У пятніцу ў Кракаве пачалася сустрэча прэзыдэнтаў Польшчы, Літвы, Украіны, Грузіі і Азэрбайджану. Прэзыдэнтаў Казахстану і Туркмэністану на ёй ня будзе — яны прымаюць у сябе Ўладзімера Пуціна. Расейская прэса трыюмфуе.

Нурсултан Назарбаеў і Уладзімер Пуцін абвясьцілі падчас учорашняй сустрэчы, што абедзьве краіны будуць імкнуцца да двухбаковага эканамічнага супрацоўніцтва ў паліўна‑энэргетычным сэктары, атамнай энэргетыцы і ў галіне сучасных тэхналёгіяў.

‑ Казахстан цалкам падтрымлівае тое, каб большая частка, калі ня ўся нафта праходзіла менавіта праз тэрыторыю Расеі. Мы заўжды пра гэта кажам — сказаў Назарбаеў. Ён нагадаў, што ў мінулым годзе ягоная краіна пераслала 52,3 млн. тонаў сваёй нафты, з чаго 42 млн. тонаў прайшлі праз Расею.

Магчыма, што Назарбаеў і Пуцін падпішуць дзьве дамовы — пра стварэньне асяродку ўзбагачэньня ўрану, а таксама пра адкрыцьцё гандлёвых прадстаўніцтваў. Таксама ня выключана, што кіраўнікі абедзьвюх дзяржаваў разгледзяць праект павелічэньня прапускной здольнасьці нафтаправоду Атырау — Самара.

Расейскі прэзыдэнт менавіта з Казахстану распачаў сваё двухтыднёвае падарожжа па Цэнтральнай Азіі. Наступным будзе Туркмэністан. Улады Казахстану і Туркмэністану лічаць, што Расея крыху злоўжывае атрыманай у спадчыну пасьля СССР манаполіяй на транзыт нафты і газу.

Аднак з нагоды візыту Пуціна прэзыдэнты абедзьвюх краінаў ня будуць удзельнічаць у энэргетычным саміце ў Польшчы.

«Фармат ’антырасейскага’ саміту ў Польшчы быў зьменены. З моцнай ’пяцёркі’ ён пераўтварыўся ў слабую ’чацьвёрку’. І будзе адбывацца на фоне дэманстратыўнай сустрэчы кіраўніка Расеі зь лідэрамі дзьвюх дзяржаваў, на энэргетычную сыравіну якіх так разьлічваюць эўрапейцы», — піша «Коммерсантъ».

«Для Расеі будаўніцтва транскасьпійскага газаправоду будзе азначаць ня толькі страту даходаў з транзыту, але таксама і паслабленьне пазыцыі ў дыялёгу з Захадам, як і пазыцыі ў Самой Цэнтральнай Азіі» — піша газэта «Ведомости». На думку газэты, калі Ўладзімер Пуцін пераканае прэзыдэнтаў Казахстану і Туркмэністану разгледзець альтэрнатыўную магістраль, то Масква значна ўзмацніць сваю геапалітычную вагу ў рэгіёне.

Калі, аднак, яна пераканае прэзыдэнта Туркмэністану рэалізаваць надкасьпійскі праект, то гэта будзе азначаць геапалітычнае зьбліжэньне Масквы і Ашхабаду.

«Ведомости» дадаюць, што сумнеўна, каб Захад прапанаваў туркмэнскаму прэзыдэнту палітычныя і эканамічныя гарантыі, якія ён атрымае з боку Масквы. Паміж іншым гэта стабільнасьць паставак праз сваю тэрыторыю — у адрозьненьне ад небясьпечнага шляху праз каўказскі рэгіён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?