Цырымонія ўзнагароджання лаўрэатаў прэміі грамадскага аб’яднання БНФ «Адраджэньне» адбылася 11 мая ў мінскім офісе Партыі БНФ.

Прэмія была заснавана сёлета. Яна прысуджаецца за дасягненні ў галіне грамадскай дзейнасці, культуры, навукі і адукацыі.

На атрыманне прэміі было вылучана дзесяць намінантаў, чацвёра з іх сталі лаўрэатамі. Пасмяротна ўзнагароджаны эканаміст Валерый Дашкевіч — аўтар больш як тысячы работ па эканоміцы.

У галіне адукацыі і навукі прэмію атрымаў Зміцер Колас, які выдаў беларуска?англійскі і беларуска?нямецкі слоўнікі, а таксама пераклады на беларускую мову твораў замежнай літаратуры.

У намінацыі «Культура» пераможцам стаў музыка Зміцер Сасноўскі, які разам з гуртам «Стары Ольса» правёў дзесяткі канцэртаў і выдаў некалькі альбомаў беларускай гістарычнай музыкі.

За нізку публікацый у газеце «Наша ніва» ў намінацыі «Грамадская дзейнасць» лаўрэатам прэміі стаў палітык Павел Севярынец, які цяпер адбывае крымінальнае пакаранне.

Лаўрэаты прэміі ўзнагароджаны бронзавымі статуэткамі з выявай вершніка «Пагоні» на падстаўцы з мармуру (аўтар — скульптар Аляксандр Мінько). Адмысловыя скураныя тэчкі для лаўрэатаў стварыў майстар Вячаслаў Дубінка.

У склад журы ўвайшлі мастацтвазнаўца Вацлаў Арэшка, фатограф Ігар Крашэўскі, перакладчык Лявон Баршчэўскі, палітыкі Вінцук Вячорка і Аляксей Янукевіч, грамадская актывістка Валянціна Свяцкая, рэжысёр Сяргей Патаранскі. Старшынёй журы быў мастак Аляксей Марачкін.

Як паведаміў падчас цырымоніі старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, гэтая безграшовая прэмія мае сімвалічнае значэнне, «асабліва для тых, хто атрымлівае яе сёлета, бо гэта адбываецца ў першы раз, што ўскладае асаблівую адказнасць на лаўрэатаў».

«Я спадзяюся, надыдзе час, калі клуб лаўрэатаў прэміі набудзе магчымасць уручаць прэмію не сімвалічна, а надаваць ёй канкрэтнае напаўненне як у матэрыяльным, так і ў творчым кірунку», — сказаў В.Вячорка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?