Прагучыць сырэна ў порце часам.
Кіпарысаў дрэмле ціхі сад.
Дрэмле Ялта, на крутых тэрасах
Льецца вішань белы вадапад.
Тут вясна асыпала ўсё цьветам
І цяжэй знайсьці ўчарашні сьлед.
Хоць над раньнім курганом паэта
Напісалі імя і санэт.
Максім Танк, «Над магілай Багдановіча»

***

Ці можна ставіцца паважна да гэтага краю адпачынкаў з бутафорскімі краявідамі? Тут і жабрацтва, і бруд, і боль, здаецца, не кранаюць гэтак глыбока. У іх проста ня верыцца, калі стаіш пад пальмамі — іх шапаткія лісты?вэеры тамака здаюцца несапраўднымі… Як і малпачка Маша, няўрымсьлівае вясёлае стварэньне, якое скача з пляча на плячо мінакоў, жвава засоўваючы свае маленькія лапкі, чорныя й скураныя, нібы пальчаткі, у кішэні разявакаў… Ня менш кемлівы яе гаспадар, гэткі ж порсткі й жулікаваты, тут жа суне вам пад нос лічбавы фотаапарат, у шкляным атворы якога вы бачыце сябе з малпаю. Малпа — зьлева… У Менску кожны, хто пабываў у Ялце, ведае тую Машу. І ў кожнага свая показка пра яе. Не зарыгінальнічаў. Цешыць, прынамсі, адно: Маша здаровая, порсткая й вясёлая.

Наш паэт

Што ў Крыме сапраўднага? Хіба могілкі. Пасьля доўгіх бадзяньняў знайшоў-такі тыя, званыя ў народзе «старымі». Прыйшоў на Радуніцу на магілу Максіма Багдановіча. Для васількоў яшчэ ня час. Паставіў жоўты нарцыс.

У «Матэрыялах да бiяграфii Максiма» бацька паэта, Адам Багдановіч піша: «Месца абрана надзвычай няўдала: залевы i патокi з крутога схiлу лёгка маглi размыць магiлу. Я наняў вартаўнiка, каб магiлу ўмацаваць i ўпарадкаваць, пакiнуў грошы гаспадынi, каб пасадзiць кiпарысы i куст ружаў, прасiў сачыць за гэтым двух знаёмых, у тым лiку i дачку майго саслужыўцы, асабiстую знаёмую Максiма, але цi зроблена гэта — ня ведаю».

Месца для магілы Багдановіча насамрэч не адпаведнае беларускім уяўленьням пра добрае месца апошняга спачыну. Але іншых у гарыстым Крыме папросту не знайсьці… Пагатоў у 1917 г. Праз колькі часу і тут шчыравалі бязбожнікі, таму й першы крыж на ялцiнскай магiле быў зьнiшчаны, а на ягоным месцы паўстаў савецкі помнiк з чырвонай зоркай, які i пратрымаўся да 2003 г. А ў 2003 г. на магіле паэта ўсталявалі мэмарыял работы скульптараў Лява і Сяргея Гумілеўскіх. Для крыжа месца тут так і не знайшлося…

Нашы

На Радуніцу на тутэйшых могілках — тлум. Сьвятары расейскія, украінскія, армянскія… Адразу пры ўваходзе на могілкі трапляецца вялікая шыльда-страла «Максим Богданович». Дзякуй таму, хто парупіўся. Пасярод красавіка, пакуль не да канца распусьціліся тут дрэвы, між кіпарысаў відаць здалёк бел-чырвона-белае зіхценьне.

Крок становіцца ўпэўненым. Ля помніка расьце вялікая хваіна, на якой і ўмацаваныя бел-чырвона-белыя стужкі, сьцяг і бляшаная Пагоня.

