Кіеўская адміністрацыя толькі плянуе разьвязаць кватэрнае пытаньне спосабам, які даўно практыкуецца ў Менску

Кватэрнае пытаньне ў Кіеве стаіць ня менш востра, чым у Менску. Асабліва адчувальная праблема забесьпячэньня жыльлём чаргавікоў. Інвэнтарызацыя кватэрнай чаргі, праведзеная ў лістападзе, сьведчыць, што на сацыяльнае жыльлё ў сталіцы Ўкраіны прэтэндуюць 128 082 сем’яў. Для параўнаньня — у Менску на ўліку знаходзяцца каля 170 тысячаў сем’яў, што маюць патрэбу ў засяленьні. Сёлета ў Кіеве плянуюць збудаваць 1,4 млн. кв. м жыльля, пры гэтым ільготнікам, што стаяць у чарзе, выдзеляць 3 000 кватэраў. У Менску павінныя збудаваць 1 млн. 70 тыс. кв. м. Па выніках 2006 г. каля 6000 сем’яў‑чаргавікоў атрымалі сацыяльныя кватэры. Сёлета доля сацыяльнага жыльля, паводле завярэньняў дзяржчыноўнікаў, мусіць істотна ўзрасьці.

Каб паскорыць прасоўваньне чаргі Кіеўская гарадзкая дзяржадміністрацыя вывучае магчымасьць зьмяншэньня плошчы кватэраў, што будуюцца дзеля выдзяленьня льготнікам у парадку кватэрнай чаргі. Па меркаваньні кіеўскіх уладаў, сёньня сацыяльнае жыльлё па сваіх характарыстыках больш нагадвае камэрцыйнае: сярэдняя плошча аднапакаёвак складае каля 50 кв. м., двухпакаёвак — больш за 80 кв. м.

Варта адзначыць, што ў Менску стала практыкуецца выдзяленьне льготнікам «горшага» жыльля — меншага па плошчы, у спальных раёнах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?