16 траўня а 20‑й гадзіне пад сьценамі пасольства Беларусі ўкраінскія й беларускія паэты будуць чытаць «Оду дыктатару». Супольная грамадзянская й мастацкая акцыя прысьвечана Дню Салідарнасьці, які адзначаецца 16 дня кожнага месяца ў Беларусі й па‑за яе межамі.

А 20.10 прадстаўнікі беларускай грамады Кіева і ўкраінскія актывісты запаляць сьвечкі ў памяць пра зьніклых і загінулых беларускіх грамадзкіх дзеячаў і палітыкаў.

А 20.20 пачнецца мастацкая частка акцыі. Украінскія паэты Олександр Ірванець, Анатолій Дністровий, Богдан Горобчук, Олег Коцарев і беларус Андрэй Хадановіч зачытаюць урыўкі з сваіх твораў.

Роўна год таму, 16 траўня 2006‑га, беларускія і ўкраінскія літаратары ўжо праводзілі сумесную акцыю, якой заклікалі прэзыдэнта Ўкраіны далучыцца да санкцый ЭЗ, накладзеных на высокіх чыноўнікаў Беларусі, якія падазраюцца ў арганізацыі злачынстваў супраць палітычных апанэнтаў.

Сёлета паэты выходзяць на вуліцу, каб заявіць пра сваю грамадзянскую пазыцыю, прачытаўшы цыкль сваіх твораў пад умоўнай назваю «Ода дыктатару».

belarus.org.ua

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0