На Максімавай магіле ўвіхаюцца землякі. Зь Ялты. Мыюць, мятуць, ставяць кветкі, сьвечкі. Сьпяшаюцца. Маўляў, зараз прыйдуць наступныя. Тыя, што тут во гэтыя сьцягі пачапілі й «Пагоню». «А я як Цімашэнку чую, дык у мяне мароз па скуры. Вядзьмарка… Нешта ў ёй такое сатанінскае…» За хвілінаў дзесяць перазнаёміліся, выпілі, закусілі. Не абышлося й бязь сьпеву рамансаў… Атрымаў адрасы, тэлефоны. Адна зь зямлячак, родам зь Петрыкаўшчыны, скончыла музычную школу й вучэльню ў Мазыры. Цяпер у Ялце выкладае музыку й сьпевы ў вучэльні. Пра посьпехі малых мазыранаў на дзіцячым Эўрабачаньні ня чула. На радзіме не была гадоў дзесяць. «Пагоню» ня любіць. Добра, што я памаўчаў. Рэдкая нагода пахваліць сябе самога. Наступных беларусаў, зь Севастопалю й Сімфэропалю, чакаць ня стаў. Няма моцы маўчаць…

Ня нашы сонца, горы, мора

Выглядае, што наш паэт тут не самотны, дзякуй Богу. Урэшце, я ж прыехаў у Крым па сонца, горы й мора...

Сонца беларусы не ўважаюць за нейкую самадастатковую вартасьць. Яно мусіць выконваць для нас сваю работу — грэць нашыя целы, ацяпляць нашыя агароды, асьвятляць нашыя шляхі. Рабіць сваю працу беларускае сонца мусіць акуратна, ашчадна, аднастайна.

Мо таму на бацькаўшчыне мы хаваемся ад зыркага сьляпучага сьвятла? Бо яно ж сваё, нікуды не падзенецца. А выпраўляемся куды на поўдзень, то падстаўляем сябе таму, купленаму, сонцу чым болей. Цешымся з часовага набытку. Але што ні кажы, нашае сонца і іхнае — розныя…

Горы, дарэчы, хоць адным радочкам, але згадаў кожны беларускі паэт сама меней ад часоў Багушэвіча. А ўжо ж колькі Міцкевічы, Адам і Кастусь, іх прыпаміналі!

І каму у тым прасторы
Ночка, дол, лясы і горы
У сьпевах кажуць — чэсьць, хвала?

Прага гораў — для беларуса не азартная пагоня за нечуванымі ўражаньнямі. Для нас горы — сымбаль недасяжнае дасканаласьці стварэньня. Рэч, што існуе сама сабою, без аніякае мэркантыльнае карысьці…

А мора нагадвае нам пра дзіцячыя летуценьні. Мы зьмяняемся, а мора застаецца тым самым. Неабсяжным. Прыгожым. І чужым. Апошняга слова не напісаў бы, каб хоць краем наш край выпінаўся ў марское шумавіньне. Мора ў нас няма. Ёсьць толькі балоты. І паэзія.

Наш паэт

Сухоты, невылечныя тады, змусілі Багдановіча зьехаць у Крым. Зімой 1917 г. ён апошні раз прыехаў у Ялту. А 25 траўня паэт пайшоў з жыцьця. Цяпер на месцы дома, дзе спынілася сэрца Багдановіча, пабудаваная санаторыя «Ялта». На бэтонным гмаху ваеннага расейскага клюбу — мэмарыяльная табліца ў гонар беларускага паэта. Вось жа, здавалася, на памяць са школы ведаем ягоныя апошнія словы:

У краіне сьветлай, дзе я ўміраю
У белым доме ля сіняй бухты…

Але азірнуўшыся, з наіўным подзівам пераканаўся: так, адсюль насамрэч раскрываецца ідылічная панарама на сінюю-сінюю бухту, да якое зьбягае калянада старых кіпарысаў. Прыгожа, як у турыстычным буклеце. Ці выходзілі вокны з пакою Багдановіча на мора? Невядома. Але калі стаць сьпінаю да мэмарыяльнай табліцы, то ўбачым шыкоўны палац эміра Бухарскага Сеід Абдул Ахан-хана, узьведзены паводле праекту архітэктара Тарасава ў 1903 г.

Вялікую дзялку зямлі эмір набыў яшчэ ў 1898 г., заклаў тут шыкоўны парк, дамы для прыслугі, гасьцей. І назваў свой ялцінскі маёнтак Дылькісо — «Чароўнае». Бадай, акурат гэтым палацам і давялося любавацца Багдановічу ў свае апошнія дні… Ці быў ён самотны? Гледзячы на шыкоўную сачыстую маўрытаніку палаца Сэід Абдул Ахан-хана, адказаць няцяжка. Між іншым, апроч уласнае рэзыдэнцыі, эмір пабудаваў у Ялце й шпіталь, які падарыў гораду….

