Дэбютны альбом адной з самых таленавітых альтэрнатыўных камандаў сталіцы. Тым, хто не наведвае клюбныя канцэрты, гэты гурт мог запомніцца жорсткай ды эмацыйнай рэччу «Менск — горад свабоды» зь «Песень свабоды‑2». SOK не намагаецца вылучыцца сярод дзясятку камандаў, што працуюць у гэтай плыні.

Хлопцы з дапамогай гард‑коравых стандартаў выказваюць сваё стаўленьне да жыцьця, ад якога пры жаданьні можна ўзяць усё. Але гэта не тупое апяваньне алькагалічных прыгодаў ці тое наркатычнага трансу: «Хочаш жыць — спыніся, не ўдыхай!» — заклікаюць хлопцы ў песьні «Какаін». Напоўніцу выхад сваім эмоцыям SOK дае ў ангельскамоўным блёку («Aim» i «SOK»).

Але, калі прыслухацца, пад брутальнай абалонкай можна разгледзець завуаліяваную рамантыку. «Вуліца надзяляе цябе свабодай, хочаш быць такім — заставайся з намі//Там, дзе мы стаім пад промнямі сьвятла, гарадзкое неба матляе сваім сьцягам», — пяецца ў загалоўнай песьні, а перадапошняя кампазыцыя «D&V», не зважаючы на жывёльныя рыкі ў рэфрэне, наагул зараджае станоўчай энэргетыкай.

Нельга не заўважыць, што група досыць прыстойна гучыць і проста створана дзеля выступаў на рознастайных open‑air. Для тых, хто не пайшоў у гардэроб у час выступу апошніх «рок‑каралёў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?