У нядзелю ў Маскве скончыўся 71‑ы чэмпіянат сьвету па хакеі. Гаспадарам турніру, якія хацелі дома перарваць сэрыю няўдачаў, ізноў прыйшлося задавальняцца не залатым мэталам.

Расейцы ў паўфінале аказаліся слабейшымі за фінаў. Што праўда, ужо на 9 хвіліне нашы ўсходнія суседзі стараньнем юнага таленту Яўгена Малкіна, выйгравалі — 1:0. Пэўна вырашальным момантам стала тое, калі на 13‑ай хвіліне Хентунен у меншасьці зраўняў лік. Пасьля гэтага гульня супакоілася, ішла нэрвовая барацьба да першай памылкі. У авэртайме яе дапусьцілі расейцы — 1:2.

У другім паўфінале такой напружанай барацьбы не атрымалася. Леташнія чэмпіёны, швэды, не змаглі аказаць годнага супраціву канадцам — 1:4.

Самі на сябе швэды не былі падобнымі і ў матчы за бронзу. Расейцы ўсю гульню дамінавалі й заслужана перамаглі — 3:1. У іх «бронза». Гэта толькі пятая ўзнагарода расейцаў з часоў развалу СССР.

Першыя пэрыяды фінальнага паядынку між Канадай і Фінляндыяй пакідалі ўражаньне, што матч будзе насіць ня самы цікавы характар. Канадцы ўжо напачатку захапілі ініцыятыву, а Нэш і Стаал закінулі дзьве шайбы ў большасьці. У другім пэрыядзе Армстранг патроіў перавагу «кляновых лістоў».

Аднак на гэтым інтрыга ня зьнікла. Натхніўшыся прысутнасьцю на трыбунах «Хадынкі» прэзыдэнта Фінляндыі Тар’і Халанен, фіны змаглі адыграць дзьве шайбы. Лік стаў зусім хісткім — 3:2. Аднак у парыве атакі фіны забыліся на абарону. Слаламны праход Нэша, які аформіў дубль, зьняў усе пытаньні пра пераможцу.

Такім чынам, канадцы сталі дваццацічатырохразовымі чэмпіёнамі сьвету па хакеі. Дагэтуль чэмпіёнскіх тытулаў было аднолькава ў Канады і Расеі (з улікам СССР) — па 23.

Дарэчы, у наступным годзе чэмпіянат пройдзе акурат у Канадзе — у Квэбэку і Галіфаксе. Як ні дзіўна, але радзіма хакею сусьветнае першынства будзе прымаць упершыню. Група беларусаў будзе выглядаць наступным чынам: Швэцыя, Швайцарыя, Беларусь, Францыя. Група зусім не выглядае непраходнай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?