Пасьля сьмерці Багдановіча, у 1917 г. палац Бухарскага эміра ў Ялце нацыяналізавалі й разрабавалі. Нашчадак трону, эмір Саід Мір Алім-хан, зьехаў у родную Бухару й колькі гадоў ачольваў антырасейскі супраціў, пакуль ня змушаны быў уцячы ў Кабул. Але да самае свае сьмерці фінансаваў і каардынаваў змаганьне з бальшавікамі.

Вось жа я залез цераз плот у палацавы парк Дылькісо ня проста зь любові да экзотыкі. Менавіта гэты палац мо апошняе, што бачыў у жыцьці зямным Максім Багдановіч. Ягоны ж белы дом, ля сіняй бухты, стаяў акурат насупраць. Цяпер у палацы балююць расейскія вайскоўцы — пра гэта я даведаўся, калі пераскокваў церазь белы плот, уцякаючы ад дужых ахоўнікаў з дзьвюхгаловымі арламі на рукавах…

Аддыхаўшыся, згадаў, што пару гадоў таму імя апошняга эміра Бухары, уласьніка гэтага палацу, згадвалася ў… крымінальнай хроніцы. Ягоны шыкоўны залаты кінжал, інкруставаны смарагдамі й туркусам, быў скрадзены на выставе ў… каліфарнійскім Лонг Біч. А пасьля знойдзены! У… пушцы з-пад абутку ў тэлефоннай будцы «ў краіне сьветлай…».

Ня наш сабор

Варта ў Ялце адведаць і сабор Аляксандра Неўскага, дзе ў траўні 1917 г. адпявалі 26-гадовага паэта. Тут быў і ягоны бацька. Цяпер храм зарос пальмамі. Лепшы выгляд на яго… зьверху, зь люлькі канатнага трамвайчыка, што вязе з пляжу на гару. Зрэшты, і хлуду ўсялякага зьверху відаць багата.

Пампэзны расейскі сабор пабудавалі ў гонар цара Аляксандра ІІ, якога забіў 1 сакавіка 1881 г. наш герой-пакутнік Ігнат Грынявіцкі.

Першы праект храму распрацаваў у 1889 г. архітэктар Эшліман, але 1 сакавіка 1891 г., да дзясятае гадавіны сьмерці цара, заклалі сабор паводле праекту дойлідаў Краснова і Церабнёва (яны ж, дарэчы, пабудавалі й тутэйшы ялцінскі рыма-каталіцкі касьцёл). Першы камень у падмурак заклала сама імпэратрыца Марыя Хведараўна.

Сабор атрымаўся двух’ярусным, з утульнымі адкрытымі галерэямі й шатровым ганкам. Абразы для храму выраблялі ў Мсьцёры Ўладзімерскай губэрні. А 11 званоў адлівалі ў Маскве. Галоўны звон важыў ажно 428 пудоў. Асьвячэньне сабору адбылося ў 1902 годзе… Натуральна, храм вельмі спадабаўся бацьку паэта, Адаму Багдановічу…

Між іншым, тут у 1918 г. адпявалі жонку Ф.М.Дастаеўскага, Ганну Рыгораўну. Але неўзабаве і гэты храм закрылі й разрабавалі бальшавікі…

Нашай гісторыі каліва

Беларусы стала жывуць у Крыме з XVIII ст. Япіскап Гермаген у «Таврической епархии» згадвае, што сярод першых ваенных пасяленцаў у Крыме пасьля яго захопу расейскімі акупантамі ў 1783 г. «были частью белорусы». Расейскія сатрапы гвалтам завозілі сюды беларусаў з толькі захопленых імі ваяводзтваў Рэчы Паспалітае цэлымі вёскамі: напрыклад, у вёску Азамат (!) Феадасійскага павету, што хапануў сабе генэрал-аншэф М. Кахоўскі, у кастрычніку 1788 г. прывезьлі ягоных прыгонных беларусаў з Магілёўскага намесьніцтва — былых жыхароў вёсак Паўловічы, Лазовіцы, Ракіты з Клімавіччыны. Беларускае селішча атрымала назоў Васільеўка (ёсьць яно й да сёньня).

