктаклі паводле Караткевіча зь дзецьмі ладзіць, то шоў беларушчыны замест кляснае гадзіны. На вясновых школьных вакацыях атрымала пісьмовы (!) дазвол на тыднёвую паездку ў Варшаву, дзе, апроч іншага, пахаваны мой прадзед, праваслаўны сьвятар; падрыхтавала дакумэнты, зрабіла замежны пашпарт… У апошні момант з райана патэлефанавалі і папярэдзілі: на Дзень Волі ніякіх паездак. Маці паехала.

Школьны прафкам, сабраны на тэлефанаваньне «згары», бурчэў: от, кіраўніцтва нашымі рукамі хоча такую настаўніцу выгнаць!.. Пабурчэлі, апусьцілі вочы — і прагаласавалі за звальненьне.

Здавалася б, чарговае пацьверджаньне ўсёмагутнасьці рэжыму.

Але назаўтра пасьля звальненьня з 27 бацькоў школьнікаў, што навучаюцца ў матчыным 5 «А», 24 падпісалі зварот у яе абарону. Самі школьнікі склалі ліст дырэктару. Віцебскія калегі‑дэмакраты і праваабаронцы распачалі кампанію салідарнасьці. Дыпляматы даслалі запыт у Міністэрства адукацыі. Даведаўшыся праз інтэрнэт, ліст у падтрымку маці напісаў нават адзін зь яе колішніх вучняў, што зьехаў у Ізраіль. Знаёмыя вернікі пачалі мэтадычна абтэлефаноўваць школьнае начальства. І вось ужо ўся настаўніцкая чытае выразкі зь незалежнае прэсы ды раздрукоўкі зь сеціва й перашэптваецца: ага, найшла каса на камень!

У 16‑гадовай школьніцы Насты Палажанкі, абвінавачанай у справе «Маладога фронту», звальняюць з працы бацьку, які адзін гадуе дзьвюх дачок. Крысьціну Шацікаву ды Ўладзімера Шылу пагражаюць пазбавіць бацькоўскіх правоў…

Дзякуй Богу, мы з бацькамі адзін аднаго падтрымліваем. Але ведаю, што многім маладафронтаўцам даводзіцца змагацца і з матчыным адчаем, і з бацькавай злосьцю. І калі на вуліцы Менску выходзяць тысячы юнакоў і дзяўчат, не дае спакою пытаньне: а дзе ж іхнія бацькі? Гэта ж так проста: быць побач са сваімі дзецьмі!

Наймацнейшая салідарнасьць — гэта калі бацькі за дзяцей, а дзеці за бацькоў. У час, калі Лукашэнка рыхтуе дзеля ўмацаваньня ўлады сваіх сыноў, а раённая намэнклятура кварталамі скупае для нашчадкаў нерухомасьць у Менску, супрацьстаяць рэжыму здолеюць толькі дружныя беларускія сем’і. Пазьнякі й Вячоркі, Сіўчыкі й Хадыкі, Мілінкевічы ды Казуліны, Вольскія ды Арловы, Навумчыкі ды Шылы.

Рэжым гэта ведае, таму і б’е: дзяцей па бацьках, бацькоў па дзецях.

Прычым робіцца гэта ў афіцыйна абвешчаны Год Дзіцяці.

А вось судзьдзя Таманаў, якому даручылі весьці працэс «Маладога фронту», адмовіўся судзіць дзяцей за тое, што яны хочуць свабоды, праўды й справядлівасьці: падаў заяву на доўгатэрміновы адпачынак у сувязі са станам здароўя. Не запэцканага ў палітычных рэпрэсіях Таманава хацелі ўключыць у рэжым — але судзьдзя, відаць, чытаў у школе «Маладую гвардыю». Як для судзьдзі ў сёньняшняй сытуацыі — сумленны выбар. Цікава, а што: у нас іншыя судзьдзі абсалютна здаровыя? А чыноўнікі? А генэралы?..

Бацькі віцебскіх школьнікаў і судзьдзя Таманаў — не апазыцыянэры. Яны проста беларусы. І калі супраціўляецца рэжыму пачынае не адно апазыцыя, а паспаліты беларускі люд — рэжым асуджаны на паразу.

Падтрымаць сваё дзіця, бацьку ці маці; падпісаць зварот; не падняць руку, калі галасуюць за «палітычнае» звальненьне; прыйсьці на суд да маладафронтаўцаў або своечасова сысьці ў адпачынак па стане здароўя — гэта супраціў, на які здольны кожны. І паверце: у мільёнаў беларусаў ёсьць усе прычыны да такога супраціву далучыцца. Задача дэмакратаў — арганізаваць. Растлумачыць. Даць прыклад.

Калі за дзецьмі падымаюцца бацькі, калі супраць хлусьні й несправядлівасьці паўстаюць і стары, і малы; калі судзьдзі адмаўляюцца за гэта судзіць — значыць, ужо блізка нацыянальнае абуджэньне.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?