Кіраўніцтва Саюза беларускіх пісьменнікаў (СБП) атрымала адказ на скаргу ў Пракуратуру Беларусі, што тычылася мінулагодняга распараджэння міністра адукацыі Аляксандра Радзькова кіраўнікам структур і ўстаноў адукацыі «па недапушчэнні правядзення ва ўстановах адукацыі мерапрыемстваў па лініі грамадскага аб’яднання «Саюз беларускіх пісьменнікаў». Аб гэтым 16 мая ў Мінску на пасяджэнні рады творчага аб’яднання паведаміў старшыня СБП Алесь Пашкевіч.

У адказе сярод іншага адзначаецца, што скарга «разгледжана Пракуратурай Беларусі і накіравана міністру адукацыі з просьбай скарэкціраваць раней дадзенае ім указанне адносна дзейнасці ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» з улікам патрабаванняў заканадаўства» і аб выніках яе разгляду будзе паведамлена. «Улічваючы, што адказ датаваны 27 красавіка, будзем чакаць да канца мая і спадзяемся, што гэты ліст будзе разгледжаны у Міністэрстве адукацыі», — сказаў А.Пашкевіч. Ён адзначыў, што на ўсе лісты, якія на працягу шасці месяцаў накіроўваліся на адрас А.Радзькова, кіраўніцтва СБП адказу не атрымала.

Паводле распараджэння Мінадукацыі, у мэтах прапаганды мастацкай літаратуры, арганізацыі эфектыўнай працы па ідэалагічным і духоўным выхаванні вучнёўскай і студэнцкай моладзі даручаецца забяспечыць правядзенне творчых сустрэчаў з пісьменнікамі і іншых культурна‑масавых мерапрыемстваў з іх удзелам толькі па ўзгадненні з грамадскім аб’яднаннем «Саюз пісьменнікаў Беларусі», зарэгістраваным у 2006 годзе.

Далей А.Пашкевіч адзначыў, што управа рады СБП аспрэчыла запланаваныя ўладамі змены у школьных праграмах па беларускай літаратуры, у якіх між іншым меркавалася «гранічна мінімізаваць змест манаграфічных тэм, прысвечаных творчасці народных паэтаў Беларусі Ніла Гілевіча і Рыгора Барадуліна», «выключыць са спіса літаратуры для вывучэння і пазакласнага чытання творы Святланы Алексіевіч, Сяргея Законнікава, Вольгі Іпатавай, Уладзіміра Арлова, Міхася Скоблы, Вітаўта Чаропкі і іншых апазіцыйна настроеных пісьменнікаў», а «пры вывучэнні творчасці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы выключыць п’есу «Тутэйшыя». Паводле слоў старшыні СБП, на сенняшні дзень гэтыя змены, аб якіх стала вядома з публікацый у інтэрнеце, «замарожаныя».

Разам з тым удзельнікі пасяджэння паведамілі, што звольнены з працы чатыры чыноўнікі і спецыялісты Мінадукацыі і Нацыянальнага інстытута адукацыі, якія мелі дачыненне да распрацоўкі запланаваных зменаў у праграмах па беларускай літаратуры. Сябры рады выказалі меркаванне, што «чыстка праграм» будзе ажыццяўляцца, але больш сакрэтна, аб чым сведчыць змест праграмы для абітурыентаў ВНУ па беларускай літаратуры, з якой выкраслены многія творы выбітных беларускіх літаратараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?