Хоць самахоць сюды ня ехалі, але зямля тут шчодра палітая беларускаю крывёю. Ёсьць тутака, «пад Сьвістопалям», як казалі ў Беларусі тады, помнік славутаму беларусу Аляксандру Казарскаму, герою расейска-турэцкай вайны 1828—1829 гг., камандзіру легендарнага брыга «Меркурый». Помнік Казарскаму пастаўлены яшчэ ў 1831 г.

У Севастопалі ж, на жаўнерскіх Братніх могілках, пахаваныя тысячы нашых землякоў, якія загінулі пры абароне Севастопалю ў 1854—1855 гг. Сярод абаронцаў Севастопалю, воляю лёсу, між іншым, апынуўся й маладзенькі капітан Ян Баляслаў Луцкевіч, бацька Івана й Антона.

Шануюць у Крыме й беларуса пісьменьніка-рамантыка Аляксандра Грына, сына ўдзельніка паўстаньня 1863 г. Ён доўга жыў тут, натхняючыся тутэйшай экзотыкай…

Паводле перапісу 1897 г. у Крыме, у графе «белоруссы» значылася 2058 чалавек.

А вось як выселілі крымчакоў-татараў, то аматараў пажыць хораша і ў цяпле значна паболела. Паводле перапісу 1989 г., у Крыме жыло ажно 50054 беларусаў, то бок 2% ад насельніцтва гэтага далёкага краю. Для параўнаньня: да трагічнае дэпартацыі крымчакоў, у 1939 г., у Крыме жыло толькі 4900 беларусаў, альбо 0,55%.

Ня наша гісторыя

Што ёсьць сапраўднага ў Крыме, дык гэта ўсё «нярускае». Пахі, стравы, норавы. Уласна колішнія карэнныя жыхары складаюць цяпер больш як 12 адсоткаў насельніцтва. Але, апроч крымскіх татараў, сёньня тутака ж жывуць тысячы азэрбайджанцаў, чачэнцаў, інгушоў, туркаў… І калі цяпер у тутэйшых мястэчках надыходзіць час намазу, разумееш, што ты не ў Эўропе… Часта можна ўбачыць мэмарыялы ў памяць татараў-крымчакоў, якія загінулі на чужыне, у тузе па сваёй радзіме. Крымскія гарады штораніцы абуджае азан з адбудаваных мінарэтаў…

Далей ад тлумнага курортнага берагу, у горы, пачуцьцё сапраўднасьці толькі расьце.

На перавале — белы сьнег, зялёная гарбата.. Вярблюды, авечкі, коні. Горы мурам вакол. У вусьцішна змрочных цясьнінах сьнег.

Tam czy Allach postawiі scianа morze lodu?
Czy anioіom tron odlaі z zamrozonej chmury?

За пераваламі, між Чуфут-Кале й Бахчысараем, ляжыць Ясафатава даліна. У ХІХ ст. сюды прыяжджала шмат мастакоў, маляваць «палестынскія» краявіды. І Іванаў сюды езьдзіў, і Крамской, і Ге, і наш Рушчыц.

Тут засталіся сьведчаньні чалавечага жыцьця за сем тысячаў гадоў. Таўраў зьмянілі скіфы, аланы, караімы, татары. А цяпер — нікога. Нейкія драбнюткія казуркі й шыкоўны дыван прыўкрасных горных кветак. Кавалкі «Крымскіх санэтаў» выскокваюць з памяці, як тосты з тостэру… Але дарэчы.

Stomy! — jack cicho! — slysze ciаgnаce zurawie,
Ktorych by nie doscigly srenice sokola;
Slysze, kedy sie motyl koіysa na trawie;
Kedy wаz slizkа piersiа dotyka sie ziola.

Што ўражвае тут болей? Адноўлены татарскі Бахчысарай, дзе гадоў дваццаць таму гаспадарылі бамжы й сабакі, ці мёртвая й чыстая вусьціш закінутага Чуфут-Кале, якому сем тысячаў гадоў? Пэўна, каляіны ад колаў, што адпаліравалі гэты нішчымны вапняк… За сем тысячаў гадоў… Усё нібы марнае: пакуты, працы, песьні. Зьніклі бяз знаку дзясяткі народаў. Але калі ўжо й наш лёс такі, то я не хачу быць нікім іншым, як сабою…

Палац эміра Бухарскага, які Максім бачыў з вакна
Царква, у якой адпавялі Багдановіча
Чуфут-Кале: горад, якому 7 тыс. гадоў
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?