Нацыянальную кiнастудыю «Беларусьфiльм» у хуткiм часе чакае вялiкая перабудова

Капiтальнага рамонту ў сценах «Беларусьфiльма» не было з моманту яго ўводу ў 60‑м годзе. Абследаванне будаўнiчых складовых студыi дало несуцяшальныя вынiкi: больш за 53 працэнты будынкаў знаходзяцца ў аварыйным цi непрацуючым стане.

Рашэнне аб рэканструкцыi Нацыянальнай кiнастудыi прымалася на самым высокiм узроўнi, у блiжэйшыя 2—3 гады яна павiнна пачацца. Прадугледжваюцца даволi iстотныя перамены: у галоўным корпусе i гасцiнiцы будзе праведзены капiтальны рамонт, а iншыя будынкi могуць быць увогуле знесены. Патрабуецца рамонт пляцоўкi натурных здымкаў. Але ў той жа час кiраўнiцтва кiнастудыi спадзяецца на будаўнiцтва чатырохзальнага кiнатэатра з памяшканнем для тэатра кiнаакцёра, плануецца ўвядзенне жылля для супрацоўнiкаў студыi. Канешне, грандыёзныя планы патрабуюць сур’ёзных iнвестараў. I ўсё гэта пры тым, што закрываць «Беларусьфiльм» на час рэканструкцыi не будуць. Кiнастудыя ў такiх няпростых умовах будзе займацца сваёй галоўнай працай — рабiць кiно.

Напрыклад, цяпер запушчаны ў вытворчасць чатыры рознажанравыя беларускiя фiльмы. А ўсяго пры ўдзеле «Беларусьфiльма» сёлета павiнна быць выпушчана 10 фiльмаў — кiнематаграфiсты з iншых краiн карыстаюцца паслугамi нашай вытворча‑тэхнiчнай базы. Цi не гэта дадатковы штуршок да грандыёзнага рамонту? I яшчэ дзяржаўныя iнтарэсы: кожны год колькасць выпушчанай кiнапрадукцыi па плану павiнна будзе павышацца. Абяцаюць, што ў 2010 годзе ў нашай краiне будзе стварацца 12 карцiн, iх вытворчасць павiнна выйсцi на ўзровень савецкага перыяду. Калi мераць колькасцю. Але асобная тэма — якасць. Дзеля яе кiнастудыя забяспечваецца самым сучасным абсталяваннем. А новы погляд на кiно, трэба думаць, павiнны забяспечваць маладыя кiнематаграфiсты. Якiя, магчыма, вернуцца працаваць на радзiму пасля вучобы ў расiйскiх спецыяльных навучальных установах.

«Задача студыi — адысцi ад сярэдняга кiно i падняць яго да таго ўзроўню, на якiм яно павiнна знаходзiцца», — адзначыў Аляксандр Яфрэмаў, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнай кiнастудыi. — Для гэтага патрэбны цiкавыя героi, сюжэты, сцэнарыi. У нас ёсць кiнематаграфiчны пiсьменнiк сусветнага ўзроўню — Уладзiмiр Караткевiч. Мы сур’ёзна думаем аб такiм праекце. Але ён павiнен быць касцюмны, значыць вымагае выдаткаў. Калi не цяпер, то з цягам часу абавязкова дойдзем да яго».

Ёсць фiльмы, якiя проста павiнны быць якаснымi, iнакш iх здымаць нельга. Да такiх будзе адносiцца фiльм аб святой Ефрасiннi Полацкай. Ёсць блаславенне на такую працу мiтрапалiта Фiларэта. Ёсць некалькi варыянтаў сцэнарыя, але пакуль не выпрацаваны той, якi задаволiў бы ўсiх. «Сцэнарны голад, якi вядомы ўсiм студыям свету, iснуе ў Беларусi. Сцэнарыяў прыносяць шмат, але не значыць, што яны добрыя», — патлумачыла Наталля Сцяжко, галоўны рэдактар Нацыянальнай кiнастудыi «Беларусьфiльм».

Паводле: Ларыса Цiмошык, «Звязда»

Фота Тацяны Маўчанскай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0