Скончылася чарговая музычная спартакіяда, і цяпер можна перабінтаваць раны і паглядзець, што мы зрабілі ня так. З кожным годам Эўравізія для Беларусі ўсё больш набывае значэньне спорту. Адную за адной страчваючы надзеі сьцьвердзіцца на іншых пляцоўках, Беларусь чакае вынікаў ад змагара зь мікрафонам.

Чацьверты ўдзел нашай краіны ў Эўравізіі нарэшце прынёс пэўны плён. Наступны раз проста ня трэба разьлічваць выключна на расейскамоўнага гледача, які змог бы прасячы дасьціпнасьць, зьвязаўшы пераклад Калдуновага прозьвішча з адмыслова дарэчнай назвай яго песьні (між тым, па‑беларуску калдун — гэта дранік зь мясам, пяльмень).

Гледзячы на посьпех суседзяў па кантынэнце, можна шмат чаму навучыцца і падрыхтавацца да Эўравізіі’08 так, каб у наступным годзе нават балканскія краіны, дагэтуль верныя свайму гістарычнаму братэрству, выставілі нашай краіне найвышэйшую адзнаку.

Агледзеўшы фаварытаў публікі дый усіх астатніх, можна вылічыць кампанэнты перамогі.

Камплект аднаразовых герояў

Той факт, што Эўравізія ўжо даўно не зьяўляецца конкурсам песьні дый наагул музычнай імпрэзай, цяпер вядомы бадай што кожнаму. Вазіць на фэстываль менавіта песьню ўжо нікому нецікава. Лічыцца, што ў расьпешчанага слухача даўно адваліліся вушы, і цяпер можна падлавіць яго хіба што на якім‑небудзь прыхаваным комплексе (сэксуальнасьць, гіпэрсэксуальнасьць, гомасэксуальнасьць, транссэксуальнасьць, нешта іншае).

Сёлета толькі адна краіна прэзэнтавала на пляцоўцы ў фінскай сталіцы паўнавартасны музычны твор. Сьпявачка Sopho з Грузіі была адзіным чалавекам, чыя разьняволенасьць на сцэне цалкам адпавядала кампазыцыі, якую яна прывезла з горных і вінных краёў. Нічога так ня цешыць, як сьпявак, які кайфуе падчас выкананьня.

Аднак Sopho па выніку заняла толькі 12‑е месца, атрымаўшы адзіны найвышэйшы бал ад Літвы. Наўрад ці ісляндзкая зорка Bjork, чый уплыў моцна адчуваўся ў сьпеве, манерах, электроннай кампазыцыі і нават гучаньні скрыпачак грузінскага нумару, спадабалася б эўрапейскай публіцы больш. Публіцы ўсё роўна, хто ты, калі ты не патрапляеш у тое схаванае, інтымнае, непрыстойнае месца, дзе ёй толькі што засьвярбела.

Швэдзкія глэм‑рокавыя зоркі — гурт The Ark — таксама не займелі посьпеху ў гледачоў шоў‑алімпіяды. Стваральнікі шматлікіх знакавых кампазыцыяў прывезьлі ў Хэльсінкі супэраблегчаную вэрсію сябе, затое выглядалі ненавязьліва, лёгка, какетліва, ні на крок ад эстэтыкі бліскучых 70‑х.

Асабліва паказальным застанецца выступ знакамітага на ўсю Зямлю ды‑джэя Bobo, які, прыехаўшы заваёўваць Эўропу (што для зоркі такога маштабу, здавалася б, раўназначна гульні ў фанты), вярнуўся ў родную Швайцарыю, так і не прайшоўшы ў фінал.

Блакітна‑ружовы вожык‑трансвэстыт

Эўрапейскіх мужчын і жанчын, калі хто ня ведаў, адрозьніваць робіцца ўсё цяжэй. Даўганогія бэстыі зь бліскучымі валасамі выцясьняюцца людзьмі бяз полу, кічовымі тэатраламі. Гледзячы на ўсё гэта буйства сьцягоў‑вясёлак і кляўнадных амаралаў, Дзяніс Кур’ян за камэнтатарскім мікрафонам ня стрымліваецца: «Паважаныя дамы, не падумайце, што сапраўдных мужчын больш не існуе!» — відавочна, намякаючы на сваю асобу. Аднак пра стыль беларускага камэнтаваньня міжнародных імпрэзаў трохі пазьней.

Калі дацкі мужчына, граючы каралеву драмы, так і не «парваў Эўропу», то ўкраінска‑расейскі сымбаль кічу Верка Сярдзючка зрабіла гэта ахвотна і на раз. Праўда, ад эстэтыкі саўковай рэстарацыі і пунсовых ружаў у зубах прыйшлося адмовіцца на карысьць больш зразумелага шырокаму гледачу фэномэну звар’яцелай жабы. Crazy Frog гэткі ж антымузычны, ён гэтак жа панішчыў густы ўсёй старой Эўропы, задаўшы найпрасьцейшы біт і паказаўшы найпашлейшую весялосьць.

