Сярод матчаў пятага туру чэмпіянату Беларусі па футболе вылучаліся два матчы — у Берасьці і Салігорску.

Цікавасьць да сустрэчы між берасьцейскім «Дынама» і БАТЭ была найперш праз тое, што каманды 27 траўня разыграюць у Менску Кубак Беларусі. У Берасьці была як бы генэральная рэпэтыцыя фіналу. Вынік жа стаў нечаканым. БАТЭ, які яшчэ нікому не прайграваў у сэзоне, быў не падобны на сябе. Першы тайм скончыўся «па нулях». У другім жа «дынамаўскі» капітан Віктар Сокал зрабіў дубль. БАТЭ хапіла толькі на тое, каб забіць гол прэстыжу на чацьвёртай дададзенай хвіліне — 1:2.

Нягледзячы на паразу, БАТЭ ўсё адно захаваў лідэрскія пазыцыі, бо МТЗ‑РІПА сваю гульню зьвёў унічыю. «Шахцёр» і МТЗ каманды прыкладна аднаго ўзроўню, таму ў канчатковым выніку матча нічога дзіўнага няма —1:1. На гол «трактаразаводца» Шчэгрыковіч, «Шахцёр» адказаў мячом Кліменкі — 1:1.

«Гомель» дома разграміў «Дняпро» — 4:0. Хет‑трык (тры галы за гульню) зрабіў Раман Васілюк, яшчэ адзін гол на рахунку Валер’я Стрыпейкіса.

Ізноў прайграла менскае «Дынама». Гэтым разам у Наваполацку — 0:1. Пазыцыі трэнэра менчукоў Хацкевіча хістаюцца ўсё болей. «Дынама» цяпер з чатырма пунктамі займае дванаццатае месца.

Перамога ж дазволіла «Нафтану» сысьці з апошняга радка ў табліцы. Цяпер гэтае зусім не ганаровае месца зноў займае «Віцебск». Каманда ніяк ня можа знайсьці новага галоўнага трэнэра. Пры часовым настаўніку Юр’ю Канаплёву, клюб сыграў унічыю зь «Нёманам» — 0:0.

Астатнія матчы туру прынесьлі наступныя вынікі: «Тарпэда» — «Смургоні» 1:0, «Дарыда» — «Менск» 0:0.

Турнірная табліца пасьля пяці тураў выглядае наступным чынам:

БАТЭ — 12 пунктаў, МТЗ‑РІПА — 11, «Гомель», «Шахцёр», «Нёман», «Тарпэда», «Дынама» (Берасьце) — па 8, «Дарыда» — 7, «Смургоні», «Менск», «Дняпро» — па 5, «Дынама» (Менск) — 4, «Нафтан» — 3, «Віцебск» — 2.

Найлепшы бамбардзір Раман Васілюк («Гомель») — 6 галоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?