Сёлета на святкаванне Дня Перамогі ў цэнтры Віцебска сабралася не так шмат людзей, як два гады таму, калі адзначалася 60‑годдзе перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне. Зусім мала было і герояў свята — ветэранаў. У натоўпе людзі казалі: «Да, раней было сапраўды свята. А цяпер… Колькі іх засталося, тых ветэранаў…» Яно і зразумела, бо тым, каму ў 1945‑м было, напрыклад, 20 гадоў, зараз ужо 82. Узрост больш чым шаноўны, і таму многія ўдзельнікі вайны на плошчу Перамогі прыйшлі з дапамогай сваіх маладых сваякоў. А некалькі выступоўцаў на мітынгу каля «Трох штыкоў» гнеўна крытыкавалі ў сваіх прамовах улады Эстоніі за тое, што тыя «спакойна глядзелі, як у Таліне знішчаюць помнік Воінам‑вызваліцелям». Пры гэтым, натуральна, яны дзякавалі нашаму прэзідэнту, бо ў Беларусі клапоцяцца пра ветэранаў і шануюць усё, што звязана з Другой сусветнай вайной.

Пра гістарычную значнасць гэтай вайны ёсць самыя розныя кропкі гледжання. Але Дзень Перамогі, бадай, адзінае свята, што перайшло да нас у спадчыну з савецкіх часоў, якое зразумела і блізка кожнаму беларусу. Ад сівагаловага ветэрана да яго маленькага праўнука.

Між іншым, вернісаж мастакоў і выставу вырабаў народнай творчасці, што павінны былі адбыцца ў скверы побач з плошчай Перамогі, па нейкай прычыне адмянілі. Мясцовыя ўлады ўмеюць нечакана ўносіць карэктывы ў арганізацыю мерапрыемстваў. Прынамсі, у 11 гадзін, калі ў скверы знаходзіўся карэспандэнт «ННВ», нішто не ўказвала на тое, што такая падзея тут пройдзе. Людзі стаялі перад ачапленнем міліцыі і глядзелі на тое, што адбываецца каля «Трох штыкоў», ды слухалі прамовы на мітынгу.

Яна Ільіна, Народныя навіны Віцебску

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0