Студэнтаў, якія бралі ўдзел у магілёўскай акцыі пратэсту супраць адмены льготаў, пачалі выклікаць у дэканаты. З маладымі людзьмі праводзяць «прафіляктычныя гутаркі» й пагражаюць адлічэньнем.

У дэканат гістарычнага факультэту Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя А.Куляшова былі выкліканыя некалькі ўдзельнікаў акцыі пратэсту. Адзін са студэнтаў, які не захацеў назваць свайго імя, распавёў, што моладзь спрабавалі запалохаць магчымым адлічэньнем. Таксама хлопцаў і дзяўчат распытвалі, чым ім не падабаецца вучоба ў дзяржаўнай ВНУ, ці задаволеныя яны сваёй стыпэндыяй, гучалі іншыя пытаньні на сацыяльна‑палітычныя тэмы.

Дэкан Уладзімер Барысенка зьвінаваціў першакурсьніка Станіслава Кавалеўскага ў арганізацыі несанкцыянаванай дэманстрацыі. Той нібыта распаўсюджваў улёткі без выходных дадзеных з заклікам прыйсьці на Савецкую плошчу. Цяпер Рада гістарычнага факультэту разглядае пытаньне аб выключэньні з унівэрсытэту Станіслава Кавалеўскага.

Студэнцкая дзьвюхгадзінная акцыя супраць адмены льготаў адбылася ў цэнтры Магілёва 8 траўня. У ёй узялі ўдзел каля 80 чалавек. Супрацоўнікі спэцслужбаў здымалі на відэа ўсіх дэманстрантаў.

Андрэй Мікалаеў, Польскае радыё для замежжа

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0