Гарадзенскі «Кінавідэапракат» у сьнежні плянуе скончыць рэканструкцыю найстарэйшага гарадзенскага кінатэатру «Чырвоная зорка». У абноўленым кінатэатры амаль утрая паменее месцаў, але затое зьявяцца канапы і столікі з індывідуальным асьвятленьнем. На галёрцы будуць адмысловыя месцы для закаханых, на якія будуць прадаваць толькі падвойныя квіткі. У кінатэатры запрацуе бар, які будзе абслугоўваць і гледачоў. Акрамя кінапраглядаў у «Чырвонай зорцы» будуць ладзіць начныя забаўляльныя праграмы. Дзеля гэтага перад экранам абсталюць танц‑пляцоўку.

У цёплы час сутак гледачы змогуць адпачыць за столікамі ва ўнутраным дворыку. Для наведнікаў кінатэатру прадугледжаная кругласуткавая ахоўваемая аўтастаянка.

У кінатэатры усталююць сучаснае абсталяваньне, у тым ліку і сыстэму «Dolby». Разам з тым, у часе рэканструкцыі адрэстаўруюць аўтэнтычныя элемэнты дэкору строга будынку.

Кінагурманаў чакае прыемная навіна — у адноўленым кінатэатры ізноў запрацуе клюб «Ракурс». Да рэканструкцыі гэта было ці не адзінае месца ў горадзе, дзе можна было пабачыць найлепшыя фільмы эўрапэйскага кінематографу.

Найстарэйшы кінатэатар Горадні быў пабудаваны ў 1914 г. і першапачаткова называўся «Эдэм». Пасьля, як сьпявае гарадзенскі бард Віктар Шалкевіч, прыйшла новая ўлада і ад 1940 г. «Эдэм» ператварыўся ў «Чырвоную зорку», і пад гэтай назвай існуе дагэтуль.

Сямён Печанко паводле s13.ru

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0