"Камунізм — на міжнародны трыбунал" — слоган для Беларусі, трэба сказаць, эпатажны. У нас камуністы хоць і перасталі быць "кіроўнай і накіроўнай", але ж вунь ледзь ці ня рэй вядуць ў аб'яднанай апазыцыі.

Зразумела, навукоўцы не зьбіраюцца выклікаць на суд Калякіна і ягоных паплечнікаў (якія да таго ж сьвярджаюць, што паружавелі :-) Гаворка ідзе пра маральную ацэнку злачынстваў таталітарнай эпохі, і найперш часоў сталінізму.

Мне ж падумалася: а ці шмат хто з нашага паспалітага люду ўвогуле ведае, што ў краіне дзейнічае грамадзкі аргкамітэт дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў? І што сёлетні год абвешчаны Годам памяці, а 29 кастрычніка прапанавана лічыць Днём памяці?

Нагадаю: 29 кастрычніка 1937 году адбыліся масавыя расстрэлы беларускай інтэлігенцыі. Назаву толькі некалькі імёнаў: Міхась Чарот, Платон Галавач, Алесь Дудар, Міхась Зарэцкі, Тодар Кляшторны...

Увогуле ж сталінскія рэпрэсіі закранулі ледзь ці ня кожную сям'ю. Успамін ранняга дзяцінства: нас з братам хоча пачаставаць цукеркамі-падушачкамі стары з кійком. У яго трасуцца рукі, і нам цяжка ўхапіць тыя цукерчыны... Гэта прадзед Вацлаў. Ён зусім слабы і неўзабаве памрэ. Пазьней бацькі распавядуць: прадзед трапіў у ГУЛАГ за тое, што ў трыццаць нейкім там годзе пакрытыкаваў на сходзе калгасны лад. Моцны мужчына вярнуўся з Сыбіру зьнясіленым дзядком... Многія ж не вярнуліся ўвогуле. А іншых расстралялі на сваёй зямлі — у дзясятках Курапатаў.

Як сьцьвярджае гісторык Ігар Кузьняцоў, што даўно дасьледуе тэму сталінскіх рэпрэсіяў, ад іх у Беларусі пацярпелі каля двух мільёнаў чалавек. У тым ліку — мільён 350 тысяч сялянаў.

На жаль, той зварот, што грамадзкі аргкамітэт абнародаваў у лютым, не атрымаў вялікага рэзанансу. Нават незалежныя мэдыі хутка выпусьцілі тэму з поля зроку.

Прыняць удзел ва ўшанаваньні памяці ахвяраў прапаноўвалася і ўладам. У прыватнасьці, зрабіць 29 кастрычніка афіцыйнай памятнай датай, выдаць указ, каб выканаўчыя ўлады ў гэты жалобны дзень аздаблялі чорнымі стужкамі і прыспускалі дзяржаўныя сьцягі…

Але водгуку практычна не было. Хіба што КДБ паказаў узор казённай акуратнасьці. У адказе за подпісам генэрала Сухарэнкі паведамілі, што лічаць нямэтазгодным ствараць дзяржаўны аргкамітэт дзеля ўшанаваньня памяці ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў. Маўляў, гэта запатрабуе дадатковых штатных адзінак, сродкаў для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня...

Было б наіўна спадзявацца, што ўлады падхопяць пачын. Не дзеля таго стваралі "лінію Сталіна"! Паўзучая рэабілітацыя сталінізму, ягоных мэтадаў адпавядае інтарэсам цяперашніх кіроўных вярхоў. І наадварот — ініцыятывы грамадзскасьці, скіраваныя на выкрыцьцё злачынстваў сталінізму, уладзе не пад нос. Бо разбураюць яе ідэалягічны падмурак, яе міталёгію, у тым ліку пра мудрага вусатага генэралісімуса — творцу усіх гістарычных перамогаў.

Але ж, кладучы руку на сэрца, і паспаліты люд у масе сваёй глухі да тэмы. Хіба не прыходзілі ў Курапаты абываталі смажыць шашлык? Зянон Пазьняк мае рацыю: "Бальшыня беларускага грамадзтва ўжо стагодзьдзі вечна нічога не разумее. А вопыт папярэдніх не засвойваецца наступнымі, бо ў нацыянальна дэфармаваным грамадзтве катастрафічна абніжана памяць".

Хтосьці скажа: але ж, напрыклад, у суседняй Польшчы, бадай, пайшоў ужо нейкі перагін з гэтымі люстрацыямі і г.д. Вунь нават былы дысыдэнт Герэмэк запратэставаў.

Канешне, лепей не перагінаць кій. Увогуле ж, кладучы руку на сэрца, пасьля зьмены палітычных варункаў беларускае грамадзтва таксама мусіць прайсьці праз працэсы маральнага ачышчэньня. Бо калі ва ўладзе будуць мімікраваць былыя стукачы, ні пра гістарычную справядлівасьць, ні пра дэмакратычны лад і гаворкі быць ня можа. Пакуль у нас дзяржава не асудзіць публічна змрочную спадчыну таталітарызму, не разьвітаецца зь ёй рытуальна, — будзе існаваць небясьпека рэцыдыву.

Таму што да эпатажнага слогану... Сяргей Калякін, падаецца, дастаткова разумны палітык, каб на такія рэчы ня крыўдзіцца. Увогуле ж беларусам патрэбны, калі хочаце, эмацыйны шок, які б электрычным разрадам працяў масавую сьвядомасьць і абудзіў нарэшце гістарычную памяць. Бо — зноў цытую Пазьняка — "вынішчэньне нацыянальна цёмнага грамадзтва і нацыянальна неразьвітых эліт заканчвалася вечным беларускім пытаньнем на краі курапацкай ямы: "За што?".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?