Нiбыта эсэ. Прысьвячаецца дню дзяржаўнага герба й сьцяга Беларусі. З пошты Рэдакцыі.
Надышла вясна. Усё навакольле апранулася ў зялёнае – яно ўсюды. Ды, як у вядомым маналёгу Жванецкага: «Прыйшло лета – распранулiся жанчыны, апранулiся дрэвы.» Усё гэта дало падставы ствараць кампазыцыi з кветак у чырвона‑зялёных гамах на клюмбах у цэнтры горада.
Побач па дарозе едзе зялёненькi «МАЗаўскi» аўтобус , што мыргае ззаду чырвоненькiмi вочкамi. Пераводжу позiрк i заўважаю чырвонага чалавечка на сьветлафоры.Праз колькi сэкундаў ён зьмяняецца на свайго зялёнага таварыша , якi дазваляе перайсьцi гэтую самую дарогу.
Паглядзеў у блакiтнае неба. Высока над будынiнай матляецца нейкi ... чырвона‑зялёны шматок тканiны.
Пайшоў на футбол. Усё ў парадку: трусы ‑ зялёныя, саколкі ‑ чырвоныя. Ды й балёнікі перад пачаткам пускалi ў неба ... чырвона‑зялёныя...
Адкрыў дзёньнiк,паглядзець адзнакi свае. Другая старонка — чырвона‑зялёны малюнак ды подпiс ,вiдаць, па‑беларуску –ФЛАГ.
Вярнуўся дадому. Цiха. Усе сьпяць. Няўжо?! Не‑е‑е... Ноччу прысьнiлiся нейкiя зялёныя стварэньнi з ... чырвонымi вачыма. А‑а‑а...Ледзь ня зьехаў з глузду я...