У сувязі з падзеямі вакол Бронзавага салдата, якога ў канцы красавіка перанесьлі з плошчы ў цэнтры Таліна на вайсковыя могілкі, падтрымка жыхарамі Эстоніі Рэфармісцкай партыі, лідэрам якой зьяўляецца прэм’ер‑міністар Андрус Ансіп, вырасла ў траўні да рэкорднага паказьніка ў 46%. У красавіку рэфармістаў падтрымлівала 34% апытаных.

Паводле дадзеных апытаньня, праведзенага ў траўні сацыялягічнай фірмай TNS Emor на замову газэты Postimees, другое месца займае Цэнтрысцкая партыя, рэйтынг якой упаў на 3% і склаў 21%. Далей ідуць аб’яднаная партыя Саюз Айчыны і Рэспубліка ‑‑ 11%, партыя «зялёных» ‑‑ 10%, Сацыял‑демакратычная партыя ‑‑ 7% і Народны саюз ‑‑ 2%.

Сацыёлягі зьвязваюць рост рэйтынгу Ансіпа з папулярнасьцю рашэньня аб пераносе Бронзавага салдата.

«У сытуацыі, калі ў грамадзтве адбываюцца падзеі, якія ўплываюць на бясьпеку і пачуцьцё ўпэўненасьці, дзейнічаць два правілы. Па‑першае, кола асоб, што выступаюць перад грамадзкасьцю, заўсёды становіцца вельмі вузкім. Па‑другое, грамадзкія настроі ссоўваюцца ў бок гэтых людзей, то бок лідэраў», ‑‑ кажа намесьнік старшыні Сацыял‑дэмакратычнай партыі Эйкі Нестар.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?