Назіральнікі, ня ўпушчаныя ў Беларусь, правядуць дзень выбараў каля беларускай мяжы. У дзень беларускіх прэзідэнцкіх выбараў 19 сакавіка няўрадавыя арганізацыі Польшчы, Літвы, Украіны ладзяць акцыю «Чакаем Беларусь у Еўропе». Удзельнікамі стануць найперш назіральнікі, якім было адмоўлена ў беларускай візе.

Удзельнікі ладзяць мітынг на мяжы з Беларуссю з мэтай прыцягнення ўвагі СМІ і мясцовых насельнікаў да праблемы ўціску дэмакратыі ў суседняй краіне. Акцыя носіць міжнародны характар: на Украіне арганізатарам выступае асноўны натхняльнік Памаранчавай рэвалюцыі «ПОРА», у Польшчы - некалькі з’яднаных грамадзянскіх ініцыятыў, у Літве - Аб’яднаны цэнтр беларускіх ініцыятыў (JuBIC).

У Літве ў акцыі ўдзел возьмуць каля 50 чалавек - літоўскія, польскія грамадзяне ды іншыя жыхары ЕЗ, якім забаронены ўезд у Беларусь. Акцыя распачнецца а 11 г. 19 сакавіка каля Лаварышскага памежнага пункту.

Афіцыйныя беларускія ўлады ня раз далі зразумець, што назіральнікаў з ЕЗ у Беларусі не чакае надта цёплы прыём. Гэта даказалі і на практыцы: перад выбарамі мноству грамадзян суседніх краін было адмоўлена ў атрыманні беларускай візы, а некаторыя, аформіўшы візы, былі арыштаваныя па прыездзе ў Беларусь.

Аб'яднаны цэнтар беларускіх ініцыятыў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0