У Нігерыі вызвалена грамадзянка Беларусі Ірына Экпа‑Ума, якая была выкрадзена 5 траўня. Пра гэта Associated Press паведамілі ў будаўнічай фірме, якая працуе ў дэльце Нігера, дзе была выкрадзена жанчына. Як высьветліла «Салідарнасьць», у жанчыны прастрэленая нага. Патрэбная апэрацыя.

Умовы вызваленьня, якімі займаліся расейскія дыпляматы, пакуль невядомыя. Нагадаем, выкрадальнікі хацелі атрымаць за вяртаньне беларускі 1,2 мільёна даляраў.

— Ірына тэлефанавала а другой гадзіне ночы Разаліне (старэйшай дачцэ, якая вучыцца ў Беларускім дзяржаўным мэдыцынскім унівэрсытэце). Расказала, што падчас захопу выкрадальнікі прастрэлілі ёй нагу, пашкодзілі костку. Таму яна тэрмінова кладзецца ў больніцу, дзе, найхутчэй, яе праапэруюць. Падрабязнасьцяў вызваленьня сястры я ня ведаю, бо зь ёй яшчэ не размаўляў, — расказаў «Салідарнасьці» брат Ірыны Алег Гівоін, які жыве ў Менску.

«Мама на волі!», — гэтак паведаміла яму радасную вестку пляменьніца Разаліна.

МЗС Беларусі пацьвярджае факт вызваленьня беларускай грамадзянкі. «Ірына Экпа‑Ума» была вызвалена позна ўвечары ў сераду. Яна жывая і здаровая», — заявіла «Інтэрфаксу» начальніца аддзелу прэсавай службы МЗС Марыя Ваньшына.

Спадарыню Ірыну пратрымалі ў закладніцах каля 11 сутак. Беларуска замужам за грамадзянінам Нігерыі. У іх чацьвёра дзяцей.

gazetaby.com

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0