Абсалютная большасць (80%) удзельнікаў даследавання, праведзенага Цэнтрам сістэмных бізнес‑тэхналогій (ЦСБТ) «SATIO», паведамілі, што адмаўляюцца ад банкаўскага крэдыту з‑за прычыны неінфармаванасці аб надзейнасці і даступнасці гэтай паслугі. Такія звесткі прывяла дырэктар ЦСБТ Жанна Грынюк, выступаючы 11 мая ў Мінску на міжнародным майстар‑класе «Практыка карпаратыўнай сацыяльнай адказнасці».

«Статыстыка 2006 года паказала, што беларускія спажыўцы неактыўна звяртаюцца да выкарыстання крэдытаў, — сказала Ж.Грынюк. — Атрыманне крэдыту звязваецца імі з вялікай колькасцю рызыкаў. Людзі проста не ведаюць аб надзейнасці і даступнасці крэдытавання». Паводле яе слоў, «у той час як у Расіі назіраецца крэдытны бум, у Беларусі грамадства вельмі спакойна ставіцца да крэдытавання, часта бачачы за гэтым нейкія падкопы».

Самым лепшым маркетолагам у галіне крэдытавання ў Беларусі кіраўнік ЦСБТ назвала дзяржаву. «Менавіта дзяржаве ўдаецца падштурхнуць 26,6% насельніцтва да выкарыстання мэтавага крэдыту», — зазначыла Ж.Грынюк

Згодна з прадстаўленай ёю інфармацыяй, іпатэчны крэдыт летась узялі 5,6% беларусаў, персанальны крэдыт — 13,3%, атрымалі крэдытную картку 15,7% насельніцтва, овердрафт скарысталі 20,6%.

Паводле звестак Нацыянальнага банка Беларусі, у сярэднім на аднаго жыхара Беларусі на 1 студзеня 2007 года прыпала 560,5 тыс. рублёў (261,9 долара ў эквіваленце) запазычанасці па крэдытах, выдадзеных на фінансаванне нерухомасці і спажывецкія мэты. На пачатак 2006 года гэтая сума складала 336,3 тыс. рублёў (156,3 долара).

Як зазначаюць у Нацбанку, фінансаванне нерухомасці і спажывецкіх патрэб — два асноўныя кірункі крэдытавання, па якіх захоўваецца ўстойлівая тэндэнцыя росту аб’ёмаў крэдытнай запазычанасці насельніцтва. За мінулы год запазычанасць па крэдытах, выдадзеных на спажывецкія мэты, павялічылася на 93,7%, на нерухомасць — на 50,3%.

Аб’ём агульнай крэдытнай запазычанасці беларускіх грамадзян узрос за мінулы год на 66,7% і па стане на 1 студзеня 2007 склаў 5.465,3 млрд. рублёў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?