Адрозна ад штогадовага пасланьня, зробленага найперш па законах піяру, сёньняшняя эканамічная нарада ў Лукашэнкі абмалявала стан эканомікі без прыхарошваньня. Упершыню на самым высокім узроўні канстатуюцца сур'ёзныя праблемы.

У прыватнасьці, ня выканана аж восем прагнозных паказчыкаў. Такога замаху на сакральныя лічбы, здаецца, яшчэ не было. Але радыкальных прапаноў, як зламаць нэгатыўны трэнд, не прагучала. Дый ці варта ад тых небарак-міністраў чакаць ідэйнага фантанаваньня? Лукашэнка адразу папярэдзіў, што "гэтыя лібэральныя замашкі, як у Расеі, нам непрыдатныя". Надзея, як і раней, на адміністрацыйныя вагары.

Няўжо наверсе ня бачаць, што гэта ўжо не спрацоўвае? Бачаць, мяркуе эканаміст Леанід Заіка, зь якім я толькі што гутарыў. Іншая рэч, што, на думку экспэрта, прэзыдэнт і атачэньне дасюль ня вераць сваім вачам. Кажучы навукова, мае месца "зьява кагнітыўнага дысанансу", зазначыў мой суразмоўца. Начальству цяжка асэнсаваць той прыкры факт, што эканамічная мадэль, якая здавалася вяршыняй дасканаласьці і нейкі час сапраўды давала ўражальныя вынікі (іншае пытаньне, за кошт чаго), зараз ужо ня ёсьць панацэяй.

Пра сёньняшні стан айчыннай эканомікі экспэрт выказаўся так: "Гэтая спадарыня яшчэ не схуднела, але ўжо кашляе і адчувае, як узьнімаецца тэмпэратура". Ён прагназуе фінансавыя праблемы ўжо ў ліпені — жніўні, калі давядзецца цалкам разьлічвацца за расейскі газ ды выплочваць адпускныя настаўнікам.

Леанід Заіка паўтарыў сваю ўлюбёную мэтафару апошняга часу: Масква вядзе перадпродажную падрыхтоўку Беларусі. То бок імкнецца паставіць яе на калені ў эканамічным сэнсе, каб змусіць ахвяраваць як мінімум "фамільным срэбрам". Пра максымум — здагадваецеся...

Выйсьцем можа быць толькі новы эканамічны курс. Але на сёньняшняй нарадзе афіцыйны кіраўнік зноў даў зразумець, што на "нэп" пайсьці не гатовы. Ён ахаладзіў імпэт умоўна-рэфарматарскага крыла Саўміну: "Ва ўрадзе пачалі гучаць галасы наконт неабходнасьці карэктаваньня і нават зьмены эканамічнага курсу, будзем лічыць гэта прыватным меркаваньнем. Падыходзіць да гэтага пытаньня неабходна ўзважана, прадумана, як і абяцалі народу".

Карацей, пакуль што ў эканамічнай сфэры вымалёўваецца самая непрадуктыўная пэрспэктыва, калі хвост будуць адсякаць за некалькі разоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?