Сьледчы Новікаў, які апошнім часам вёў справу Дзяніса Дзянісава, перадаў яе новай сьледчай Аксане Муравіцкай. Афіцыйнай прычынай ёсьць вялікая занятасьць сьледчага іншымі справамі.

Аксана Муравіцкая стала трэцяй сьледчай па справе маладзёвага актывіста. Першай была Аксана Зіль. Гэта ня сьведчыць пра тое, што сьледзтва зайшло ў кут. Паводле праваабаронцы Леаніда Сьвеціка, які меў зносіны з новай сьледчай, адчуваецца, што да абвінавачваньня Дзяніса Дзянісава ставяцца вельмі сур’ёзна, і, напэўна, справу хутка перададуць ці ў суд, ці зьвярнуцца на працяг дасьледваньня ў пракуратуру.

Паводле маці юнака Раісы Дзянісавай, ягоны адвакат Пётра Каваленка камэнтароў пра зьмену сьледчага не дае.

Дзянісаў зараз знаходзіцца на волі, бо за яго быў унесены заклад памерам больш за 15 млн. рублёў. Цяпер з дазволу Аксаны Муравіцкай ён атрымаў магчымасьць зьехаць у Менск.

Леанід Сьвецік паведаміў, што сьледчая пракамэнтавала рашэньне выпусьціць маладзёвага актывіста з СІЗА тым, што ў ізалятары не хапае месцаў.

Абвінавачваецца юнак быццам у арганізацыі групавых дзеяньняў, якія парушаюць грамадзкі парадак. Летась на сьвяткаваньні віцебскай дэмакратычнай супольнасьцю народзінаў беларускага пісьменьніка Васіля Быкава, на якое зьехаліся госьці з розных рэгіёнаў Беларусі й Менску, некалькі маладзёнаў пад шыльдай БУНТу вывесілі ў горадзе расьцяжкі, а Крысьціна Шацікава з нацыянальным бел‑чырвона‑белым сьцягам прышчапіла сябе да асьвятляльнай мачты.

Удзельнікаў акцыяў затрымалі й пакаралі ў адміністратыўным парадку, а пасьля па гэтаму факту ўзбудзілі крымінальную справу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?