Першае ж месца ў эўразабегу ўзяла асэксуальная сэрбка Марыя Шэрыфовіч, якая, зрэшты, нікога не сьмяшыла і сьмяшыць не зьбіралася. Ейная перамога даказвае існаваньне агульнаэўрапейскага комплексу культурнай дэградацыі. Прагаласаваўшы за дастаткова сьціплы нефэерычны нумар і сур’ёзную песьню на незнаёмай мове, відаць, можна падлячыць сваю карму, забруджаную папсой, порнасайтамі і спажывецтвам. Тымчасам за назвай «Molitva», як мне патлумачылі знаўцы сэрбскай мовы, хаваецца ўсё тая ж банальная гісторыя пра пусты халодны ложак і антыгероя, які сышоў на пошук новых эратычных прыгодаў.

І песьню родную люблю я

Дзіма Калдун — цудоўны загарэлы хлопчык, зь нябесна‑сінімі вачыма і эўрастандартнай песенькай. Ён мог прыехаць зь любой краіны. З усходняй і заходняй Эўропы. Адкуль ён прыехаў — не адкажа ніхто.

Чым больш несвабодная краіна, чым больш яна пабойваецца Эўропу, тым менш спадзяваньняў, што на міжнародную сцэну яна прывязе нешта аўтэнтычнае, што яна запяе на ўласнай мове.

Балканскія краіны адчуваюць сябе паўнапраўнымі эўрапейцамі, яны не напружваюцца дзеля англамоўных тэкстаў.

На роднай мове сьпявае опэрная сьпявачка са Славеніі. («Гэта славенскі дыялект сэрбскай мовы», — Дзяніс Кур’ян.)

На роднай мове сьпяваюць французы, апранутыя ў ружовае.

На роднай мове пад раяль, кантрабас, саксафон і трубу — ну сапраўдны Moulin Rouge — сьпявае Роджэр Цыцэра («А вось і нямецкі Фрэнк Сынатра!» — працягвае дзівіць сваёй эрудыцыяй Дзяніс Кур’ян).

З гледзішча гарачага, громагалоснага ды зіхоткага шоў, нашыя суседзі літоўцы сёлета паказалі поўны нефармат. З гледзішча інакшага, сама Літва на сьвяце напамажаных мужыкоў зь бюстам ды сэксапільных школьніц з прагным паглядам — поўны нефармат. Спакой ды інтэлігентнасьць, а яшчэ няўменьне схаваць хваляваньне — перафразуючы вядомую ідыёму, мэнталітэт пальцам не размажаш. Тое ж самае сёлета адбылося і з адзінымі, хто ацаніў Літву найвышэйшым балам. Ірляндыя (якая, між іншым, мае ажно сем перамог на фэстывалі) паўстала перад эўрапублікай кранальным калектывам зь лёгкім кантры, акурат для вясновага ірляндзкага барбекю. І заняла апошняе месца.

Можа быць, калі не хаваць Беларусь у зарэпэтаваных танцах і чужых безаблічных песьнях, мы і будзем выглядаць, як да сьмерці перапалоханая дзяўчынка, якая аб’яўляла ўсёй Эўропе нашыя балы. Зь іншага боку, наша мэнтальнасьць — сэнтымэнтальнасьць, мы менавіта такія: нясьмелыя, дзіўныя і закрытыя. Зрэшты, што я кажу: у нас жа тут СПАРТАКІЯДА!

Асобнае слова

Можа быць, народ у нас ня надта сьмелы, затое з камэнтатарам Дзянісам Кур’янам яму пашанцавала. Выпускнік журфаку БДУ дзёрзка, з радаснай фамільярнасьцю абсьцябаў кожнага другога ўдзельніка эўрапараду, ледзьве выжыў падчас выступу гурту The Ark, «дасьціпнічаў» у бок босай вугорскай сьпявачкі Магды Русы і францускага дуэту Les Fatals Picards, а сэрбскую пераможцу Марыю з запалам называў пастарэлым Гары Потэрам ды карэйскім хлопчыкам. Відавочна, Дзяніс, які пачынаў сваю імклівую кар’еру з падлеткавага ток‑шоў «5х5», так дагэтуль і ня выкараскаўся з фармату сюжэтаў пра шаснаццацігадовых скейтбардзістаў.

Так ці інакш, радуючыся ці злуючыся, сьмеючыся ці абураючыся, у гэтым годзе Эўравізію глядзела больш маладых людзей, чым летась. Гэта заўважна па нашмат больш ажыўленых, чым мінулай вясной, дыскусіях у віртуальнай ды рэальнай прасторы. Падобна, што падрыхтоўка да Эўравізіі на нейкі час рызыкуе стаць нацыянальнай справай. Добра было б яшчэ, каб нацыя перастала быць бязвольным гледачом і нарэшце навучылася паказваць сябе без дапамогі расейскіх мясных каралёў, поп‑цароў і фэшн‑прынцаў.

Тэда Лі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0