Беларусь не прайшла ў Раду ААН па правах чалавека. Членамі савета ад Усходняй Еўропы сталі Славенія (у першым туры галасавання) і Боснія і Герцагавіна (у другім). Галасаванне адбылося 17 мая на пасяджэнні Генеральнай асамблеі ААН у Нью‑Йорку.

У першым туры за Славенію прагаласавалі 168 са 190 дзяржаў, за Боснію і Герцагавіну — 95, за Беларусь — 78 (для абрання ў савет краіна‑кандыдат павінна набраць не менш за 97 галасоў).

У другім туры за Боснію і Герцагавіну прагаласавалі 112 дзяржаў, за Беларусь — 72.

***

Напярэдадні пасяджэння Генасамблеі ААН шэраг міжнародных праваабарончых структур выступілі супраць вылучэння кандыдатуры Беларусі на членства ў Савеце па правах чалавека.

У прыватнасці, Міжнародная Хельсінкская федэрацыя ў сваім звароце да Генасамблеі ААН зазначала, што сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі найгоршая ў Еўропе. "Нельга зрабіць свой унёсак у заахвочванне і абарону правоў чалавека на міжнародным узроўні перш, чым пачаць паважаць гэтыя правы ў сябе дома. Абранне Беларусі членам Савета ААН па правах чалавека сур'ёзна пахісне давер да гэтага органа", - гаварылася ў звароце МХФ.

Праваабарончыя арганізацыі "UN Watch" і "Freedom House" заявілі аб тым, што Ангола, Беларусь, Егіпет і Катар не заслугоўваюць месца ў Савеце ААН па правах чалавека.

Аб недапушчальнасці абрання Беларусі заявіў і Камітэт па прававых пытаннях і правах чалавека Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы. У заяве падкрэслівалася, што вылучэнне Беларусі ў якасці кандыдата з'яўляецца "скандальным", улічваючы неспрыяльныя справаздачы аб сітуацыі з правамі чалавека ў краіне і невыкананне ёю асноўных крытэрыяў ААН.

Тацяна Каравянкова, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0